Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 лютага Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца ў Расеі з рабочым візытам, сустрэўся ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.


Паведамляецца, што на сустрэчы абмяркоўваліся пэрспэктывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня, а таксама стратэгічнае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў у розных кірунках. Якімі маглі быць галоўныя мэты гэтага візыту? Чаму вось ужо другую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ніяк не агучваюцца (прынамсі, публічна) палітычныя пытаньні? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: “Калі чытаць афіцыйныя паведамленьні пра гэтую сустрэчу, то самым цікавым выглядае пытаньне аб пастаўках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і харчаваньня ў Расею. Для чаго Аляксандру Лукашэнку спатрэбіўся гэты афіцыйны візыт? Няўжо толькі для таго, каб абмеркаваць, як сказана ў афіцыйных паведамленьнях, узаемадзеяньні ў сфэры спорту і турызму?”

Коктыш:
“Саюзны праект прадугледжваў ня толькі танныя кошты на нафту і газ, але і гатовасьць Расеі купляць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Другая частка нават больш важкая, чым першая: калі Расея гатовая купляць беларускую прадукцыю у тых самых аб’ёмах, як і цяпер, то гэта азначае, што кошты на газ (як бы яны не падвышаліся) дазваляюць атрымліваць той прыбытак, які патрэбны для існаваньня рэжыму. Напэўна, гэтыя тэмы і абмяркоўваліся – ці будзе захавана сыстэма гэтых вельмі “сямейных” тэндэраў, ці ня будзе”.

Цыганкоў: “Пра што сьведчыць тое, што вось ужо другую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ніяк не агучваюцца (прынамсі, публічна) палітычныя пытаньні?”

Коктыш: “Палітычныя пытаньні цяпер не патрэбныя. Варыянты аднаўленьня рэальнага саюзу, аднаўленьня палітычнай канструкцыі наўрад ці патрэбныя Беларусі, наўрад ці патрэбныя Пуціну. Абмеркаваньню вартая такая канструкцыя, якая была закладзеная Ельцыным, – Расея пастаўляе па танных коштах нафту і газ, і па танных коштах купляе беларускую прадукцыю. Цяпер кошт на газ павысіўся, і пытаньне ў тым, каб захаваць тую структуру продажу беларускай прадукцыі, што рэалізоўваецца ў Расеі. Гэта ня надта вялікая лічба для Расея, але для Беларусі, каб працавалі тыя прадпрыемствы, якія ёсьць, гэта крытычна важная велічыня.

Таму здаецца, што з Мядзьведзевым абмяркоўвалася, як, у якім памеры можа захавацца гэтая сыстэма. Гэты своеасаблівы эканамічны “міжсабойчык”, і пытаньне ў тым, каб гэты “міжсабойчык” захаваўся. Бо ад гэтага залежыць усё існаваньне беларускай эканамічнай мадэлі”.

Цыганкоў: “Лукашэнка меў кароткую сустрэчу зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, і выглядае, што, так бы мовіць, да яго прыглядаўся. За гэты кароткі час, ці меў шанцы Лукашэнка для сябе зрабіць нейкія высновы?”

Коктыш: “Пра гэта мы можам толькі здагадвацца. Паводле той інфармацыі, што ёсьць пра Мядзьведзева, ён куды больш жорсткі манэтарыст, чым Пуцін, куды больш жорсткі прагматык. І Мядзьведзеў будзе значна больш функцыяй, чым асобай на пасадзе прэзыдэнта”.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG