Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалі адзначаць 90-я ўгодкі БНР


У Горадні створаны аргкамітэт, які плянуе шэраг мерапрыемстваў з нагоды 90-х угодкаў БНР. Першым стаў канцэрт, на якім выступілі менскі гурт “Рэха” і гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч.


П.Мажэйка (справа) дае тлумачэньні прадстаўнікам пажарнай службы
Прадстаўнікі ўладаў хацелі яго забараніць. Канцэрт адбыўся толькі пасьля таго, як арганізатар Павал Мажэйка пісьмова пацьвердзіў, што бярэ на сябе ўсю адказнасьць, у тым ліку за пажарную бясьпеку.

2008 год абвешчаны Годам беларускай дзяржаўнасьці з нагоды 90-х угодкаў утварэньня БНР. А ў Горадні з гэтай прычыны створаны арганізацыйны камітэт, які мае ўшанаваць гэтую падзею. Адзін з удзельнікаў аргкамітэту – кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў”:

“На сёньняшні дзень у наш аргкамітэт, апроч нашай партыі, увайшлі гарадзенскі рух “За свабоду” і “Малады Фронт”. Сваёй задачай аргкамітэт ставіць арганізацыю шэрагу мерапрыемстваў, прысьвечаных гэтай знакамітай даце. Першай нашай імпрэзай стаў канцэрт, прысьвечаны 170-м угодкам зь дня народзінаў Кастуся Каліноўскага — выбітнага беларускага дзеяча і нацыянальнага героя”.

Карэспандэнт: “Ці чакалі арганізатары, што ўлады паспрабуюць па сутнасьці перашкодзіць канцэрту? Гэта пытаньне да арганізатара — Паўла Мажэйкі”.

Мажэйка: “Паводзіны гарадзкіх уладаў паказваюць, што заўсёды трэба быць падрыхтаванымі да нейкіх нечаканых крокаў зь іхняга боку. Нам спрабавалі патлумачыць, што мы праводзім канцэрт нібыта незаконна, неадпаведна патрабаваньням пажарнай бясьпекі. Хаця неаднаразова ў гэтым памяшканьні раней праводзіліся канцэрты, на якіх прысутнічалі прадстаўнікі ўлады. Карацей, было відавочна, што іхняй мэтай было забараніць канцэрт. Я сказаў, што зьяўляюся арганізатарам гэтага канцэрту і ўзяў усю адказнасьць за тое, што адбываецца, на сябе, і на такіх умовах нам дазволілі пачаць канцэрт”.

Карэспандэнт: “Ці плянуюцца ў рамках гэтай кампаніі яшчэ іншыя канцэрты?”

Мажэйка: “Кампанія “Год дзяржнаўнасьці-2008” у нас у Горадні уключае шэраг канцэртаў беларускіх гуртоў і выканаўцаў, а таксама замежных, у сьпісе прынамсі дванаццаць назваў. Будуць таксама іншыя культурніцкія мерапрыемствы, адкрытыя лекцыі пад агульнай назвай “Парад незалежнасьці”.

Карэспандэнт: “Канцэрт усё ж распачаўся, зь дзьвярэй залі выйшаў супрацоўнік ідэалягічнай службы. Публіка цярпліва чакала пачатку, у залі я бачу чалавек 120-150, прынамсі самі арганізатары называюць менавіта такую лічбу”.
XS
SM
MD
LG