Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2 лютага жыхары шэрагу дамоў цэнтральнай часткі Менску правялі акцыю пратэсту супраць высяленьня.


Фотагалерэя

А 13-й гадзіне ў вокнах дома па вуліцы Карла Маркса, 17 зьявіліся плякаты “Не – адсяленьню!”, “Не – казіно!”. А ў двары сабралася больш за сотню жыхароў шэрагу дамоў, якіх улады плянуюць адсяляць. Яны разьмясьцілі на агароджы расьцяжку “За пешаходную вуліцу без рабаўніцкага высяленьня”.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандар Красуцкі апавёў, што інстытут “Менскпраект” распрацаваў праект рэканструкцыі вуліцы Карла Маркса пад пешаходную зону.

“Праект закранае тэрыторыю ад вуліцы Валадарскага да вуліцы Леніна. Першы этап рэканструкцыі пешаходнай зоны – ад вуліцы Валадарскага да вуліцы Камсамольскай. Гэты праект прадугледжвае адсяленьне такіх жылых дамоў як Валадарскага, 17, Валадарскага, 19, Карла Маркса, 9, Карла Маркса, 21а...Чатыры жылыя дамы на адсяленьне. Ніякіх парушэньняў закону пры рэалізацыі дадзенага праекту ня будзе”.

Жыхары былі абураныя тлумачэньнямі прадстаўніка адміністрацыі і прапанавалі яму не баяцца і стаць на бардзюр, каб яго было ўсім бачна і чутна. Спадар Красуцкі сказаў:

“Я не баюся нікога. Вы баіцеся больш мяне, чым я вас”.

Абураныя жыхары засыпалі прадстаўніка адміністрацыі пытаньнямі:

“Гэта парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян!”

“Ці ўзгоднены праект з жыхарамі?”

“Вы ня можаце зразумець, што народ супраць адсяленьня!”

“Вы што, хочаце адправіць людзей у суды, на пікеты?! Вы нагнятаеце абстаноўку!”

“У Генэральную пракуратуру, няхай ацэняць вашы дзеяньні!”

“Хто інвэстар? Хто заказчык?”

Удзельнікі акцыі пратэсту трымалі плякаты “Хто нажываецца на бюджэтных грашах?”, “Чорны перадзел у сацыяльнай дзяржаве?”. Яны так камэнтавалі сытуацыю:

“Самае нахабнае, самае агіднае стаўленьне да насельніцтва. Цяпер у нас адбіраюць кватэры. Ужо няма ні сіл, ні слоў”.

“Чым яны адрозьніваюцца ад чорных рыэлтэраў, якія забіраюць кватэры і даюць людзям сталым, асабліва адзінокім, сабачыя будкі?!”

“Нашу краіну не прызнаюць, над намі сьмяюцца. Што б, цікава, сказалі нашы кіраўнікі і наш прэзыдэнт, калі б прыйшлі ў дом іх бацькоў і сказалі: ”Вымятайцеся адсюль!”? Я ня думаю, што прэзыдэнт сабраў бы свае пажыткі і паехаў”.

“Ні за што ня выселюся, датуль пакуль не памру ў гэтай кватэры! Усё гэта далося крывёю – і рамонты, і жыльлё”. Каму, навошта, які сэнс людзей высяляць?! Будзем змагацца да канца.”

“Канцэпцыя разыходзіцца з канстытуцыяй і законам. Галоўнае, з пазыцыі ўладаў, пачаць, а далей пойдзе Раманаўская слабада, Гарадзкі вал, увесь цэнтар пойдзе за горад”.

“Права прыватнай уласнасьці парушаецца абсалютна”.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыйшоў на акцыю з плякатам: “Толькі ў роднай кватэры напішу бэстсэлер”. Ён сказаў:

“Жыхары нашага кварталу, а як высьветлілася, у плян рэканструкцыі трапіў наступны квартал, ад Камсамольскай да Леніна, жыхары гэтых дамоў бясконца абураныя тым, што праект рэканструкцыі вуліцы рабіўся абсалютна таемна. Праект закранае інтарэсы не жыхароў лічаных дамоў, а ўсёй вуліцы Карла Маркса. І калі нехта думае адсядзецца спакойна ў сваіх кватэрах, то заўтра таксама патэлефануюць і ім, і прапануюць пераяжджаць у Лошыцу. Мяне абурае бясконцы цынізм чыноўнікаў, якія прысылаюць адпіскі на ўсе звароты”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG