Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў актывіст незарэгістраванай арганізаыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук. Нагадаем: 17 студзеня яго затрымалі каля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску пасьля таго, як скончыліся суды над ягонымі сябрамі. Зьміцер адбыў 15 сутак арышту.


Зьміцер Хведарук адседзеў 15 сутак арышту. Ён ня першы раз за кратамі. Зьміцер апавёў “Свабодзе”:

“Са мной сядзеў Алесь Макаеў, Віталь Стажараў з АГП, Карэн Акопаў. Спачатку ставіліся ахоўнікі да нас даволі агрэсіўна. Мы штораніцы сьпявалі гімн “Магутны Божа” і мне за гэта нават зрабілі папярэджаньне. Але потым пачалі ставіцца больш лагодна. Нават жадалі дабранач. З намі ў камэры тры дні сядзеў наркаман хворы на гепаціт. На трэці дзень ён пачаў сам з сабой размаўляць, пачаў кідацца ў вакно... Яго забрала “хуткая” у “Навінкі””.

Зьмітра Хведарука затрымалі пасьля таго, як у судзе арыштавалі ягоных сяброў Уладзімера Сяргеева, Касю Галіцкую, Людмілу Атакулаву і Касю Краснову. У той дзень судзілі яшчэ й моладзевых актывістаў партыі БНФ Франака Вячорку, Антона Каліноўскага і Юрася Станкевіча, а таксама сяброў руху “Джынс за свабоду” Максіма Вінярскага і Паўла Кур’яновіча.

Зьмітра Хведарука міліцыянты схапілі на вуліцы ў прысутнасьці адкваката Аляксандра Галіева. Зьмітра закінулі ў машыну і білі дзьвярыма па нагах. У міліцыі на яго склалі пратакол паводле дробнага хуліганства, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы.

У турме на вуліцы Акрэсьціна ў студзені было больш за паўсотні апазыцыянэраў. Сярод іх лідэры прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, Алесь Макаеў, лідэр АГП Анатоль Лябедзька , актывісты моладзевага дэмакратычнага руху.

Аднаго зь іх, Андрэя Кіма, абвінавацілі ў пагрозе міліцыянту і пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

У панядзелак 4 лютага на волю выйдуць прадпрымальнікі і моладзевыя актывісты , якіх арыштавалі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу, якая адбылася 21 студзеня.

Сярод арыштаваных прадпрымальнік з Гомеля Ўладзімер Няпомняшчы, прадпрымальнікі з Менску Віктар Кукрыш, Артур Піцько, Сяргей Шаўцоў, актывіст моладзевага руху “Джынс за свабоду” Павал Кур’яновіч ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG