Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія перад выбарамі


У нядзелю ў Сэрбіі пройдзе другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. За вышэйшую пасаду змагаюцца лідэр ультранацыяналістычнай партыі Томіслаў Нікаліч і дзейны прэзыдэнт Борыс Тадзіч.


У адрозьненьне ад празаходняга Тадзіча, Нікаліча ўспрымаюць як прамаскоўскага палітыка. Аднак днямі Нікаліч заявіў, што Сэрбія ніколі ня будзе расейскай правінцыяй, але яна не пераўтворыцца і ў эўрапейскую калёнію.

У апошнія дні Томіслаў Нікаліч зьмяніў імідж – ён зьмяніў гарнітур, выступае са спакойнай, лагоднай інтанацыяй, і нават згодны пагадзіцца, што Эўрапейскі Зьвяз – гэта зусім ня дрэнна. Зьнікла і антызаходняя рыторыка.

Днямі Нікаліч абвінаваціў прэзыдэнта Тадзіча ў тым, што той не супрацьстаіць падзелу Сэрбіі і рэпрэзэнтаваў сябе ў якасьці кандыдата прымірэньня:

“Я хачу усталяваць мір у Сэрбіі. Нас падзялілі на варожыя групы – на грамадзян першага гатунку, якія хочуць вырашаць за іншых, і на людзей другога гатунку, на бедных. Але якраз яны і хочуць галасаваць за лепшую будучыню Сэрбіі”.

У першым туры выбараў 20 студзеня Нікаліч набраў 40 адсоткаў галасоў і апярэдзіў прэзыдэнта Тадзіча, за якога прагаласавалі 35 адсоткаў выбаршчыкаў.

Партыя Нікаліча традыцыйна карыстаецца падтрымкай траціны насельніцтва, што дазваляе стварыць уплывовую парлямэнцкую фракцыю, але недастаткова для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Цяперашняя стратэгія Нікаліча палягае ў тым, каб перацягнуць на свой бок тых, хто расчараваўся ў Тадзічы, але баіцца радыкалізму Нікаліча.

Абсалютная большасьць выбаршчыкаў заклапочаная лёсам Косава, лідэры якога заявілі пра непазьбежнасьць аддзяленьня ад Сэрбіі. Нікаліч заявіў, што не выступае супраць эўрапейскай інтэграцыі, але толькі ў выпадку непрызнаньня Брусэлем права Косава на незалежнасьць. Нікаліч таксама не пагаджаецца з патрабаваньнем Эўразьвязу арыштаваць ваенных злачынцаў, такіх як Ратка Младзіч і Радаван Караджыч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG