Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя на польска- беларускай мяжы нармалізуецца


Ад сёньня ў звычайным рэжыме пачынаюць працаваць памежныя пераходы на мяжы Польшчы і Беларусі.


Як паведаміла амбасада Беларусі ў Польшчы, польскія мытнікі спынілі свой стыхійны страйк. Паведамляецца таксама, што праз асноўныя грузавыя пераходы “Кукурыкі — Казловічы”, “Баброўнікі — Бераставіца” і “Кузьніца — Брузгі” ў апошнія суткі прайшла амаль тысяча цяжкагрузных аўтамабіляў.

Дамовіўшыся з вадзіцелем міжнароднай кампаніі TRANSGROUP Віктарам Дзюбам, мы сёньня атрымлівалі апэратыўную інфармацыю з эўрапейскай трасы. Спадар Віктар вёў свой грузавік зь Нямеччыны праз Польшчу ў Маскву:

“На польскім баку цяпер нармальна. Усё нармалізавалася якраз у папярэднюю ноч. Чаргі ўжо не было. Самая вялікая чарга, у якой мы стаялі, расьцягнулася толькі на адзін кілямэтар.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што польскія мытнікі апэратыўна выправілі сытуацыю?”

“Так, быццам бы ўсё нармальна, усё добра. Але ў той жа момант нас мытнікі папярэдзілі: “Хлопцы, хуценька афармляйце дакумэнты — і наперад! А то мы можам у любы момант усё пачаць па-новаму”.

Карэспандэнт: “А якая цяпер сытуацыя на беларускім баку?”

“І на беларускім баку цяпер узмоцненыя групы мытнага дагляду. Калі б так яны заўжды працавалі! А то звычайна пяць мытнікаў на дзяжурстве, а двое зь іх рэжуцца ў карты. А цяпер, вядома, загад атрымалі, працуюць так, што пытаньняў няма. Тую чаргу, што была на 50 кілямэтраў, хуценька разагналі. Так што і беларусы, і палякі працуюць цяпер на выдатна!”

У Дзяржаўным мытным камітэце і ў Міністэрстве транспарту Беларусі сёньня запэўнілі, што на пунктах пропуску ў кірунку Польшчы захаваецца праца ў так званым узмоцненым варыянце. Задзейнічаны і рэзэрвовыя шляхі ў Эўропу, пра якія, дарэчы, ад вадзіцеляў чуваць добрыя водгукі. Гаворыць вадзіцель-міжнароднік Васіль Зуй:

“Калі зьбіраліся з Масквы ў Эўропу, то плянавалі, што паедзем празь Берасьце. Але пасьля даведаліся, што там страйк. Таму накіраваліся ў Баброўнікі. Там было аўтамабіляў 10—15. Гэта не чарга! Калі ж вярталіся назад, то дачуліся, што можна ехаць празь Берасьце. Тут пачалі ўжо працаваць”.

Яшчэ і сёньня дзяржаўныя ведамствы Беларусі заяўляюць, што Польшча атрымае ад транспартных прадпрыемстваў Беларусі буйныя грашовыя пазовы за прастоі на мяжы ў пэрыяд блякады мытнікамі працы на памежных пераходах у Польшчы. Страйк польскіх мытнікаў доўжыўся ад 26 студзеня.

XS
SM
MD
LG