Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 2 лютага 2008 году


У нашай пошце апошніх тыдняў нямала лістоў на тэму будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Прэзыдэнт Лукашэнка нядаўна заявіў, што прыняў канчатковае рашэньне ў гэтай справе. Многія нашы слухачы лічаць, што ўзводзіць АЭС, не параіўшыся з грамадзтвам, улада ня мае маральнага права.

Ліст на гэтую тэму ад Тацяны Барэль з Асіповічаў. Слухачка піша:

“Як мэдык я часта сутыкаюся з наступствамі Чарнобыля, а таму катэгарычна супраць будаўніцтва новай АЭС у Беларусі. Адметна, што пісаў пра гэта амаль дваццаць год таму Алесь Адамовіч у кнізе “Імя гэтай зоркі Чарнобыль”. (Цытата:) “Нават калі, як нас пераконваюць навукоўцы, немагчыма без АЭС, тады трэба ісьці на кампраміс — паводле Сахарава: АЭС — пад зямлю, у 100-мэтровыя гранітныя калодзежы. Гэта і эканамічна, і бясьпечна, у тым ліку ад нападу тэрарыстаў. Сахараў казаў, што кансэрвацыя адпрацаванай наземнай станцыі патрабуе будаўніцтва саркафага ці дэмантажу з дапамогай робатаў. А гэта каштуе амаль столькі ж, колькі пабудаваць новую станцыю. А падземную можна проста замкнуць на ключ і пакінуць навечна.

Ужо дваццаць гадоў таму Алесь Адамовіч прадбачыў падзеі ў нашай краіне. Пісьменьнік-прарок паказаў і выйсьце: аб’яднаць нас супраць так званага “мірнага атама” можа толькі маналітнае супрацьстаяньне сыстэме. Толькі пазбавіўшыся ад яе, мы выжывем”,

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Тацяна Барэль з Асіповічаў.

Рашэньне пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі трывожыць і нашага слухача Уладзімера Рачка зь Менску.

“Маўчаць не дазваляе сумленьне. У сьвеце пабудавана шмат атамных станцый, але выбухнула там, дзе палітычны рэжым ігнараваў тэхніку бясьпекі. Улічваць гэта ён ня здольны.

Расея прадае ядзернае паліва без аглядкі на тое, што запасы яго вельмі хутка могуць скончыцца. Цывілізаваныя краіны арыентуюцца на пошук новых відаў энэргіі, на альтэрнатыўныя крыніцы, а ў Беларусі такія прапановы, як звычайна адказваюць вынаходнікам чыноўнікі, “знаходзяцца за рамкамі сучаснай навукі”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Уладзімер Рачок зь Менску, які падпісаўся як “вынаходнік СССР”.

І яшчэ адзін ліст на гэтую ж тэму — зь вёскі Бакшты Івейскага раёну. Яго аўтарка Валянціна Сакаловіч піша:

“Пры нашым бязладзьдзі і адсутнасьці адказнасьці, пры адвечным галавацяпстве — гэта будзе будаўніцтва новага Чарнобылю. Мы ад духоўнага Чарнобылю ня можам пазбавіцца, а тут — новая бяда. Лукашэнка доўга запрагаў, але надта хутка едзе... І хто яго можа спыніць? Безадказнасьць улады можа прывесьці да новай катастрофы. У беднай, галоднай, авантурнай дзяржаве нельга рэалізоўваць такія праекты. Бо пабудуюць гэту АЭС таксама так-сяк, як і ўсё ў нас робіцца. Грамадзтва павінна пратэставаць, як толькі можа. Гэта — той выпадак, калі сто разоў трэба адмераць, перш чым адрэзаць”,

— гэтак лічыць Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Маеце рацыю, спадарыня Сакаловіч: спыніць гэтае будаўніцтва здольныя толькі грамадзкія пратэсты. Улада не адразу адважылася прыняць канчатковае рашэньне пра будаўніцтва АЭС. Спачатку, гадоў пяць-сем таму, гучалі толькі намёкі, згадкі пра магчымасьць такога будаўніцтва ў аддаленай пэрспэктыве, калі грамадзтва з гэтым пагодзіцца. Улада намацвала глебу і відавочна пабойвалася рэзка адмоўнага стаўленьня людзей да гэтай ідэі.

Але масавых маніфэстацыяў пратэсту не было, агульнанароднага руху, які б патрабаваў правесьці рэфэрэндум у гэтым пытаньні — таксама. У выніку канчатковае рашэньне прынята без грамадзкага абмеркаваньня.

Некаторыя спрабуюць пратэставаць. Напрыклад, у тых рэгіёнах, дзе мяркуецца распачаць будаўніцтва, людзі зьбіраюць подпісы супраць АЭС. Але наўрад ці гэтыя сьціплыя лякальныя пратэсты здольныя спыніць ужо запушчаную машыну.

Наш слухач Ігар Пастноў зь Віцебску свой новы ліст на “Свабоду” напісаў, даведаўшыся пра тое, што журналіст газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў пакараны трыма гадамі турмы за перадрук карыкатур на прарока Мухамэда. Спадар Пастноў піша:

“Гэта яўны перабор. Я шчыра спачуваю рэдактару “Згоды”, які трапіў у жорны гэтай машыны. Спадзяюся, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка пакажа сябе высакародным палітыкам і памілуе чалавека, які пацярпеў за нейкія малюнкі.

Асабіста я караў бы журналістаў за іншыя карцінкі. Вось 12 студзеня газэта Адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” друкуе на першай старонцы фотаздымак маладзенькай дзяўчынкі-падлетка зь пяцьцю куфлямі піва ў руках. І подпіс: “Патрабуйце адстою пены!” Што гэта, калі ня заклік спойваць моладзь?

Я з гэтай нагоды зьвярнуўся ў пракуратуру і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, як да заснавальніка газэты, з патрабаваньнем спыніць гэтую ганьбу. Па сутнасьці, гэта — уцягваньне непаўналетніх у п’янства.

На маю думку, такая рэкляма алькаголю ў газэце, якую паўсюль падаюць як “самую салідную і праўдзівую”, насамрэч нашмат больш небясьпечная, чым нейкія карыкатуры ў газэтцы, якую ніхто ня ведае”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” дзіцячы доктар Ігар Пастноў зь Віцебску.

Сапраўды, спадар Пастноў, некантраляваная рэкляма і продаж піва ў рэшце рэшт маюць сваім лягічным працягам масавае спойваньне моладзі. Маштабы алькагалізму ў сёньняшняй Беларусі ўжо перавысілі ўзровень, які быў да перабудовы — гэта становіцца сапраўдным нацыянальным бедствам. І дзяржава павінна ў гэта ўмешвацца, а не хваліцца дасягненьнямі ў нарошчваньні вытворчасьці і продажу піва.

Што да згаданай вамі публікацыі ў газэце “Советская Белоруссия”, дык тут патрэбна адно ўдакладненьне. Фотаздымак гэты — не рэкляма, а ілюстрацыя да аналітычнага артыкула, у якім ідзе размова пра нізкую якасьць беларускага піва і пра імклівы рост імпарту гэтага прадукту. Але фотаілюстрацыя выбрана, тут з вамі варта пагадзіцца, ня самая ўдалая.

Аўтар наступнага ліста — Мікалай Сівоха зь вёскі Слабада Крупскага раёну — незадаволены тэматыкай перадач “Свабоды”. У сваім лісьце ён піша:

“Чаму вы ў сваіх перадачах не расказваеце пра жыцьцё простых людзей — калгасьнікаў і рабочых? У прыватнасьці, распавядзіце, як можна пражыць месяц на 185 тысяч рублёў. Паведаміце, колькі атрымліваюць чыноўнікі, міністры, дэпутаты. Увогуле, зьвестак пра заробкі начальнікаў чамусьці нідзе няма. Вось няхай бы яны паспрабавалі пражыць на 185 тысяч. Гэтая сума — проста кпіны, зьдзек з чалавека.

Цяпер вось пазбавілі льготаў усіх без разбору — пэнсіянэраў, “ліквідатараў”, навучэнцаў... У Расеі льготы пашыраюць, а ў нас ліквідуюць. І хочуць, каб чалавек за 185 тысяч і харчаваўся, і апранаўся, і лекі купляў.

Чаму вашыя карэспандэнты не выяжджаюць на вёску, каб паглядзець, як мы жывём — як працуем, як харчуемся?”


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Сівоха зь вёскі Слабада Крупскага раёну.

Сур’ёзная заўвага, спадар Сівоха. Параю вам слухаць перадачу “Падарожжы Свабоды”, якая ствараецца нашымі журналістамі на падставе вандровак па вёсках і мястэчках. Яе складаюць пераважна расповеды людзей пра сваё жыцьцё, працу, побыт — якраз тое, што вас цікавіць. На падставе гісторыяў, якія распавядаюць слухачы, ствараюцца і іншыя перадачы, якія часта гучаць у нашым эфіры — у прыватнасьці, “Званкі на Свабоду” і праграма, якую вяду я — “Паштовая скрынка 111”.

Адносна вашай заўвагі пра сыстэму сацыяльных ільготаў у Расеі... Вы ня маеце рацыі, спадар Сівоха, там яна таксама скарачаецца, але паводле іншых прынцыпаў. Льготнікам у Расеі пакінулі права выбару: можна альбо захаваць ільготы, альбо істотна падвысіць пэнсіі ды іншыя грашовыя выплаты. Іншымі словамі, забіраючы льготы, там кампэнсуюць іх грашыма.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску піша, што, паводле ягоных назіраньняў, улада апошнім часам пайшла на саступкі “зьбяднеламу і пазбаўленаму льготаў насельніцтву”. Пад саступкамі слухач мае на ўвазе наступнае (цытую ліст):

Два-тры гады таму з вуліц і падземных пераходаў зьніклі жабракі. Залётныя расейскія чыноўнікі былі ў захапленьні, прыводзячы гэта як доказ вялікіх посьпехаў беларускай улады. Маўляў, у расквітнелай Беларусі ўсё дарослае насельніцтва — гэта сярэдні кляс, а жабракоў увогуле няма. Хоць у сапраўднасьці ўсё вельмі проста: жабракоў з вуліц выгнала міліцыя.

Але апошнім часам у гэтай справе адбыліся зьмены. 23 студзеня ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа я ўбачыў дзьвюх маладых жанчын, якія сядзелі з працягнутай рукой на цэмэнтнай падлозе. Побач, крокаў за дваццаць, стаяў мужчына на мыліцах, перад ім на зямлі ляжала шапка для грошай. Насупраць ля сьцяны граў нейкую мэлёдыю на кантрабасе малады мужчына. Мінакі падавалі толькі музыку. Прайшоўшы далей, на выхадзе зь пераходу я ўбачыў яшчэ адну жабрачку — бабулю на каленях. Міліцыя нікога не чапала: яе там увогуле не было відаць.

Падумалася: можа, улада ўзялася за розум і забараніла ганяць жабракоў? Нават для чыноўнікаў павінна быць відавочна, што абяцанай адраснай дапамогі на ўсіх ня хопіць. Дый ня кожны здолее сабраць усе даведкі, каб даказаць свой жабрацкі стан і атрымаць тую вартую жалю дапамогу”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл зь Менску.

Днямі я быў сьведкам таго, як міліцэйскі сяржант ушчуваў 70-гадовую бабульку, якая жабруе ў пераходзе на станцыі мэтро “Кастрычніцкая”. Яна згодна ківала галавой, абяцала: “Болей ня буду!”, нават выйшла зь пераходу і накіравалася на прыпынак аўтобуса. А як толькі міліцыянт сышоў — зноў заняла сваё звыклае месца і працягнула руку…

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG