Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галопам па менскіx Эўропаx


Памятаеце такі стары савецкі анэкдот – настаўніца распавядае дзецям, як хораша жыць у Савецкім Саюзе, якія там прыгожыя дамы, школы, цацкі для дзяцей, а Вовачка пачынае плакаць і казаць, “хачу жыць у Савецкім Саюююююзе!”


У мяне, здаецца, хутка будзе наадварот: - наступны раз запросяць на якую канфэрэнцыю – буду плакаць і пішчаць, “не хачу ў Эўроооопу!!!” Я нават не пра антыэўразьвязаўскую прапаганду беларускага тэлебачаньня. Цікава, што нават аплёўваючы ўсё эўрапейскае і выстаўляючы напаказ усе жахі тамтэйшага жыцьця (там, канешне, ня тое каб зусім бяз жахаў, але ў нашых тэлевізіёншчыкаў прафэсія такая – шукаць нігаціфф), нашыя ўлады імкнуцца апраўдаць свае самыя абсурдныя рашэньні тым, што “так робяць у Эўропе”. Я нават памятаю, некалькі гадоў таму на сайце менгарвыканкаму зьявілася абвестка пра “эўрапейскі манумэнт у Менску”. Манумэнт той быў савецкім партызанам, проста аўтары хацелі сказаць, што будавалі яго з пантовых матэрыялаў...

Эўропаў у Менску цяпер разьвялося шмат – здаецца, кампэнсуем сваю цывілізацыйную адсутнасьць гандлёвымі цэнтрамі, гатэлямі і супэрмаркетамі. Вось у той самы куточак Эўропы на Пляцы Волі, які нам тры гады таму абяцалі стварыць, зайшоў на днях зь сябрам на ланч (не-не, я не буржуй, проста ўсе кропкі навокал былі ў той момант забітыя). У інтэр’еры яўна заяўка на art nouveau, у якім першапачатковы гатэль і будаваўся, але да гэтага nouveau неяк хацелася дабавіць russe, бо ўвесь інтэр’ер выглядаў у стылі кватэры бацькоў гераіні Алы Пугачовай з ТВ-мюзіклу “За Двумя Зайцами”. Карацей, калі вас ня верне ад ружова-нябесных інтэр’ераў (божа, ці бачыў я іх калі ў сапраўднай Эўропе!), то сардэчна запрашаем. Хаця, зь іншага боку, бізнэс-ланч быў цудоўным (я б сказаў, мой самы смачны бізнэс-ланч гадоў за дзесяць), і самым эўрапейскім у гэтым гатэлі падаліся менавіта родныя дранікі – астатняе можна сьмела пераймяноўваць у “Эўразію”, а калі ўзгадаць кошты на пакоі ў той Эўропе, то і ў “Пэрсыдзкую затоку”.

А ў гандлёвым цэнтры “Эўропа,” што на Сурганава, сядзяць тыя самыя “вшивые блохи”, якіх, з пункту гледжаньня ўладаў, у Эўропе без двукосься быць не можа. Не хачу чарговы раз зьвяртацца да тэмы прадпрымальнікаў (пра яе толькі лянівы не казаў), але вось што цікава – праверыць такія выказваньні чыноўніка сярэднестатыстычнаму беларусу ўсё цяжэй, дзякуючы Шэнгену. А калі б не было яго... Тады было б як у тым анэкдоце пра сына новага рускага, які шле тату СМСку: “Тата, завязі ў Антарктыду белых мядзьведзяў, валю іспыт па геаграфіі!” А яшчэ сярэднестатыстычнаму беларусу можна было б лёгка спраўдзіць, што ў Эўропе шмат чаго насамрэч няма – напрыклад, вэртыкалі...

Аднак, “эўрапейскі дыскурс” нашых чыноўнікаў дасягнуў апагею пры перабудове вуліцы Карла Маркса-Падгорнай. Нагадаем, там пад маркай стварэньня “пешаходнай” вуліцы высяляюць цэлыя дамы, таму што, нібыта, у Эўропе на пешаходных вуліцах не жывуць... Ой, мамачкі, гэта калі б нашых эўрапейцаў запусьціць на Залатую Вулачку ў Празе, ці на Пілес у Вільні, Арытмэтыка такой эўрапеізацыі простая – на кожнай кватэры, якая будзе прымусова вызваленая пад офіс, будзе кімсьці “наварана” прыкладна 100-200 тысячаў даляраў (гэта розьніца ў кошце з аналягічнай плошчы жытлом дзе-небудзь у Лошыцы, куды жыхароў вуліцы Карла Маркса будуць высяляць). Здаецца, у Эўропе прымусовыя перасяленьні з кварталу ў квартал закончыліся так гадоў шэсьцьдзесят пяць таму...


Раней нам наўпрост казалі, што за цывілізаваным сьветам не павядуць. Цяпер, здаецца, дарогай мы нібыта ідзем той самай, але ўказальнікі на раздарожжы вырашылі памяняць. Дык хай мяне спадар Дракахруст больш не пытае, чаму ў Беларусі паводле апытаньняў НІСЭПДтолькі 35% за Эўропу. Мне гэтай “Эўропы” і ў Менску хапіла...

P.S. Дапісваю гэты пост і іду на прэзэнтацыю справаздачы Эўрапейскага Банку Рэканструкцыі і Разьвіцьця. У гатэль з назвай... здагадаліся? Са справаздачы, якую знайшоў на інтэрнэце, можна даведацца, што беларусы – самая аптымістычная нацыя ў рэгіёне... Карацей, пазіціфф у ружова-нябесных колерах!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG