Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пражывае больш за 460 тысяч грызуноў


Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ за 2 лютага.


“Народная воля”. “Нельга судзіць чалавека толькі за тое, што яго прозьвішча Лябедзька”. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька дзеліцца ўражаньнямі аб судзе і 15-ці сутках, праведзеных ў спэцпрымальніку на Акрэсьціна за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Лябедзька – сядзелец са стажам. Ён адзначае адну пазытыўную зьмену – на Акрэсьціна прывялі ў парадак душ. Астатняе – як і было: брудныя сьцены, цёмныя столі з падцёкамі, спэцыфічны пах. Што да харчаваньня, так толькі каша ды хлеб: парсюкі ў бацькоў спадара Лябедзькі харчуюцца багацей і разнастайней – ім даюць гародніну і малако. Але ёсьць тут і пазытыў: лідэр АГП скінуў 4 кілі лішняй вагі.

“Брестская газета” публікуе падрабязны рэпартаж пра страйк польскіх мытнікаў. Журналісты тыднёвіка ставяць пытаньне: “Хто заплаціць за прастой?” Паводле ацэнкі экспэртаў, прастой адной фуры наносіць страту ў памеры 250 – 300 даляраў за суткі. Такім чынам, у выніку вымушанага прастою на польскай мяжы беларускія перавозчыкі страцілі больш за мільён даляраў. Міністэрства юстыцыі паведаміла, што Польшча парушыла тры міжнародныя пагадненьні зь Беларусьсю і мае намер выставіць польскаму боку пазоў.

І ў працяг тэмы – матэрыял у маладэчанскай “Рэгіянальнай газеце” “Ажыятажу не было”. Мытныя пункты Каменны Лог, Катлоўка і Белаконі прапусьцілі нязначную колькасьць машын, якія ня сталі стаяць на польскай мяжы, а накіраваліся празь літоўскую мяжу. Расказвае Сяргей Зянько:

“За суткі праз тры пункты праяжджала па 12 – 13 машын, паведаміў намесьнік начальніка арганізацыі мытнага кантролю Канстанцін Шанаеў. Чаму кіроўцы стаялі ў чэргах, хаця хутчэй было ехаць праз Ашмяны. Можна меркаваць толькі, што ў іх не было візаў, каб ехаць празь Літву або спэцыяльнага дазволу транспартнай інспэкцыі”.

У Менску пражывае больш за 460 тысяч грызуноў, паведамляе інтэрнэт-газэта “Салідарнасць” са спасылкай на гарадзкі цэнтар гігіены. Прычым больш за 60% пацукоў і мышэй пасяліліся ў жылых дамох, 14% – на прамысловых прадпрыемствах. Ёсьць жыўнасьць у школах, дзіцячых садкох і нават лякарнях.

“Комсомольская правда в Белоруссии”. “Падатковая інспэкцыя возьмецца за рэпэтытараў”. Дзяржаўная казна зьбярэ зь іх 40 мільёнаў даляраў. Міністар фінансаў Мікалай Корбут запатрабаваў актыўней шукаць грошы для бюджэту. Па словах міністра, у 2007 годзе менавіта такая сума – 40 мільёнаў даляраў, якую атрымалі рэпэтытары-нелегалы, прайшла “міма касы”.
XS
SM
MD
LG