Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывешваньне нацыянальнага сьцяга суд палічыў пікетам


Сябар КХП БНФ Аляксандар Салаўян мусіць правесьці за кратамі 12 сутак, а беспартыйны актывіст Барыс Хамайда – 13 сутак.


У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся разгляд справаў мясцовых актывістаў Барыса Хамайды і Аляксандра Салаўяна. За вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга судзьдзя Ірына Смалякова пакарала апазыцыянэраў арыштамі.

Паводле пастановы Кастрычніцкага райсуду сябар КХП БНФ Аляксандар Салаўян мусіць правесьці за кратамі 12 сутак, а беспартыйны актывіст Барыс Хамайда — 13 сутак. Судзьдзя Ірына Смалякова прызнала іх вінаватымі ў незаконным пікетаваньні — менавіта гэткім чынам яна кваліфікавала вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на электрычных дратах пад напругай 110 тысяч вольт.

За гэты ўчынак абодвух апазыцыянэраў затрымалі 29 студзеня недалёка ад месца падзеяў — у раёне дома № 41 па вуліцы імя газэты “Праўда”. З таго часу спадары Салаўян і Хамайда знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, адкуль іх і прывозілі на судовыя пасяджэньні.

Сёньня на судовы разбор судзьдзя мусіла запрасіць перакладчыцу — настаўніцу беларускай мовы сярэдняй школы № 3 Ірыну Бяляеву, бо падсудныя адмовіліся даваць паказаньні па-расейску і заявілі, што не разумеюць расейскамоўных пытаньняў суду.

Аляксандар Салаўян увогуле адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі, цалкам прызнаўшы тое, што ён браў удзел у вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга. Дарэчы, у міліцэйскіх пратаколах сьцяг чамусьці быў апісаны як чырвона-белы. І Барыс Хамайда, які таксама прызнаў сваю датычнасьць да зьяўленьня сьцяга, мусіў патлумачыць суду і сэнс нацыянальнай сымболікі, і свае папярэднія намеры.

Хамайда: “Калі я вывешваў там сьцяг, то, безумоўна, маёй мэтай было прыцягнуць увагу як мага большай колькасьці людзей. Што хочаце рабіце за гэта, хоць на эшафот мяне вядзіце! Разгорнуты сьцяг бел-чырвона-белы — гэта наш нацыянальны сьцяг. Ёсьць нацыя, і ёсьць наш бел-чырвона-белы сьцяг, усё!”

Кіруючыся артыкулам 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, судзьдзя Ірына Смалякова прысудзіла Аляксандру Салаўяну і Барысу Хамайду арышты на 12 і 13 сутак адпаведна. Тэрмін зьняволеньня спадара Хамайды на суткі даўжэйшы, бо яго прызналі арганізатарам акцыі. Да таго ж цягам году яго і раней ужо каралі за ўдзел у грамадзкіх акцыях. Паводле судовай пастановы, тэрмін арышту будзе адлічвацца з моманту затрыманьня.

Зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня апазыцыянэры выйдуць, адпаведна, 10 і 11 лютага.

Цяперашні арышт — самы працяглы з усіх, якія даводзілася адбываць спадарам Хамайду і Салаўяну.
XS
SM
MD
LG