Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Першы зборнік яўрэйскага совецкага фальклору ў СССР”


Пра што пісалі беларускія газэты 31 студзеня ў розныя гады мінулага.


“ЛіМ” на гэтым тыдні 1938 году піша пра выданьне зборнікаў народных песень аб Чырвонай арміі: “Другі зборнік — на яўрэйскай мове — “Яўрэйскія народныя песні аб Чырвонай арміі” — змяшчае каля 15 песень і 25 прыпевак. Гэта першы зборнік яўрэйскага совецкага фальклору ў СССР. Абодва зборнікі з’яўляюцца яркім выражэннем высокіх пачуццяў совецкага патрыятызма і бязмежнай любві працоўных Совецкай Беларусі да сваёй совецкай радзімы і Чырвонай арміі. У кожнай песні, у кожнай прыпеўцы — пастаянная гатоўнасць у любы момант выступіць на абарону Совецкага Саюза ад нападу ворага”.

З нагоды заснаваньня Антыбальшавіцкае лігі аслабаненьня народаў “Бацькаўшчына” ў 1948 годзе адзначае: “Бальшавізм — гэта толькі сучасная форма даўно ўжо выяўленага й дзейнага ў сьвеце пражорнага расейскага імпэрыялізму. Гэты надзвычай ясны й просты факт быў усьведамлены ў нас ужо даўно й выражаны ў ведамых словах народнага паэта Якуба Коласа, {сказаных яшчэ тады, калі ён цьвёрда стаяў на нацыянальных пазыцыях, не зламаны бальшавіцкім гвалтам і ня выкручаны на падхаліма — плюгавага сталінскага парабка-ардэнаносца}: “Кавалі другія, а ланцуг той самы, песенькі ўсё тыя неаджытай гамы”.

“Народная воля”, год 1998. Газэта друкуе ліст журналіста Ўладзімера Зуева: “Я прыношу намесьніку старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі Генадзю Дзьмітрыевічу Карпенку свае прабачэньні. За тое, што ўзяў удзел у ягоным цкаваньні, даверыўшыся далёка ня тым людзям, якія наагул вартыя даверу. Што ж да фактаў, выкладзеных у артыкуле “Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі”, дык за іх праўдзівасьць павінны адказваць тыя, хто мне іх даў, і гэта ўжо — справа суду. {А ў тых, хто з вышэйшых трыбун крычыць пра тое, што Беларусь — прававая дзяржава, будзе магчымасьць даказаць гэта на практыцы}”.


XS
SM
MD
LG