Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудныя актывісты патрабуюць перакладчыка


У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску распачаўся адміністрацыйны працэс супраць затрыманых учора сябра КХП БНФ Аляксандра Салаўяна і беспартыйнага актывіста Барыса Хамайды.


Іх судзяць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга.

На судовы працэс Барыса Хамайду і Аляксандра Салаўяна прывезьлі з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе яны знаходзіліся з учорашняга вечара да 14-й гадзіны дня.

Спадар Салаўян запатрабаваў, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове. На кампрамісны варыянт — каб судзьдзя Ірына Смалякова задавала пытаньні па-расейску, а ён адказваў па-беларуску, — апазыцыянэр не пагадзіўся. Барыс Хамайда падтрымаў пазыцыю сябра, выказаўшы хадайніцтва пра наяўнасьць перакладчыка ў судовым працэсе.

Судзьдзя заявіла, што ў тым выпадку, калі перакладчыка ня ўдасца знайсьці адразу, судовы працэс будзе адкладзены на заўтра, а падсудных ізноў завязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня. Паводле яе тлумачэньня, калі за правапарушэньне актывістаў пакараюць штрафам, то ім давядзецца правесьці ў ізалятары лішнія суткі.

Аляксандар Салаўян пацьвердзіў, што яны гатовыя на гэта і па-ранейшаму патрабуюць, каб зь імі размаўлялі на беларускай мове.

Салаўян: “Як я магу таргавацца? Калі мы вывешваем бел-чырвона-белы сьцяг, дык які сэнс пагаджацца размаўляць у судзе на расейскай мове? Тады гэта атрымліваецца мешаніна нейкая. А як гэта можна — каб бяз прынцыпаў?”

Судзьдзя Ірына Смалякова безвынікова шукала перакладчыка паўтары гадзіны, а потым паведаміла, што разглядаць справы апазыцыянэраў будзе толькі заўтра.

Праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуў увагу на тое, што затрыманых Барыса Хамайду і Аляксандра Салаўяна ўжо амаль суткі не кармілі, бо ў ізалятары часовага ўтрыманьня кормяць толькі арыштаваных, а тых, хто яшчэ чакае суду, пакідаюць бязь ежы. Сябрам давялося набыць прадукты для арыштаваных.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, затрыманыя Хамайда і Салаўян арганізавалі несанкцыянаваны пікет, вывесіўшы бел-чырвона-белы сьцяг на лініі электраперадач у раёне вуліц імя газэты “Праўда” і Смаленскай. Супрацоўнікі міліцыі лічаць, што гэтыя дзеяньні падпадаюць пад артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, Згодна зь ім, вінаватым можа быць прысуджаны грашовы штраф або арышт.
XS
SM
MD
LG