Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адмовіў хрысьціянскім дэмакратам


Вярхоўны суд Беларусі прызнаў законнай адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі сацыяльна-грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Заснавальнікі аб’яднаньня назвалі гэтае рашэньне палітычна матываваным.


Сёньня Вярхоўны суд вынес рашэньне па скарзе аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” на адмову ў рэгістрацыі. Судзьдзя Галіна Жукоўская сказала:

“Суд вырашыў адмовіць прадстаўнікам сацыяльна-грамадзкага аб’яднаньня “БХД” у задавальненьні скаргі на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі сацыяльна-грамадзкага аб’яднаньня “БХД”.

Сярод прычынаў названа адсутнасьць у статуце тлумачэньня выразаў “прыхільнікі хрысьціянскага сьветапогляду”, “хрысьціянскія каштоўнасьці” і “хрысьціянскія падыходы”. Таксама, маўляў, поўная назва на расейкай мове не адпавядае поўнай назьве на беларускай. Яшчэ судзьдзя Жукоўская адзначыла:

“Суд ня можа пагадзіцца з довадамі заяўнікаў аб тым, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь не забараняе грамадзкаму аб’яднаньню правядзеньне грамадзкай экспэртызы заканадаўчых і іншых нарматыўных актаў. Правядзеньне грамадзкай экспэртызы законам не прадугледжана”.

Паводле заяўнікаў, сваёй адмовай у рэгістрацыі Мін’юст парушыў канстытуцыю і міжнародныя забавязаньні. Як мяркуе сустаршыня “БХД” Аляксей Шэін, рашэньне суду можна было прадбачыць:

“Яно матываванае палітычна, бо ход учорашняга паседжаньня паказаў, што праўда на баку арганізатараў “БХД”.

Паводле спадара Шэіна, Мін’юст спасылаецца на дробныя зачэпкі да дакумэнтаў, пададзеных на рэгістрацыю.

“Была памылка друку ў нашым статуце, сапраўды. Гэта прапушчанае слова. Урэшце, Мін’юст, на добры толк, павінен быў даць дакумэнты на дапрацоўку. І гэта можна было выправіць цягам паўгадзіны, проста гэтае слова ўпісаць. Таму асноўнае, чаму Мін’юстам не было зарэгістравана “БХД” і на падставе чаго Вярхоўны суд прыняў рашэньне — гэта ўсё ж палітычныя прычыны.

Мы прадстаўлялі статуты розных зарэгістраваных арганізацыяў, такіх, як “Рух за сацыяльны прагрэс і справядлівасьць”, арганізацыяў, якія займаюцца заканадаўчай экспэртызай. Тыя самыя статутныя нормы, да якіх былі прэтэнзіі з боку Мін’юста, і фармулёўкі ў статуце. З такімі ж самымі фармулёўкамі арганізацыі зарэгістраваныя. Ну, адносна “БХД” дзейнічаюць, відаць, нейкія іншыя матывы”.

Паводле Аляксея Шэіна, актывісты працягнуць спробы рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня “БХД”, а таксама пачнуць падрыхтоўку да паўнавартаснага зьезду партыі “БХД”
XS
SM
MD
LG