Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: "Ад цяперашняй улады чакаю чаго заўгодна"


У праграме "Начная Свабода" пісьменьнік Уладзімер Арлоў сярод іншага расказваў пра пагрозу высяленьня з дому на вуліцы Карла Маркса ў Менску, пра тое, што выразалі ў ягонай кнізе з малюнкаў Аляксея Марачкіна, а таксама пра тое, чаму ў дзяцінстве ён марыў стаць дзяўчынкай і патолягаанатамам.


(Караткевіч: ) "Жыхары некалькіх дамоў у самым цэнтры Менску -- пад пагрозай адсяленьня ў новабудоўлі на ўскрайку. Вуліца Карла Маркса мае стаць пешаходнай, а ў некалькіх дамох на вуліцах Маркса і Валадарскага плянуюць разьмясьціць трохзоркавы гатэль, казыно ды гандлёвы цэнтар. Уладзімер, ці пагражае вам высяленьне?"

(Арлоў: ) "Якраз у гэтыя хвіліны пачаўся маленькі мітынг жыхароў дамоў нумар 17, 19, 21а і некаторых іншых, якія патрапляюць пад адсяленьне. Гэта адбываецца практычна пад маімі вокнамі. Пасьля нашай гутаркі я далучуся да іх.
Тут усё рабілася таемна ад жыхароў. Высьвятляецца, што высяленьне пагражае жыхарам усіх дамоў паміж вуліцамі Камсамольскай і Валадарскага. Фактычна пад пагрозай знаходзіцца ўся вуліца Карла Маркса. Тут ужо гуляе жарт – ці не пачаць адсяленьне з дома нумар 38 па вуліцы Карла Маркса. Мы ўсе ведаем што там знаходзіцца, так?"

(Караткевіч: ) "Так, адміністрацыя прэзыдэнта... Уладзімер, ці гатовыя вы бараніць уласнае жытло і якім чынам?"

(Арлоў: ) "Безумоўна гатовы, і такі ж настрой маюць жыхары ўсёй вуліцы Карла Маркса. Дарэчы, для мяне гэта вуліца Падгорная, [як яна называлася раней].
Дырэктар упраўленьня капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёну спадар Леанід Казакоўскі сказаў, што нідзе ў сьвеце няма пешаходных вуліцаў з жыхарамі, з кватэрамі. Альбо Леанід Казакоўскі нідзе ня быў далей за Беларусь, у што слаба верыцца, альбо ён проста дурыць людзям галовы. Той, хто крыху паезьдзіў па сьвеце, ведае, што на пешаходных вуліцах Барсэлёны жывуць людзі, у Стакгольме, Міляне, Вене. Калі трэба бліжэйшыя прыклады, калі ласка -- гэта маскоўскі Арбат, альбо Кракаўскае прадмесьце ў Варшаве, альбо вуліца Дзіджой у Вільні".

"Трэба зьмяніць вусы!"

(Караткевіч: ) "Праз хвілін 20 мы будзем размаўляць з мастаком Аляксеем Марчкіным, якога выразалі з фотаздымку ў кнізе пра творчасьць Мікалая Селяшчука. Які ваш прагноз, як пісьменьніка -- на якія яшчэ антыкультурныя дзеяньні здольная ўлада і да якіх гэта можа прывесьці наступстваў?"

(Арлоў: ) "З вашага дазволу, я згадаю яшчэ адну гісторыю з Марачкіным і цэнзурай. Калі пяць гадоў таму выходзіла мая кніжка "Ордэн Белай Мышы", яна была аздобленая малюнкамі Аляксея Марачкіна. І вось мы з Марачкіным бачым, што на адным малюнку чалавек з маленькімі вусікамі выглядае амаль як Дон Кіхот -- вусы яму выцягнулі і падкруцілі. Высьветлілася, што калі ўжо кніга была падпісаная ў друк, нейкі чыноўнік з Камітэту па друку прыбег у выдавецтва "Мастацкая літаратура" і закрычаў: "Марачкін намаляваў Лукашэнку! Трэба зьмяніць вусы! Нам і так за кнігу Арлова адкруцяць, прабачце, яйцы, а тут яшчэ Марачкін мужыка зь яйцамі намаляваў на іншым малюнку. Адрэзаць!" Так што Марачкін не ўпершыню сутыкаецца з тым, што нешта выразаюць. Я ад цяперашняй улады чакаю, чаго заўгодна, бо іх уяўленьні пра культуру напэўна процілеглыя нашым. Калі Аляксандар Лукашэнка нядаўна публічна заявіў, што ўвогуле не чытае кніг, дык цяжка даваць нейкія камэнтары."

Шпіёнскія мары

(Караткевіч: ) "Уладзімер, гавораць, што ў дзяцінстве вы марылі стаць дзяўчынкай, вадалазам, патолягаанатамам, журналістам, шпіёнам..."

(Арлоў: ) "Савецкім шпіёнам..."

(Караткевіч: ) "А ў якой краіне вы хацелі шпіёніць?"

(Арлоў: ) "Тады мне хацелася аб'езьдзіць увесь сьвет, таму мне хацелася шпіёніць ва ўсіх краінах".

(Караткевіч: ) "А дзяўчынкай чаму?"

(Арлоў: ) "Гаворачы сучаснай мовай, я быў нават трансвэстытам, бо я завязваў хустачку, хадзіў і гаварыў, што я Людачка. Мне было тры гады і мне вельмі падабалася дачка нашых суседзяў. Але трансвэстытам я быў вельмі нядоўга і ніякіх рэцыдываў не захавалася".

(Караткевіч: ) "А чаму патолягаанатамам? Што вы хацелі ўбачыць унутры чалавека апрача душы?"

(Арлоў: ) "Патолягаанатамам я марыў стаць, калі мне было годзікаў пяць. У нас быў сусед патолягаанатам, ад якога заўсёды прыемна пахла адэкалёнамі, ён заўсёды са мной гуляў ў розныя гульні. Я яго вельмі любіў, толькі ня мог дараваць аднаго -- чаму ён адмаўляецца хоць разок ўзяць мяне да сябе на працу, паколькі ад яго заўсёды пахла парфумамі, я думаў, што патолягаанатамы працуюць там, дзе гэтыя парфумы робяць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG