Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск з афіцыйным візытам прыбывае міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён возьме ўдзел у супольным паседжаньні міністэрскіх калегіяў дзьвюх краінаў.


Напярэдадні на паседжаньні ў прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Расеі паведаміў, што ў Менску “будзе ўхваленая новая двухгадовая праграма супольнай замежнапалітычнай дзейнасьці Расеі і Беларусі”.

Дырэктар аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў гаворыць, што, на ягоную думку, казаць аб сумеснай замежнай палітыцы дзьвюх краінаў было б занадта:
Беларусь і Расея – занадта розныя краіны

“Замежнай палітыкі, якая б ахоплівала ўсё, дзе інтарэсы дзьвюх краінаў супадалі б ува ўсіх пытаньнях, насамрэч няма. Ёсьць паасобныя пытаньні, паасобныя вузлы, якія дзьве краіны сумесна абмяркоўваюць. Тут на міжнароднай арэне яны выступаюць з адзінай пазыцыяй.

Калі казаць аб жаданьні дзьвюх краінаў узгадняць замежную палітыку, дык, з аднаго боку, яно зразумелае. Але, з другога боку, Беларусь і Расея – занадта розныя краіны: эканамічным патэнцыялам, палітычнымі рэжымамі, мэтамі ў замежнай палітыцы. Таму ці трэба прыкладаць намаганьні для таго, каб нашы мэты ўва ўсіх пытаньнях супадалі? Я думаю, не”.

Аналітыкі падкрэсьліваюць: найбольш яскрава супольная дзейнасьць афіцыйных Масквы і Менску праяўляецца ў міжнародных арганізацыях – АБСЭ, ААН ды іншых. Тут Расея заўжды абараняе Беларусь. Апошні такі прыклад зафіксаваны на мінулым тыдні ў Страсбуры, калі палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прэзэнтаваў даклад аб становішчы ў Беларусі.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які беспасярэдне прысутнічаў на слуханьнях у Страсбуры, адзначае: расейцы гарой стаялі за Лукашэнку:

“Канстанцін Касачоў на паседжаньні палітычнага камітэту адназначна падтрымліваў пазыцыю лукашэнкаўскіх дэпутатаў. І падтрымліваў як мага хутчэйшае аднаўленьне ўсіх магчымых статусаў для Нацыянальнага сходу.
Стратэгічна Масква будзе падтрымліваць лукашэнкаўскую
Беларусь


Я так разумею: нягледзячы на ўсе нюансы ўзаемадачыненьняў паміж пуцінскай яшчэ Расеяй і лукашэнкаўскай уладай, усё роўна геапалітычна, стратэгічна Масква будзе падтрымліваць лукашэнкаўскую Беларусь як свайго геапалітычнага саюзьніка”.

Беларускі палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі зрухаў у дзейнасьці Масквы на беларускім напрамку не адбудзецца:

“Пакуль у Расеі не адбудуцца выбары, пакуль дакладна ня стане відаць, як будзе выбудоўвацца расейская палітыка ў дачыненьні да былых савецкіх рэспублік, я думаю, у расейска-беларускіх дачыненьнях будзе зацішша. І лідэры краінаў будуць кіравацца тымі дамоўленасьцямі, якія ўжо дасягнутыя.

Візыт Лаўрова трэба расцэньваць як штатны візыт для ўзгадненьня агульнай замежнай палітыкі. Таму што, што б там ні казалі, нягледзячы на ўсе нафта-газавыя войны, каардынацыя расейскай і беларускай замежнай палітыкі існуе. І ў міжнародных арганізацыях, і ў некаторых іншых справах”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG