Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – акцыя ў Курапатах


З ініцыятывы мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ва ўрочышчы Курапаты адбудзецца акцыя ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.


Сёньня а 16-й гадзіне ва ўрочышчы Курапаты зьбяруцца прадстаўнікі грамадзкасьці, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Акцыя пройдзе ў фармаце леташніх, прысьвечаных Году памяці.

Нагадаем, цягам 2007 году з ініцыятывы грамадзкага камітэту для ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, 29-га дня кожнага месяца прадстаўнікі грамадзкасьці зьбіраліся ў месцах масавых расстрэлаў рэпрэсаваных. Мэмарыяльная сэкцыя Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі вырашыла працягнуць гэтую традыцыю. Намесьнік старшыні мэмарыяльнай сэкцыі Ўладзімер Раманоўскі патлумачыў:
1938 год па ахвярах яшчэ больш цяжкі...

“Калі ўзяць 1937 – 1938 гады, то 1938 год па ахвярах яшчэ больш цяжкі. Менавіта пэрыяд па лістапад 1938 году, паводле зьвестак гісторыкаў. Наша акцыя – гэта працяг традыцыі адзначаць 29-га дня як дату, якая сымбалізуе 29 кастрычніка, як Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Прыйдзем, запалім сьвечкі, пастаім хвіліну маўчаньня, прасьпяваем жалобныя песьні”.

Мэмарыяльная сэкцыя створаная пры канцы мінулага году. Яе старшыня Вячаслаў Сіўчык сказаў:

“Праблема рэпрэсіяў таталітарных рэжымаў вельмі актуальная для сёньняшняй Беларусі. Мы тут павінны казаць і пра камуністычныя, і пра нацысцкія рэпрэсіі, і рэпрэсіі, якія праводзілі на нашай зямлі іншыя рэжымы. І, натуральна, для таго, каб была добрая будучыня ў дэмакратычнай Беларусі, трэба, каб такія акцыі адбываліся на нашай зямлі.

Гэтыя акцыі плянуецца праводзіць традыцыйна. Больш за тое, ужо прыняты плян дзейнасьці сэкцыі “Мэмарыял” на 2008 год, там каля 80 акцыяў, пераважна зьвязаных зь беларускім супрацівам XX стагодзьдзя”.

Паводле Вячаслава Сіўчыка, плянуецца адкрыць помнік заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, наведаць 22 сакавіка мэмарыял “Хатынь” і правесьці акцыю ў памяць Кастуся Каліноўскага. Вячаслаў Сіўчык сказаў, што найперш арганізатары разьлічваюць на падтрымку грамадзянаў:

“У той сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, разьлічваць на падтрымку ўлады было б проста дурасьцю. Але ж мы ведаем, што, нягледзячы на цяперашні рэжым, і сёньня ў Беларусі хапае сумленных людзей, і найперш на іх падтрымку мы разьлічваем. Гэта абсалютна легальная дзейнасьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG