Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высоцкі давёў да турмы арганізатара менскіх канцэртаў


Аматары творчасьці актора і барда Ўладзімера Высоцкага абвясьцілі 2008-ы годам улюбёнага артыста. Сярод прыхільнікаў Высоцкага нямала беларусаў, якія ня толькі слухалі яго хрыплы голас з “бабіньнікаў”, але й трапілі на рэдкія канцэрты. А некаторым спроба зарабіць на эпатажным сьпеваку каштавала турэмнага зьняволеньня.


Уладзімер Высоцкі апошнія 15 гадоў свайго жыцьця рэгулярна бываў у Беларусі, здымаўся ў кінастужках беларускіх рэжысэраў. У 1979-м разам з трупай Тэатру на Таганцы быў у Менску на гастролях. Той момант шмат хто імкнуўся выкарыстаць, каб арганізаваць канцэрт Высоцкага. Урэшце пашчасьціла інжынэру аднаго з навукова-дасьледчых інстытутаў Льву Лісцу, які ўзначальваў першасную арганізацыю кнігалюбаў і паабяцаў сьпеваку расплаціцца рэдкімі кнігамі, да якіх пры грамадзкай пасадзе меў доступ.

У Менску Высоцкі “даваў “болевыя” канцэрты

Тагачасны намесьнік старшыні клюбу аўтарскай песьні “Купалінка” Юры Забароўскі таксама меў наўпроставае дачыненьне да канцэртаў зорак савецкай сцэны. У ягоныя функцыі ўваходзіла забесьпячэньне аўдыёзапісу канцэртаў і фармаваньне гарадзкой фанатэкі. Калі ў чэрвені 1979-га было абвешчана ажно пра 13 выступаў Высоцкага ў актавай залі БелНДІ “Гіпрасельгасбуд”, дзе цяпер клюб “Рэактар”, Забароўскі заняў месца ля пульта. Праўда, з анансаваных канцэртаў адбыліся толькі два – 9 і 10 чэрвеня. На наступны дзень Высоцкага выправілі на лячэньне ў Маскву:

“Высоцкі ўзмоцнена зарабляў грошы: па тры “сэансы”, як ён казаў, штодня. Працаваў на знос. Дарэчы, у яго была клінічная сьмерць ва Ўзбэкістане, здаецца, ва Ўчкудуку. Але тут ён таксама быў у дзікім стане. Пасьля стала зразумела, што прычына ў наркотыках, хоць я адразу нешта такое падазраваў. Нават у 1990-х я нідзе пра гэта не казаў, але цяпер шмат часу мінула. Дык вось, увечары ён у Доме кіно выступіў, потым яшчэ дзесьці з Туравым. І ўначы яму стала дрэнна. Калі прыехалі а 10-й яго падымаць, ён голы па гатэлі ходзіць: што вам ад мяне трэба? Урэшце схапілі, адвезьлі ў залю, і ён адзін канцэрт 10 чэрвеня, “болевы”, як мы казалі, даў. Жахлівы быў канцэрт, вядома. І калі мы разьвітваліся, я падумаў: больш яго ня ўбачу. І страшна зьдзівіўся, калі мне зноў увосень тэлефануюць і кажуць: “Ізноў едзе!”.

На восень, як кажа Юры Забароўскі, было заплянавана 17 “сэансаў”. Адбыліся тры. Але ў эфэктыўнасьці такой схемы працы мала хто сумняваўся: тагачасныя акторы маглі зарабіць менавіта на “левых” канцэртах, бо легальныя ганарары былі мізэрныя. Праз такія маршруты праехалі Залатухін, Разэнбаўм, Камбурава. Высоцкі хоць і лічыўся “недасягальным”, але ад грошай не адмаўляўся:

“Тры сэансы адбыліся. На наступны дзень мы апаратуру выставілі, некалькі канцэртаў запісалі, але астатнія не адбыліся – арыштавалі Лісца... Лісец усё ж вялікую справу рабіў: дамовіўся, зрабіў канцэрты. Вядома, Высоцкаму ганарары патрэбныя былі ня 49 рублёў (тады за канцэрт можна было плаціць да 50 рублёў, таму плацілі 49.50). Актор, як правіла, прыцягваў яшчэ некага. На чэрвеньскіх канцэртах Высоцкі браў Ваню Бортніка, а ўвосень дапамагаў адміністратар тэатру Валера Янкуловіч. Яны проста выходзілі, два словы казалі пра Таганку (бо гэта не канцэрт, а сустрэча), а пасьля Высоцкі сьпяваў. І на дваіх ужо было 100 рублёў. Высоцкі ж прасіў 300! Тады гэта была неймаверная сума: даводзілася неяк круціцца, прадаваць “левыя” квіткі”.

Лісец на Высоцкім заляцеў “тэхнічна”?

За што асудзілі Льва Лісца – арганізатара канцэртаў Высоцкага ў Менску? Як лічыць мой суразмоўца, усё ж не за канцэрты. Ён стаў паказальнай ахвярай барацьбы супраць няўлічаных канцэртаў. Апроч фільгармоніі, арганізацыяй творчых сустрэчаў займаліся ДТСААФ, таварыства “Веды” і кнігалюбы. Артыст, у якога заканчваліся легальныя гастролі, перад ад’ездам мог сустрэцца з камсамольцамі, вэтэранамі і г.д. Але калі канцэрты адбываліся паралельна, з гэтым змагаліся. Летні “залёт” Лісца, які выйшаў бокам увосень, тэхнічна прыпаў на Высоцкага, які ня меў права сумяшчаць тэатральных гастроляў з сольнымі выступамі:

“Яму далі 8 гадоў, арыштаваўшы падчас канцэрту. Канцэрты былі 29 і 30 верасьня, 31-га ўжо не адбыўся. У гэты дзень была нейкая нямецкая дэлегацыя. У радыёрубку прыходзіць дырэктар: у нас дэлегацыя, таму, Уладзімер Сямёнавіч, можа, не ў 17.30, а крыху пазьней, раптам спатрэбіцца заля. Ён адказвае: “Ну, добра”. Але калі прыехаў, нашу апаратуру ўжо арыштавалі, замкнулі і не даюць выстаўляць на сцэну. Вось мы стаім у такім дурным стане, зьяўляюцца дзяўчаты, якія дапамагалі Лісцу: канцэрт адкладваецца. Высоцкі: “Я разумею, дырэктар папярэджваў, што пазьней”. Яны зноў – не, ўвогуле не адбудзецца. Лісца выклікалі ў гаркам, доўга яго там трымалі... Натуральна, партыйныя органы да гэтага руку прыклалі, усё зь іх падачы. Але думаю, што яны баяліся не самога факту такіх сустрэчаў, бо ў той час у сэнсе скандальнасьці былі і іншыя, а яго канцэрты якраз былі вытрыманыя, нармальныя. Проста народ вакол з глузду ехаў. Таму баяліся ажыятажу”.

30-капейкавы квіток “адлятаў” за 25 рублёў

Як кажа Юры Забароўскі, у сваёй сутнасьці фармаваньне ганарару артыстам насамрэч мела цьмяныя формулы. Але тое рэаліі, у якія былі пастаўленыя арганізатары:

“Два квіткі на самы забойны спэктакль “Майстар і Маргарыта” мянялі на адзін квіток на канцэрт Высоцкага. Намінальна самі квіткі каштавалі 30 капеек, у чым, уласна, уся сутнасьць справы. Білеты былі надрукаваныя па 20-30 капеек – кнігалюбы, прафсаюзы ДТСААФ не маглі ставіць большага кошту. Але прадавалі іх у арганізацыях як мінімум па рублі-два, а з рук – па 5-10, а то й па 25. Ажыятаж быў шалёны. І калі Высоцкі прыехаў, а Лісца ўжо арыштавалі, то павесілі аб’яву: канцэрт не адбудзецца ў сувязі з хваробай Высоцкага.

Гэта цяпер там нейкія крамы, а раней было фае, усё шкляное, прасьвечваецца. І гледачы бачаць: з бакавога пад’езду зайшоў Высоцкі, мы стаім – я, яшчэ пару чалавек. Мы ніякага дачыненьня да арганізатараў ня мелі, проста ўкліньваліся, каб запісаць. Тыя былі задаволеныя, што якасна запішуць, і не якіясьці левыя, бо ўсе ведалі, што гэта гарадзкая фанатэка, імя пэўнае ў нас было. І раптам нейкія міліцэйскія чыны пачынаюць разганяць: разыходзьцеся. Тут Высоцкі проста на вуліцу, на ганак выходзіць і кажа: “Я буду сьпяваць...” Баяліся ў тым ліку не прагназаваных наступстваў. І вось у гэтым ажыятажы кожны лавіў у мутнай вадзічцы рыбку, як умеў”.

З прысуджаных 8 гадоў Леў Лісец адседзеў палову. Пасьля таго, як кажа Юры Забароўскі, сустракаліся некалькі разоў – апошні раз каля 10 гадоў таму. Калі існавалі напаўпадпольныя кніжныя кірмашы, Лісец стаяў ля развалаў, то бок працягваў кніжную справу. Як лічыць мой суразмоўца, хутчэй за ўсё Лісец усё ж нацешыўся рэаліямі і зьехаў зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG