Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каб нармальна жыць, трэба ў межах трох мільёнаў рублёў…"


Ці маеце вы магчымасьць адкладаць грошы? А калі адкладаеце, то як зьбіраецеся іх выкарыстаць? На гэтыя пытаньні адказвалі жыхары Горадні.


Спадар: “Я грошы не адкладаю, яны ў мяне ў абароце, я — прадпрымальнік”.

Спадар: “Зусім не ўдаецца адкладаць, ледзьве канцы сточваем. Чаму? Таму што адкладаць грошы можна тады, калі чалавек зарабляе дастаткова для харчаваньня, для дабрабыту сям’і. Але так не атрымліваецца. У мяне двухпакаёвая кватэра, аплата за яе, за стаянку для машыны, за тэлефоны — гэта будзе тысяч пяцьсот. Харчаваньне — у нас адно дзіця, тры з паловай гады — яшчэ мільён, вось і палічыце...”

Малады спадар: “Я будаўнік і зарабляю болей за звычайны заробак у 380 даляраў, таму нешта адкласьці мне ўдаецца”.

Карэспандэнт: “А што вы можаце дазволіць сабе купіць на свае ашчаджэньні?”

Малады спадар: “Я думаю, што пра глябальныя пакупкі сёньня ня можа ісьці гаворка, калі толькі гэтыя грошы не заробленыя крымінальным шляхам”.

Спадар: “Нягледзячы на тое, што я працую адвакатам і ў мяне заробак адносна вялікі, як на гарадзенскую мерку, тым ня менш адкладаць грошы на пэрспэктыўныя пакупкі не атрымліваецца”.

Карэспандэнт: “Колькі, на ваш погляд, патрэбна грошай, каб нармальна жыць і каб яшчэ заставалася адкласьці?”

Спадар: “Я думаю, што гэта ў межах трох мільёнаў рублёў. Такія людзі ёсьць, хто столькі зарабляе, гэта супрацоўнікі міліцыі, дзяржаўныя службоўцы, гэта людзі, якія падтрымліваюць рэжым, якія яму служаць”.

Спадар: “Гэта залежыць ад таго, хто на якой працы працуе. Калі на дзяржаўнай, то пра ашчаджэньні можна забыцца. Я працую ў прыватніка, але каб адкласьці, дык і ў прыватніка трэба папрацаваць будзь здароў.

Спадар: “Машыну новую ня купіш, але адкладаюцца крыху грошы, выкройваем паціхеньку”.

Маладая спадарыня: “Адкладаць? З Божай дапамогай штосьці ўдаецца на чорны дзень. Для дзяцей, на будучыню, бо ўсё можа здарыцца. На чорны дзень трэба заўсёды мець грошы”.

Пэнсіянэр: “Гэта, па-мойму, мая асабістая справа. Якая справа вам да маёй асабістай справы?”

Спадарыня: “Правакацыйнае пытаньне. Рэч у тым, што я толькі месяц таму ўладкавалася на працу, я нават ня ведаю, якім будзе мой заробак у школе —дзьвесьце ці трыста тысяч. Таму ні пра якія ашчаджэньні гаворкі няма. Затым дачка мая — студэнтка, якой не далі ў сталіцы інтэрнат. Таму гэтае пытаньне ўвогуле не да мяне”.

Карэспандэнт: “А колькі ў сталіцы трэба заплаціць за кватэру?”

Дачка спадарыні: “Збольшага наймаюць пакой, бо кватэра вельмі дорага каштуе. А пакой — пачынаючы ад васьмідзесяці даляраў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG