Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэрал-дэмакрат, камуніст, масон і крамлёўскі кандыдат


Выбарчая камісія Расеі зарэгістравала 4 кандыдаты ў прэзыдэнты, адхіліўшы ад удзелу ў выбарах былога прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава.


На пасаду кіраўніка Расеі будуць прэтэндаваць старшыня Дэмакратычнай партыі Андрэй Багданаў, старшыня ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі, лідэр кампартыі Генадзь Зюганаў і першы віцэ-прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў. Паводле вынікаў сацыялягічных апытаньняў Мядзьведзеў мае значную перавагу над сваімі супернікамі.

Цэнтарвыбаркам палічыў, што сярод падпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры, якія сабраў Касьянаў, прынамсі 13% былі несапраўдныя. Паводле закону для рэгістрацыі трэба, каб доля несапраўдных подпісаў не перавышала 5%. Пасьля абвяшчэньня рашэньня, што ён ня будзе зарэгістраваны, Міхаіл Касьянаў заявіў:

Спадзяваньні мільёнаў расейскіх грамадзянаў... не апраўдаліся
Касьянаў: “Спадзяваньні мільёнаў расейскіх грамадзянаў, якія спадзяваліся, што прэзыдэнт Пуцін выканае свой галоўны канстытуцыйны доўг, а менавіта, будзе спрыяць правядзеньню свабодных і справядлівых выбараў – гэтыя спадзяваньні не апраўдаліся”.

Былы прэм’ер-міністар заклікаў расейцаў байкатаваць прэзыдэнцкія выбары. Жырыноўскі і Зюганаў былі вылучаныя кіраванымі імі партыямі, Мядзьведзеў – партыяй “Единая Россия”. Паколькі ўсе гэтыя партыі прадстаўленыя ў Думе, іх вылучэнцам ня трэба было зьбіраць подпісы.

Старшыня Дэмакратычнай партыі Андрэй Багданаў, паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму, здолеў сабраць належную колькасьць подпісаў у сваю падтрымку, у яго было знойдзена толькі 3% несапраўдных подпісаў.

37-гадовы палітык з 90-га году быў сябрам Дэмакратычнай партыі (ДПР), у межах партыі ладзіў кампаніі супраць Белавескіх пагадненьняў і ў падтрымку Прыднястроўя. У 2002 годзе ўступіў у пракрамлёўскую “Единую Россию”, але праз год, пасварыўшыся з кіраўніцтвам парты, выйшаў зь яе і вярнуўся ў ДПР. У 2005 годзе ў выніку расколу стаў старшынём партыі.

Галоўным лёзунгам партыі Багданаў абвясьціў ператварэньне Расеі ў дэмакратычную дзяржаву і ўступленьне краіны ў Эўразьвяз. На апошніх думскіх выбарах ДПР, кіраваная Багданавым, набрала менш за 1% галасоў. З 2007 году Багданаў – вялікі магістар Вялікай масонскай ложы Расеі.

Выклікае пэўныя сумневы, як малавядомы ў краіне палітык за кароткі тэрмін здолеў сабраць два мільёны подпісаў у сваю падтрымку. Некаторыя кажуць, што Багданаў мае каманду, спрактыкаваную на зборы подпісаў. Іншыя мяркуюць, што Багданаў – крамлёўскі праект і што яму далі магчымасьць зарэгістравацца, каб выбарчая барацьба не выглядала зусім ужо малацікавай. Сам Багданаў пазыцыянуе сябе, як дэмакратычнага кандыдата.

Так складваецца сытуацыя, што я буду адзіным кандыдатам ад дэмакратаў.
Багданаў: “Так складваецца сытуацыя, што я буду адзіным кандыдатам ад дэмакратаў. Спадзяюся, што ня будзе таго, што адбылося падчас выбараў у Думу з прычыны разьяднанасьці дэмакратаў, і атрымаецца на прэзыдэнцкіх выбарах набраць больш галасоў, чым набралі дэмакраты на думскіх выбарах разам. Атрымаецца заклікаць на выбарчыя ўчасткі тых, хто заўсёды галасаваў за дэмакратаў. Мяркую. што ў нас усё будзе добра”.

Лідэр расейскіх камуністаў выклікае крамлёўскага кандыдата Мядзьведзева на тэледэбаты.

Зюганаў: “Мы афіцыйна зьвярнуліся да Мядзьведзева з прапановай правесьці абмеркаваньне. Мы лічым, што без абмеркаваньня праблем у адкрытым эфіры немагчыма правесьці сумленныя і годныя выбары. І будзем на гэтым настойваць. Мы будзем праводзіць масавыя акцыі пратэсту ў абарону права грамадзянаў на сумленныя выбары, супраць крадзяжу бюлетэняў, росту цэн і камунальнага свавольства”.

Старшыня кампартыі ня выключыў, што можа зьняць сваю кандыдатуру, калі перадвыбарчая кампанія будзе праводзіцца несумленна. Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў за Мядзьведзева зараз гатовыя галасаваць больш за 50% выбаршчыкаў, за Журыноўскага – 7%, за Зюганава – 6%, за Багданава – менш аднаго адсотка выбаршчыкаў. Апытаньні, праведзеныя да рэгістрацыі, паказвалі, што аддаць свой голас Касьянаву быў гатовы 1 % выбаршчыкаў.

Сёньня расейскі Цэнтарвыбаркам пачынае рассылаць запрашэньні замежным назіральнікам. Як паведаміў старшыня ЦВК Чураў, іх будзе 350 чалавек. Запрашэньне накіраванае, апроч іншых, і ў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. Летась бюро адмовілася назіраць за думскімі выбарамі, патлумачыў гэта непрымальнымі ўмовамі, вылучанымі расейскім ЦВК. Гэты разам, напярэдадні думскіх выбараў бюро выказала незадавальненьне тым, што запрашэньне было накіраванае настолькі позна. Але невядома, ці адмовіцца бюро ад назіраньня.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG