Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брузгі – Кузьніца Беластоцкая: чэргаў няма


На мяжы толькі некалькі TIRаў, легкавікі праяжджаюць адразу.


Са словаў кіроўцаў, уначы чарга TIRаў сягала больш за кілямэтар, але ўсю ноч польскі бок прымаў машыны, і ўжо раніцай чэргаў на мяжы не было, як няма і цяпер.

На памежным пераходзе “Брузгі — Кузьніца Беластоцкая” сёньня ўжо цішыня, стаіць усяго сем TIRаў, а легкавікі адразу едуць да шлягбаўма, не прыпыняючыся.

Сёньня твары кіроўцаў TIRаў значна весялейшыя. Кажуць, што стаяць усяго пару гадзінаў і, відавочна, хутка паедуць.

Пытаюся, ці абедалі яны, ці ёсьць нейкая сталоўка альбо кавярня на памежным пераходзе.

Спадар: “Не, гарачага паесьці тут няма дзе, але ёсьць прадуктовая крама, можна нешта купіць”.

Да нас падыходзяць кіроўцы з TIRаў, на якіх расейскія нумары, і таксама далучаюцца да размовы. Пытаюся, ці не злуюцца яны на польскіх мытнікаў, якія ўчынілі страйк.

Спадар: “Слушна робяць”.

Другі спадар: “Слушна робяць. Бо кожны чалавек, калі гэта тычыцца яго заробкаў, павінен адстойваць свае правы”.

Першы спадар: “А што, калі іх пакінулі бяз працы, што людзі павінны рабіць? Дзяржава павінна турбавацца аб сваіх грамадзянах”.

Да калегаў далучаецца спадар, які едзе на TIRы з беларускімі нумарамі.

Спадар: “Гэтае пытаньне даўно трэба было вырашыць. Польскія мытнікі засталіся цяпер адны на ўвесь Эўразьвяз, празь іх праходзіць увесь транспарт з Эўропы. Вядома, ім трэба было б дадаць заробку”.

На легкавічку прыпынілася маладая дзяўчына. Наша размова яе зацікавіла. Пытаюся ў яе, што яна думае пра страйк польскіх мытнікаў.

Дзяўчына: “Дык гэта ж ня нашы страйкуюць”.

Карэспандэнт: “А нашы мытнікі маглі б застрайкаваць?”

Дзяўчына: “Нашы ніколі...” (сьмяецца)

Вярнуўшыся з памежнага пераходу Брузгі, я патэлефанаваў дзяжурнаму Гарадзенскага пагранатрада й запытаўся, якая сытуацыя на іншых памежных пераходах у нашай вобласьці.

Дзяжурны: “На выезд у нас чэргаў легкавікоў няма, TIRаў стаіць таксама няшмат. Калі на Брузгах стаіць да 20 TIRаў, то гэта не чарга. На пераходзе ў Бераставіцы 30—40 аўта — гэта таксама няшмат. На пераходзе ў Прывалках (мяжа зь Літвой) таксама чаргі няма. Моцнага напружаньня ў нас на мяжы няма, працуем у нармальным рэжыме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG