Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны гатовы на любыя правапарушэньні, каб толькі вы іх назвалі па радыё”


Агляд тэлефанаваньняў слухачоў за 28 студзеня.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелі ў тыднёвым аглядзе тэлефанаваньняў.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Грамадзкі актывіст з Гомелю Зьміцер Жалезьнічэнка працягвае галадоўку. Яго адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны і адразу забралі ў войска. Зьміцер лічыць гэтыя дзеяньні незаконнымі.

Лідзія Іванаўна: “Паважаная “Свабода,” я чула, што студэнта Зьмітра Жалезьнічэнку забралі ў войска, у чыгуначнае. Я хачу, каб “Народны Фронт” адсачыў лёс Жалезьнічэнкі. Хай ён абавязкова спыніць галадоўку. Гэта яшчэ нікому не дало добрых вынікаў”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:
Уладзімер, Мазыр: “26 раніцай вы прысьвяцілі перадачу вызваленьню з-пад адміністратыўнага арышту. Сярод 20 вызваленых назвалі аднаго прадпрымальніка. Узьнікае пытаньне: хто арганізаваў беспарадкі? Складаецца такое меркаваньне, што моладзь з кола лайдакоў ідзе на любыя правапарушэньні, каб толькі вы іх назвалі па радыё. (...) У ніводнай краіне няма такой апазыцыі, якая б працавала на шкоду свайму народу”.
10 і 21 студзеня міліцыя разагнала акцыю пратэсту дробных бізнэсоўцаў, якія дамагаліся адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760. Затрыманых пакаралі штрафамі і арыштамі на розныя тэрміны. Слухачу адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў:

Макаеў: “Адпачатку, сапраўды, затрымалі шмат моладзі, прадпрымальнікаў там было толькі трое. Дзякуй вялікі, што моладзь актыўна ўдзельнічала. Я здымаю капялюш перад хлопцамі, якія ішлі паперадзе калёны. Беспарадкі стварыла ўлада. Мы папярэджвалі, што калі людзі страцяць працу, яны стануць непрадказальнымі. Такіх людзей нельга асуджаць – яны абараняюць свае правы”.

У Менску зьнясуць гатэль “Беларусь”. На ягоным месцы пабудуюць гасьцінічна дзелавы цэнтар. Прэзэнтацыя праекту адбылася на мінулым тыдні.

Спадар: “ На жаль, вашыя слухачы не глядзяць БТ, так званае тэлебачаньне. А вось ужо смакуюць, як будзе выглядаць новы гатэль замест старой “Беларусі”. Дык ці такі ўжо гэты гатэль стары, калі ён служыць 20 гадоў? А яго ўжо прызначаюць пад знос. Вось толькі што даведаўся з навінаў, што там быў нядаўна зроблены капітальны рамонт”.

Намер уладаў Менску зьнесьці гатэль “Беларусь” камэнтуе архітэктар Уладзімер Папруга.

Папруга: Гэты гатэль унесены ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны. Тая чыгунная баба, якой яны трушчаць Менск гістарычны, інэрцыйна разбурае і савецкую спадчыну. Аб’ект, у якім нядаўна зрабілі генэральную рэканструкцыю, а цяпер, у зьвязку з новымі павевамі, яго хочуць зьнесьці – выпадак папросту анэкдатычны. Але гэты самы выпадак ілюструе лёгіку паводзінаў Міністэрства культуры і выканаўчай адміністрацыі. Гэта разбой! Гэта злачынства! За гэтае злачынства раней ці пазьней прыйдзецца адказваць”.

Слухачы працягваюць абмяркоўваць рашэньне Рады бясьпекі Беларусі пачаць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Альберт, вэтэран працы: “Атамную электрастанцыю ў Беларусі трэба было пабудаваць даўно. Толькі без дырыжора Лукашэнкі. Атамная электрастанцыя — гэта трагедыя ўсёй Эўропы”.

Валеры, Барысаў: “Лукашэнка прыняў рашэньне аб будаўніцтве атамнай АЭС за 4 мільярды даляраў самавольна, без рэфэрэндуму. А калі, ня дай Бог, будзе выбух?! Пры Чарнобылі першы сакратар КПБ уцёк у Маскву, а наш “бацька” ўцячэ ў Вэнэсуэлу або на Канары, бо грошы ёсьць і “Боінг” таксама. А беларусам уцякаць няма куды. Беларусам патрэбна ГЭС. А будзе будавацца АЭС. Выбух быў, хварэе беларус наш бедны. Другі Чарнобыль нам не патрэбны”.

Сталы слухач: “Я наконт будаўніцтва атамнай станцыі. Канечне, гэта вельмі важная справа. І нашаму ўраду ўжо даўно трэба яе будаваць. І тых людзей, якія па сваёй цемнаце ці недасьведчанасьці цягнуць нас назад да лучыны, трэба прабачыць. Няхай кажуць што заўгодна. Усё гэта глупства. А станцыя патрэбная як паветра”.
XS
SM
MD
LG