Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая рэдактарка “Свабоды” на гэтым тыдні – кандыдат гістарычных навук, стваральніца і старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларускі жаночы рух” Ніна Стужынская.


Цягам тыдня ў ранішнім эфіры – гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Гэтым разам размова пра тое, як сучасныя беларускі ставяцца да моды.

Стужынская: “Неяк я прачытала аналітычную запіску, у якой напісана, што жанчына сучаснай Беларусі – абсалютны прадукт савецкай эпохі. І адсюль жа манера апранацца. Аднак тут толькі частка праўды. 1990-я гады адкрылі нам сьвет – у тым ліку й для моды, для магчымасьці апрануцца…”

Уліцёнак: “Цяпер заходняя тэндэнцыя фармулюецца сярод іншага так: лепш быць сьмешнай, чым нуднай. Вы, экс-савецкая жанчына, можаце прыняць гэты лёзунг да дзеяньня?”

Стужынская: “Не, я баюся быць сьмешнай…”

Уліцёнак: “А моладзь нашая ў чым саступае заходняй – у сэнсе ўменьня апранацца?”

Стужынская: “На захадзе ўсё ж такі больш практыкуецца стыль унісэкс. Я два гады стажыравалася ў бэрлінскім Свабодным унівэрсытэце, дык стамілася ад таго, што ўсе шэрыя і ўсе аднолькавыя. Абсалютна! А калі вярнулася назад, то першы месяц не магла вытрымаць ад таго ўяўленьня, што мае дзяўчаткі-студэнткі амаль паўголыя!

Тут ёсьць нейкі перакос. Паверце, я ніякім чынам не ханжа… Мой швэдзкі калега так пракамэнтаваў сытуацыю: вашыя жанчыны эканамічна несамадастатковыя. Сваё, скажам так, эканамічнае забесьпячэньне яны зьвязваюць толькі з мужчынам. Адсюль і манера апранацца”.

Уліцёнак: “А “новыя беларускі” Эўропу дагналі: тую ж Італію, Францыю?”

Стужынская: “Сярэднестатыстычныя – абсалютна не адрозьніваюцца ад эўрапейскіх жанчын”.

Уліцёнак: “Вам часта даводзіцца бываць за мяжой: ці можаце параўнаць адносіны жанчын да моды – хто больш кансэрватыўны?”

Стужынская: “Апошнім часам у сувязі з “канкурэнцыяй” з усходу – наплывам прыгажунь-нявестаў, якія змагаюцца за мужчынаў – немкі пачалі ўжываць касмэтыку, набываць больш-менш рызыкоўныя строі… Але, тым ня менш, менавіта наша жанчына імкнецца быць апранутай больш ярка дзеля заўважнасьці, так бы мовіць…”

Уліцёнак: “Які стыль больш даспадобы вам – вытанчаны, дзелавы, спартыўна-рамантычны?”

Стужынская: “Мне падабаецца, не паверыце… глямур! Праўда! Я нават чула меркаваньне: савецкая ідэалёгія зьнікла – ёй на месца прыйшла глямурная. Чаму так адбываецца? Вы ўявіце сабе: у жанчын майго ўзросту не было нармальных калготак, у нас не было нармальнага крэму…

Наагул, у мяне адчуваньне, што ў савецкі пэрыяд беларуску абакралі!”


XS
SM
MD
LG