Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: карыстацца “талеркамі” будуць падпольна?


Максім Гармаш

Максім Гармаш

Сёньня ў Горадні жыхары дамоў на праспэкце Касманаўтаў, што маюць спадарожнікавыя антэны, павінны былі зьявіцца ў ЖЭС N6.


Іх выклікалі, каб скласьці адміністрацыйныя пратаколы і спагнаць грошы за тое, што яны не дэмантавалі свае антэны тэрміновым чынам.

Напярэдадні супрацоўніца ЖЭСу прайшла па кватэрах і дала ўладальнікам спадарожнікавых антэнаў падпісаць паперу аб тым, што яны папярэджаны. У паперы было напісана: “Вам неабходна ў тэрміновым парадку прыбраць з фасаду будынка, адрамантаванага за кошт сродкаў капітальнага рамонту, самавольна ўсталяваную спадарожнікавую антэну”. Далей гаварылася, што “матэрыяльныя страты фасаду будынка” будуць спагнаныя з жыхароў.

Максім Гармаш паперу падпісаў, але ісьці ў ЖЭС адмовіўся. Па-першае, кажа ён, капітальны рамонт зроблены за кошт жыхароў, штомесяц на яго спаганяюць дванаццаць тысяч рублёў.

Гармаш: “Мы вырашылі абараняцца да канца, зьвярнуліся да юрыстаў. Яны што нам сказалі: новы кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях у гэтым ЖЭСе, напэўна, далей вокладкі не чыталі. Чаму? Таму што ёсьць асноўныя нормы, якія называюцца “час дзеяньня прававога акту”. Сутнасьць у тым, што новыя нормы, што пагаршаюць правы грамадзянаў, яны адваротнай сілы ня маюць”.

Спадарожнікавую антэну спадар Гармаш мае сем гадоў, і дагэтуль яна нікому не перашкаджала, кажа ён.

Намесьнік начальніка Жыльлёва-рамонтна-эксплюатацыйнага прадпрыемства Кастрычніцкага раёну Горадні па ідэалёгіі Леанід Абражэвіч пагадзіўся высьветліць — адкуль зыходзіць ініцыятыва аб здыманьні спадарожнікавых талерак. І вось што ён даведаўся: з 1999 году існуюць правілы карыстаньня жылымі памяшканьнямі, паводле якіх забараняецца самавольна ўсталёўваць антэны. ЖРЭП дадзена распараджэньне выдаць усім прадпісаньне на здыманьне антэнаў, паступіла яно з гарвыканкаму, сказаў спадар Абражэвіч. Тады мы пацікавіліся ў начальніка іншага ЖЭСу, ён сказаў, што не атрымліваў ніякіх распараджэньняў і здымаць спадарожнікавыя антэны не зьбіраецца.

Легальна ўсталяваць спадарожнікавую антэну нельга?

Мы зьвярнуліся па тлумачэньні да адваката Ўладзімера Кісялевіча: наколькі законнымі выглядаюць спробы ліквідаваць “талеркі” на дамах?

Кісялевіч: “Яны павінны, калі нешта рабіць, то рабіць за свой кошт, людзям заплаціць грошы за нанесеныя страты, карацей, за антэны. І за маральныя страты таксама, бо тут мова ідзе ўжо аб абароне правоў спажыўцоў”.

Праўда, зазначае адвакат, колькі ён ні зьвяртаўся ў абароне правоў спажыўцоў, гарадзенскія суды ніколі не задавальнялі гэтыя скаргі.

Тупіковасьць сытуацыі яшчэ ў тым, што, як аказваецца, не існуе рэальнага мэханізму ўсталяваньня спадарожнікавай антэны. Нельга пайсьці напісаць заяву і атрымаць афіцыйны дазвол, няма такой практыкі, сказаў нам адзін з супрацоўнікаў камунальнай службы.

Адзін з гарадзенцаў, які, дарэчы, слухае праз “талерку” Радыё Свабода, прызнаўся нам, што рыхтуецца да горшага — да поўнай забароны спадарожнікавых антэнаў.

Спадар: “Я зьбіраюся, калі што, проста ў пакоі выгарадзіць нішу для антэны. Я ўжо пытаўся ў таго, хто займаецца антэнамі. Ён сказаў, што трэба, каб шкла не было, карацей адчыняць вакно і тады прымаць сыгнал”.

Вось так некаторыя гарадзенцы зьбіраюцца “падпольна” карыстацца антэнамі, калі іх загадаюць прыбраць з фасадаў дамоў.

Дарэчы, змаганьне з “талеркамі” распачалі ўлады Туркмэніі. Як паведамляе Бі-Бі-Сі, аб гэтым распарадзіўся прэзыдэнт Курбанкулы Бэрдымухамэдаў. Ён лічыць, што спадарожнікавыя антэны на фасадах і дахах “нявечаць аблічча гарадоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG