Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня – Ніна Стужынская


Ніна Стужынская скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, кандыдат гістарычных навук. Яна ўзначальвае РГА “Беларуская жаночая ліга”, якое стварыла дзясятак гадоў таму.


Летась у чэрвені на ўстаноўчай канфэрэнцыі ў Кіеве з удзелам прадстаўніцаў 16 жаночых арганізацыяў і ініцыятыў Беларусі яе абралі каардынатарам Жаночай сеткі Беларусі.

- У чым сэнс навастворанай структуры?

- У пашырэньні нашага ўплыву на краіну. Зараз сетка пакрывае крыху больш за 30 раёнаў, гэта малавата. Формула працы – “57 плюс”. То бок, зьявіцца бліжэйшым часам вось у такой колькасьці раёнаў - гэта больш за палову ад усіх, што ёсьць у рэспубліцы.

- Вы актыўна ўдзельнічалі і ў партыйным будаўніцтве?

- Шэсьць гадоў была намесьнікам старшыні БСДП (Народная Грамада). Аднак пасьля расколу ў партыі прынцыпова засталася ў ёй шарагоўцам.

- Вы пісалі доктарскую дысэртацыю?

- Так. Аднак у 1999-м не дазволілі абараніцца: не падабалася тэма - антысавецкі супраціў у 1920-1950 гадах.

- Чым ганарыцеся?

- У прыватнасьці, прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру за кнігу “Беларусь мяцежная”.

- Вы доўгі час працавалі ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук…

- У 2003 годзе мне паставілі ультыматум: або удзел у мясцовых выбарах – я ішла ў Менскі гарсавет, – або звальненьне. Выбрала апошняе.

- Вашая мара?

- Каб у мастацкай прозе ўвасобіліся адкрытыя мною героі Слуцкага збройнага чыну ды падпольнай сялянскай партыі “Зялёны Дуб”.
XS
SM
MD
LG