Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля завяршэньня сёлетняга “Тыдня малітваў аб еднасьці хрысьціян” не магу ня выказаць сваю думку наконт гэтай неардынарнай падзеі. Па-першае таму, што “Тыдзень” адбыся ўжо 100-ы раз, па-другое, што ў мінулым я сам актыўна ў ім удзельнічаў, а таксама таму, што само паняцьце “адзінства” выклікае мноства асацыяцыяў цалкам не зьвязаных з рэлігіяй.


Нагадаю, што з ініцыятывай сумесных багаслужбаў розных хрысьціянскіх цэркваў выступіў англіканскі ордэн “Францішканаў прымірэньня” на чале з Полам Ўотсанам ( Paul Wattson). Упершыню “Тыдзень малітваў” адбыўся ў 1908 годзе. Да пашырэньня ідэі экумэнічных малітваў у 30-я гады XX ст. спрычыніўся таксама каталіцкі сьвятар з Францыі Поль Кутэр'е (Paul Couterier). У мінулым еднасьць неаднойчы ажыцьцяўлялася дзеля зямных мэтаў і скампрамэтаванымі сродкамі: шляхам збройнай сілы або каварства. Аднак П.Кутэр'е сфармуляваў прымальны для ўсіх асноўны прынцып “Тыдня”: “імкнуцца да такой еднасьці, якой жадае Хрыстос, сродкамі, якія Ён акрэсьліў, і ў часе, які Ён прызначыць”. Дарэчы, дзень да пачатку “Тыдня” прынята маліцца разам са “старэйшымі братамі ў веры” - юдэямі, а дзень пасьля - з “малодшымі братамі” - мусульманамі.

Cёлетні “Тыдзень малітваў аб еднасьці хрысьціян” праходзіў пад лёзунгам, узятым з Апостала Паўла “Безупынна малецеся” ( Сал.5.17). Мы ўсе пакліканыя да малітвы і дзеяньняў, накіраваных на пераадоленьне ўсіх падзелаў, адказваючы на жаданьне Хрыста “каб усе былі адно”. Малітва, перамена сэрца, умацаваньне ўзаемных сувязяў зьяўляюцца падставай таго парыву, які хутка можа прывесьці вучняў Хрыстовых да сумеснай Эўхарысьціі (Камуніі, Прычасьця) -знаку поўнага адзінства, адзначыў Папа Бэнэдыкт XVI.

Евангельле ўвекавечыла адназначныя словы Хрыста: “Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою” (Яан. 13, 35). Бясспрэчна, да расколу і падзелаў прычынілася найперш невыкананьне гэтай ўмовы. Цяпер цэрквы (найперш каталіцкая і праваслаўная) усьведамляюць і прызнаюць, што дагматычныя розьніцы паміж імі невялікія. Прычынай расколу не былі лацінскія і грэцкія культурныя традыцыі, але амбіцыёзныя пэрсанальныя спрэчкі аб пяршэнстве ў Царкве. Менавіта пяршэнства і непагрэшнасьць Рымскага Папы зьўляецца непрымальным для праваслаўных і пратэстантаў. Уключаючыся ў экумэнічны рух (узьніклы як своеасаблівы дакор сумленьня), цэрквы ўсьведамілі, што раскол пярэчыць самой сутнасьці Царквы, дыскрэдытуе яе ў вачох нехрысьціяскага сьвету і робіць дарэмнай ейную місію згодна з прынцыпам Medice, cura te ipsum ( Лекару, аздараві сам сябе) .

Ад самога пачатку экумэнічны рух спатыкае шматлікія перашкоды. Ён вельмі марудна прабіваецца праз гушчар прадузятасьцяў, узаемных крыўдаў і прэтэнзіяў. Працяглая ізаляцыя прычынілася да таго, што цэрквы розьняцца паміж сабою ў сэнсе догмаў, абрадаў, традыцыяў і нават самога погляду на адзінства. Усіх аб’ядноўвае адно Сьвятое Пісьмо, але толькі тады, калі яно закрытае; калі пачынаюць яго чытаць, усе тлумачаць яго па-рознаму. Рымскія католікі надалей аддаюць перавагу прынцыпу “адзіны статак і адзін пастыр”, гэта значыць падпарадкаваньне ўсіх астатніх Рымскаму Папу. Праўда, Ватыкан пачынае прызнаваць, што “Рымска-каталіцкая Царква, застаючыся адзінай сапраўднай Царквою Хрыстовай”, тым ня менш не адмаўляе і іншым цэрквам пэўнай часткі праўды і ласкі. Маўляў, ніхто ня мае гэтулькі рацыі, каб прынамсі крыху яе ня меў другі бок. Цяпер, усе тры галоўныя хрысьціянскія цэрквы часьцей кажуць пра адзінства не як вяртаньне “адлучаных братоў” альбо “марнатраўных сыноў”, але пра вяртаньне да супольных крыніц, да Евангельля і Хрыста.

Тэолягі (напрыклад а. Ежы Тафілюк) прызнаюць, што экумэнічны рух страціў свой ранейшы імпэт, але усё ж можна казаць і пра некаторыя посьпехі. Ужо ў 1965 годзе папа Павал VІ і Усяленскі Патрыярх Афінагор абмяняліся мірнымі пацалункамі і скасавалі ўзаемныя анафемы з паловы XI стагодзьдзя. Абнадзейвае таксама тэалягічны дыялёг, падчас якога тэолягі прабуюць нівэліраваць дактрынальныя разыходжаньні. Адбылося падпісаньне каталіцка-лютэранскай “Дэклярацыі аб апраўданьні (верай)”, каталіцка-праваслаўнае ўзаемнае прынаньне сапраўднасьці хросту ў іншай царкве.

Праўда, такімі як цяпер тэмпамі ўзаемнае зьбліжэньне і адзінства хрысьціян можа працягвацца яшчэ стагодзьдзямі. Звычайным вернікам, не азнаёмленым з дагматычнымі нюансамі, застаецца ажыцьцяўляць практычны экумэнізм, у штодзённым жыцьці пераадольваць фанатызм, узаемныя прадузятасьці і недавер. Духоўны экумэнізм, на якім апошнім часам настойваюць амаль усе бакі, заключаецца ў адмаўленьні ад усякага празэлітызму, пыхі і ганарлівасьці. Тэолягі могуць спрачацца пра дактрыны, аднак хто мае слушнасьць - ведае толькі Бог. Проста кожнага чалавека трэба лічыць братам. Ён часта без свайго ўплыву быў ахрышчаны ў сваёй Царкве і ўжыўся у яе. Калі ён захоўвае ў сваім жыцьці ўсё, што сапраўды хрысьціянскае — дасягне сьвятасьці і збаўленьня.

“Тыдзень малітваў аб еднасьці хрысьціян” падштурхоўвае да роздуму пра адзінства ў шырэйшым пляне. Напэўна, прынцып “у адзінстве сіла” аказаўся слушным у самых розных выпадках. Адзінства неабходнае дзеля дасягненьня агульнай мэты, такой, як нацыянальны сувэрэнітэт, абарона краіны ад нападу ворага, захаваньне нацыянальнай мовы і культуры. “Калі дом (гэта значыць сям'я, род) падзеліцца, ён ня выстаіць”, - гаворыцца ў Сьвятым Пісьме. Большасьць расколаў і падзелаў выкліканыя не праграмнымі розьніцамі, але асабістымі амбіцыямі палітыкаў, якія, прыкрываючыся высакамоўнымі лёзунгамі, ідуць за голасам свайго славалюбства, імкнуцца да ўлады альбо грошай. У выніку яны кампрамэтуюць самыя высакародныя ідэі і аслабляюць іхны ўплыў. Калі б амбіцыёзным людзям, якія імкнуцца да аддзяленьня, заявіць, што ў новай незалежнай структуры (партыі, арганізацыі, дзяржаве) вы ня будзеце лідэрам, яны адмовяцца ад усялякага сэпаратызму.

Прынцып “у адзінстве сіла” бадай у найбольшай ступені тычыцца сучаснай Царквы. Яна можа быць пачутая, калі адным, моцным голасам выступіць супраць сэкулярызацыі, сучасных паталёгіяў і несправядлівасьці, у абарону жыцьця, годнасьці чалавека і сям'і,

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG