Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў “Прэм’ер-Тузін-2007”


Прэзэнтацыя кампакт-дыск з музычнымі вынікамі 2007 году ад “Слушнага музычнага парталу Тузін Гітоў” “Прэм’ер-Тузін-2007”. прызначаная на 30 студзеня.


Трэці раз выпускам складанкі паводле інтэрнэт-галасаваньня беларуская музычная грамадзкасьць падводзіць штогадовыя вынікі.

Па падрабязнасьці мы зьвярнуліся да аднаго з каардынатараў праекту, журналіста С.Будкіна.

“Гэта трэці па ліку дыск, праўда выйшаў ён крыху запозна. Мы проста вырашылі пераседзець зімовыя сьвяты. Каб гэта быў, па сутнасьці, першы рэліз году. На ім прадстаўлены лепшыя песьні па вэрсіі наведнікаў і экспэртаў сайту. У нас кожны год вызначае нейкая суполка свая. Былі і музыкі, і крытыкі. Гэтым разам былі кіраўнікі лэйблаў. Людзі самі вызначаюць, а потым наведнікі робяць пачэсную працу выбару лепшых з лепшых. Для нас гэта была прыемная праца.”

Традыцыйна на дыску прыхільнікі музыкі знойдуць лепшы тузін песень году ў звычайным аўдыёфармаце. Таксама традыцыйна прапанаваны так званы “мэгабонус”, у выглядзе калекцыі з 30 песень, што цягам году трымаліся ў гіт-парадзе.

Паводле рэдкалегіі парталу “Тузін Гітоў”, апошнім годам актыўна разьвіваецца айчынная цяжкая музыка, а таксама простая, папулярная музыка. Таксама часьцей зьяўляюцца імёны з так званых афіцыйных пляцовак краіны. Побач з групамі кшталту “Голая Манашка”, альбо “Чырвоным Па Белым” можна тут знайсьці і кампазыцыю ад Анжалікі Агурбаш, ці юнацкія гэві-мэталічныя экспэрымэнты Пятра Ялфімава ў праекце “PitBull”. Але некаторыя імёны стала зьяўляюцца на складанцы. Адны з такіх – гурт “IQ48”, гэтым разам з песьняй на словы М.Анэмпадыстава “Схаванае Сэрца”. Пра сваё стаўленьне да праекту распавёў вакаліст групы А.Ракавец.

“Прыемна, што нашыя творы трапляюць на гэтую складанку. Бо яе менавіта шмат хто купляе. Я гэта ведаю, папрацаваўшы ў музычнае краме. Такіх няшмат робіцца”.

Праект “Тузін Гітоў” зьявіўся ў сеціве ў кастрычніку 2003 году. Першы дыск з лепшымі песьнямі “Прэм’ер-Тузін-2005” зьявіўся напрыканцы 2005 адпаведна, году. Афіцыйная прэзэнтацыя новага рэлізу пройдзе трохі пазьней. Але новы “Прэм’ер-тузін” ужо можна патрабаваць у крамах.

XS
SM
MD
LG