Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 палітвязьні — на волі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


З турмы на вуліцы Акрэсьціна вызвалілі арыштаваных на 15 сутак удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня.


Нагадаем: у той дзень больш за дзьве тысячы чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу пратэставаць супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі. Пасьля заканчэньня акцыі спэцназаўцы затрымалі каля трох дзясяткаў удзельнікаў. 23 зь іх былі пакараны арыштамі на тэрмін ад 15 да 20 сутак.
Усё было зроблена для таго, каб ня даць магчымасьці вялікай дэлегацыі з журналістаў і нашых сяброў сустрэць нас

Сваякі, сябры і паплечнікі арыштаваных удзельнікаў акцыі 10 студзеня зьбіраліся ўрачыста сустрэць вязьняў увечары. Паводле правілаў турмы на вуліцы Акрэсьціна, адміністрацыя павінна адпускаць вязьняў дакладна ў тэрмін, пазначаны ў судовай пастанове. Актывісты дэмакратычнага руху прызвычаіліся, што адміністрацыя турмы ў часе масавых арыштаў адпускае людзей на 1—2 гадзіны раней за пазначаны тэрмін. Але гэтым разам апазыцыянэраў адпусьцілі яшчэ на некалькі гадзінаў раней.

Аляксандар Баразенка трапіў у турму другі раз. Упершыню яго арыштавалі летась за ўдзел у студэнцкай акцыі пратэсту супраць скасаваньня льготаў. Аляксандар быў тады першакурсьнікам на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Цяпер ён па праграме Каліноўскага вучыцца ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце, у Польшчы.

Аляксандар Баразенка апавёў пасьля выхаду на свабоду:

“Мы чакалі 5-й гадзіны вечара. Але прыйшлі супрацоўнікі спэцпрыёмніка і сказалі, каб за 10 хвілінаў мы сабралі рэчы і пайшлі на выхад. Яны казалі, што так трэба, што яны выконваюць загад, і больш ніякай аргумэнтацыі. Нам зразумела, што ўсё было зроблена для таго, каб ня даць магчымасьці вялікай дэлегацыі з журналістаў і нашых сяброў сустрэць нас”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што яго, як і іншых арыштаваных удзельнікаў акцыі, дапытвалі сьледчыя гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў. Лідэра АГП дапытаў кіраўнік сьледчага аддзелу падпалкоўнік Міхальчык. Сьледчыя цікавіліся падзеямі 10 студзеня. Анатоль Лябедзька распавядае, што апазыцыянэры пачалі кампанію за тое, каб у дачыненьні да ўмоваў утрыманьня ў турме на Акрэсьціна выконваліся нормы закону.
Правілы, прынятыя МУС, не выконваюцца ў дачыненьні да людзей, якія знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна

“Ёсьць правілы, прынятыя Міністэрствам унутраных справаў, якія не выконваюцца ў дачыненьні да людзей, якія знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна. Там няма тэлефоннага апарату, а ён павінен там быць, і кожны, хто там знаходзіцца, мог бы ім скарыстацца для сувязі з блізкімі і сваякамі. Таксама не выконваецца права на выхад на чыстае паветра. У камэрах няма тумбачак, пасьцельнай бялізны. А гэта ўсё павінна быць. Мы ўжо падрыхтавалі праект звароту ў пракуратуру. Будзем зьвяртацца і да Навумава, бо ён вельмі актыўна паводзіць сябе на вуліцах, а разам з тым не выконвае таго, што прымаецца ўнутры ягонага міністэрства ў адносінах да людзей”.

Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка паведаміў “Свабодзе”:

“Мяне дапытаў сьледчы ў крымінальнай справе, якую распачалі паводле падзеяў 10 студзеня. Мяне дапыталі як сьведку. Я магу казаць, што да тых падзеяў, калі перагароджвалі вуліцы, я ніякага дачыненьня ня маю. Я стаяў увесь час каля Дома ўраду і бачыць, што там адбывалася я не мог”.

Сваякі і паплечнікі арыштаваных лічаць, што ўлады адмыслова пачалі выпускаць актывістаў раней, каб не было масавага сходу і ўрачыстай сустрэчы. На волю таксама выйшлі актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Арцём Дубскі, Арсен Пахомаў, Міхал Пашкевіч, Андрэй Радзівонаў, Аляксандар Сьцепаненка, Сяргей Клюеў, прадпрымальнік Уладзімер Шыла ды іншыя — усяго 22. З тых, каго судзілі 11 студзеня, за кратамі засталася толькі Тацяна Цішкевіч. Яе арыштавалі на 20 сутак.

XS
SM
MD
LG