Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гандляры ўзьнялі вэрхал, калі за іх узялася..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 26 студзеня 2008 году


Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваць акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся апошнім часам у Менску ды іншых рэгіёнах Беларусі. Прыватныя гандляры незадаволеныя прэзыдэнцкім указам, у выніку якога яны вымушаныя значна скараціць колькасьць найманых работнікаў, а ў шэрагу выпадкаў і ўвогуле згарнуць бізнэс.

На гэтую тэму — ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Дробны прыватнік, які наважыўся сёньня на пратэст, не ўспрымаецца большасьцю абываталяў як пакрыўджаны і зьняважаны ўладай. Хутчэй наадварот — іх лічаць атлусьцелымі і занадта нахабнымі буржуямі, якія ўзьнялі вэрхал, калі за іх узялася цьвёрдая рука дзяржавы.

Большасьці саміх прадпрымальнікаў уласьціва практычнае чуцьцё, таму асноўная іх частка ня верыць у посьпех намаганьняў тых 2—3 тысяч гандляроў у двухмільённым Менску, якія выйшлі бунтаваць. Тым больш яны ня вераць у посьпех сымбіёзу-каапэрацыі з маргінальнымі нацыянал-дэмакратамі, асуджанымі на бясконцыя паразы.

На ўсіх узроўнях беларускага бізнэсу ні цяпер, ні пазьней беларускамоўныя празаходнія дэмакраты ня знойдуць значнай, актыўнай і шчырай падтрымкі, гатовасьці чымсьці ахвяраваць дзеля іх справы
”, —

— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Тыя бізнэсоўцы, якія ў свой час актыўна падтрымлівалі дэмакратычныя партыі і рухі, былі жорстка пакараныя ўладай. Варта згадаць хоць бы лёс Аляксандра Пупейкі, які ў сярэдзіне 90-х гадоў страціў бізнэс у Беларусі і вымушаны быў стаць палітуцекачом. Аляксандар Лукашэнка ў свой час адкрыта папярэдзіў бізнэсоўцаў пра тое, што іх чакае, калі яны пачнуць займацца палітыкай. Натуральна, што пасьля гэтага ніхто зь бізнес-эліты не наважваецца адкрыта афішаваць свае палітычныя погляды або прыхільнасьць да дэмакратычнага руху. Гэта, аднак, зусім не азначае, што сярод бізнэсоўцаў няма тых, якія падзяляюць дэмакратычныя погляды і гатовыя негалосна дапамагаць дэмакратычнай апазыцыі.

Дарэчы, на адзін з папярэдніх лістоў Алеся Марціновіча, у якім слухач таксама крытычна выказваўся на адрас апазыцыі ў цэлым і ейнай моўнай палітыкі ў прыватнасьці, адгукнуўся Мікола Віцязь зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Спадар Віцязь піша:

“Калі селянін служыў у пана фурманам, дык пан даваў яму боты. Гэтыя боты селянін начышчаў шмарай для змазкі колаў панскай брычкі — і шпацыраваў амбітна па вёсцы з ганарлівым выглядам. На сваіх аднавяскоўцаў глядзеў пыхліва, лічыў сябе вышэйшым за іх. Яму не прыходзіла ў галаву, што для пана ён быў і застаецца халопам.

Калі Марціновіч раіць беларусам навекі заставацца з расейскай (для яго, напэўна, панскай) мовай, калі абзывае апазыцыю “маргіналамі” ды раіць ёй дапамагаць кіраўніку дзяржавы, дык гэта тая самая пыха і амбітнасьць селяніна, які стаў панскім фурманам. Толькі тут ужо ня боты, а адштампаваны савецкі дыплём.

...Царскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік пасьля здушэньня паўстаньня 1864 году казаў: “Што не зрабіў расейскі штык, даробіць расейская школа”. Той, хто цяпер кажа, што трэба дбаць аб дабрабыце, а не аб мове — відаць, не адчувае, што сам стаў ахвярай і прадуктам маскоўскай палітыкі русыфікацыі. І такіх людзей на Беларусі шмат. Вунь колькі іх тэлефануе на Радыё Свабода — задураных хлусьлівай афіцыйнай прапагандай”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Віцязь зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну.

У сваім лісьце, які прагучаў у аглядзе пошты 19 сьнежня, Віктар Марціновіч разважаў пра тое, які пэрыяд перажывае цяпер беларускае грамадзтва. Ён пісаў, што абываталь пераймае шмат якія заходнія элемэнты паводзінаў: апалітычнасьць, сыход у асабістае жыцьцё, у заўзятыя спартыўныя зацікаўленьні, у здабываньне сродкаў дзеля дабрабыту... Менавіта ў такі даўгі пэрыяд, на думку слухача, уступае беларускае грамадзтва, якое стамілася, так і не дачакаўшыся ў прэзыдэнтах Шушкевіча, Пазьняка, Вячоркі, Мілінкевіча ды іншых... Гэтыя высновы Віктар Марціновіч робіць на падставе аб’ектыўных назіраньняў. І тое, што вы, спадар Віцязь, не пагаджаецеся з такім пунктам гледжаньня, яшчэ ня ёсьць падставай для таго, каб называць апанэнта ахвярай прапаганды ды навешваць іншыя крыўдныя ярлыкі.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст напісаў пасьля нядаўняга наведваньня Аўгустоўскага каналу. Пад уражаньнем ад убачанага ён разважае пра тое, якім чынам палітычныя дзеячы імкнуцца ўвекавечыць сваё імя ў гісторыі. Слухач піша:

“Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі валадары спрабавалі паўплываць ня толькі на будучыню, але й на мінулае. Тры тысячы гадоў таму эгіпецкі фараон Рамзэс ІІ, напрыклад, загадаў рабам-каменячосам зрабіць на ўсіх будынках надпісы, што будынкі гэтыя ўзводзіў ён, нават калі яны ствараліся да яго нараджэньня. Такім чынам, гісторыя як бы пачыналася зь яго, Рамзэса ІІ. Савецкія правадыры ніколькі не адсталі ад фараона — некаторыя зь іх, напрыклад, прапаноўвалі пачаць летазьлічэньне ці то з 1917 году, ці то з дня нараджэньня Леніна або Сталіна, а тое, што было да іх, выкрасьліць з гісторыі.

Падобную ініцыятыву праяўляюць часам і нашы чыноўнікі. На знакамітым Аўгустоўскім канале я чакаў убачыць які-небудзь напамін пра тых, хто задумваў і будаваў яго. Напрыклад, пра расейскага цара Аляксандра І, паводле чыйго ўказу ў 1824 годзе канал пачаў будавацца. Ці пра ініцыятара будоўлі — тагачаснага польскага міністра фінансаў Францішка Друцкага-Любэцкага. Ці пра аўтара праекту, інжынэр-палкоўніка Ігнація Прандзінскага. Я чакаў, што надпісы будуць зробленыя на чатырох мовах — беларускай, польскай, ангельскай і расейскай.

Але, праехаўшы ўздоўж большай часткі каналу ад Дуброўкі да Нямнова, я знайшоў толькі недалёка ад вёскі Сонічы гранітны куб, на якім на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай — прачытаў, што канал рэстаўравалі згодна з указам прэзыдэнта Лукашэнкі. Вось не чакаў, што Аляксандар Рыгоравіч у нас ня толькі першы лыжнік-хакеіст-тэнісіст, але яшчэ й галоўны будаўнік Аўгустоўскага каналу!”


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Адметна, спадар Сырэль, што на нядаўна рэканструяванай плошчы Незалежнасьці ў Менску, дзе зьявіўся падземны гандлёвы цэнтар, таксама ўсталявалі бронзавую шыльду, на якой увекавечылі імя Аляксандра Лукашэнкі — нагадалі нашчадкам, што гэта ён выдаў загад на рэканструкцыю.

У сярэдзіне 90-х гадоў тагачасныя чыноўнікі, імкнучыся дагадзіць толькі што абранаму прэзыдэнту, ужо намацвалі шляхі да ўзьвелічэньня ягонай асобы. Але тады спробы стварыць манумэнтальныя творы мастацтва пра першага прэзыдэнта альбо ўпрыгожыць ягонымі цытатамі вуліцы гарадоў сутыкнуліся зь цьвёрдым нэгатыўным стаўленьнем з боку самога Аляксандра Лукашэнкі. Далей за абавязковыя партрэты ва ўсіх дзяржаўных установах справа не пайшла: прэзыдэнт не дазволіў. Магчыма, цяпер мы назіраем новую спробу чыноўнікаў у гэтым кірунку?

На заканчэньне — ліст, які даслалі на “Свабоду” жыхары пасёлка Рудзенск Пухавіцкага раёну Ніна Лабанок і Міхаіл Калянкевіч. Слухачы распавялі аб праблеме, якая хвалюе ўсіх жыхароў пасёлка. Яны пішуць:

“Колькі мы сябе памятаем, у нас у Рудзенску заўсёды быў добры шпіталь, якім карысталіся ўсе мясцовыя жыхары — а гэта каля дзесяці тысяч чалавек. І вось напрыканцы 2007 году шпіталь зачынілі. Улада абвясьціла 2008 год годам здароўя. Калі чуем пра гэта з экранаў тэлевізараў — вельмі злуемся. У гэты самы год здароўя нас прымушаюць ехаць у шпіталь за 25 кілямэтраў — электрычкай, а потым яшчэ два кілямэтры пехатой альбо на таксі ў райцэнтар Мар’іна Горка. Да таго ж у раённым шпіталі цяпер ідзе рамонт і не хапае месцаў. Як можна было кінуць тысячы людзей на волю лёсу, пакінуць без мэдычнай дапамогі?

Ёсьць у нас і шмат іншых праблемаў. Раённыя ўлады дагэтуль ня вырашылі, што рабіць са складамі хімічных угнаеньняў, якія разьмешчаны ў цэнтры пасёлка і атручваюць усё навакольле. Затое ўжо ўхвалілі рашэньне пра будаўніцтва прадпрыемства побач з Рудзенскам, на якім зьбіраюцца выпускаць пэстыцыды. А тым часам у калодзежнай вадзе ў Рудзенску поўна нітратаў, а водаправод ёсьць ня ўсюды. І каналізацыйныя сьцёкі без належнай ачысткі скідаюцца ў Пціч.

Зьвярталіся ва ўсе інстанцыі, пачынаючы са старшыні пасялковага Савета. Нам адказваюць: “Усё нармальна. Шпіталь адрамантуем, водаправод правядзем, хімічныя склады ліквідуем. Завод пэстыцыдаў дасьць вам працоўныя месцы...” Але ўсё гэта — у будучыні. Нам гэта абяцалі шмат разоў. А як жыць сёньня, у 2008 годзе?”


— напісалі ў сваім лісьце на “Свабоду” Ніна Лабанок і Міхаіл Калянкевіч з Рудзенска Пухавіцкага раёну.

Усе гэтыя праблемы можа і павінна вырашаць мясцовая ўлада — найперш райвыканкам. Міністэрства аховы здароўя, ліквідуючы невялікія пасялковыя шпіталі ды амбуляторыі, імкнецца зэканоміць грошы. Але мясцовы выканкам здольны супрацьстаяць гэтаму, апэлюючы да інтарэсаў людзей, да грамадзкай думкі. А калі мясцовы “вэртыкальшчык” слухае толькі менскіх начальнікаў і адмахваецца ад інтарэсаў людзей, то ці патрэбны гэтым людзям такі начальнік? На гэта пытаньне яны павінны адказаць самастойна — найперш падчас выбараў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG