Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня — 2,4 мільярда даляраў ЗША


Менавіта столькі склала адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі ў 2007 годзе. Гэтую лічбу назваў сёньня ў Маскве прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі на паседжаньні кіраўнікоў урадаў ЭўрАзЭС.


Вялікае адмоўнае сальда спадар Сідорскі тлумачыць так:

“Для эканомікі Беларусі, як і для іншых краінаў ЭўрАзЭС, 2007 год быў няпростым. Адыгралі сваю ролю ўсясьветныя нэгатыўныя тэндэнцыі — падаражэньне сыравіны, матэрыялаў, сельскагаспадарчай прадукцыі, абвастрэньне сытуацыі на валютным рынку”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрвію нашаму Радыё называе тры прычыны, якія прывялі да рэзкага росту адмоўнага сальда Беларусі:

“Найперш — гэта падвышэньне коштаў газу і нафты, якія мы імпартуем з Расеі.

Другая — беларуская прадукцыя пачала траціць канкурэнтаздольнасьць на замежных рынках, асабліва на расейскім. Гэта выразна відаць, напрыклад, на продажы лядоўняў, кошт якіх стаў меншым параўнальна з іншымі гадамі, бо па старых коштах іх купляць ня хочуць. Скараціўся аб’ём (калі глядзець на грошы) экспарту нашых тэлевізараў, іншых спажывецкіх тавараў.

Трэцяя прычына — валютны курс. Летась курс даляра ў нас фактычна не зьмяніўся, а рубель страціў сваю вагу на 10—12%. І гэта таксама адбілася на імпарце і экспарце”.

Леанід Злотнікаў ня бачыць, за кошт чаго можна зьменшыць адмоўны гандлёвы балянс сёлета. На яго думку, калі ўлады нават працягнуць штучна стрымліваць імпарт у Беларусь, гэта можа выправіць становішча працэнтаў на 5, але ня больш. Эканаміст тлумачыць свой прагноз тым, што асноўная частка сыравіны і матэрыялаў, якія завозяцца ў Беларусь, — гэта так званы прамежкавы імпарт. “Ён патрэбны, каб нашыя прадпрыемствы не прастойвалі, а працавалі” — тлумачыць Леанід Злотнікаў.


XS
SM
MD
LG