Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску маліліся за адзінства хрысьціянаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У архікатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску адбылася экумэнічная малітва за адзінства хрысьціянаў.


Удзел у малітве ўзялі прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфэсіяў, а таксама прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі Марцін Відавіч.

Цягам тыдня экумэнічная малітва адбывалася ў грамадах розных хрысьціянскіх канфэсіяў. Супольнае набажэнства прывітальным словам распачаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

“Я дзякую ўсім тым, хто прыняў нашае запрашэньне. Гэта знак таго, што вы клапоціцеся пра еднасьць хрысьціянаў. Гэта знак таго, што вы хочаце, каб усе мы былі адно”.



Падчас супольнай малітвы слова бралі старшыня Біблійнага таварыства Герман Родаў, прадстаўнік праваслаўнай царквы айцец Аляксандар Шымбалёў, лютэранскай – Уладзімер Меерсон, грэка-каталіцкай – Сяргей Гаек. Апошні з названых, у прыватнасьці, адзначыў:

“Тое, што мы тут, у сэрцы Менску, можам сабрацца разам – гэта ўжо вялікі дар ласкі Божай. Бог усё гэта бачыць, і няхай гэтыя супольныя высілкі ён блаславіць”.



Хор менскай архікатэдры ў гэты вечар выконваў каталіцкія і праваслаўныя хваласьпевы на беларускай, расейскай і лацінскай мовах. Многія вернікі казалі, што яны ўпершыню бралі ўдзел у такой малітве:

Спадарыня: “Такая імша – гэта вялікая карысьць для ўсіх нас, гэта знак, што мы, хрысьціяне, разам. Верым, што будзе мір і сяброўства, калі мы будзем зьбірацца вось так разам”.

Карэспандэнтка: “Ці ўдзельнічалі вы ў такой імшы раней?”

Спадарыня: “Не, нічога такога не было. І мы вельмі радыя”.

На экумэнічнай малітве прысутнічалі таксама некаторыя палітыкі, у тым ліку Павал Севярынец.

Карэспандэнтка: “Вы як адзін з адраджэнцаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі сёньня тут невыпадкова...”

Севярынец: “Так, натуральна. У 1917 годзе менавіта тут, у касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі, была заснаваная Беларуская хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць, зь якой і пачалася гісторыя хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі. А сёньняшняя малітва аб еднасьці хрысьціян – гэта тое, што мы даўно хацелі пачуць ад беларускіх цэркваў. Гэта заклік да яднаньня беларускай нацыі – ні больш, ні менш”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG