Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі і банкаўскай дзейнасьці разгледзела законапраект аб кампэнсацыі грашовых укладаў у банках.


Некаторыя беларускія мэдыі анансавалі сёньняшняе паседжаньне як надзвычай важнае. Маўляў, хутка людзям, якія страцілі свае ашчадкі за савецкім часам, пачнуць вяртаць іхнія грошы. Магчыма, паўплывалі паведамленьні з Украіны, дзе ўрад Юліі Цімашэнкі сёлета пачаў выплачваць такую кампэнсацыю.

Аднак законапраект, які разглядала сёньня камісія, ня мае дачыненьня да часоў СССР, тлумачыць Радыё Свабода намесьнік старшыні камісіі Глеб Іваноў:
Законапраект аб захаваньні ўкладаў, а не аб вяртаньні


“Дакумэнт датычыць будучыні і цяперашняга часу. Гэта законапраект аб захаваньні ўкладаў насельніцтва, а не аб вяртаньні тых укладаў, якія былі ў часы СССР. Гэтым законам будзе гарантаванае вяртаньне грошай у выпадку, калі банк рухне...”

Цікаўлюся ў Глеба Іванова, ці мяркуе камісія ў пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі і банкаўскай дзейнасьці заняцца праблемай кампэнсацыі ўкладаў, страчаных за савецкім часам:

“Штогод гэта плянуецца. Я ж ужо ня першае скліканьне ў парлямэнце. Але ніяк не атрымліваецца. Штогод пра гэта гаворым, урад задзейнічаны ў праблеме. Аднак ніяк дагэтуль не вяртаемся”.

Ва Ўкраіне, акрамя грашовай кампэнсацыі ў памеры 1000 грыўняў, плянуюць, што “савецкімі” грашыма можна будзе цягам двух гадоў выплачваць розныя камунальныя паслугі. Ці магчыма такое ў Беларусі, пытаюся ў намесьніка старшыні камісіі:

“Як варыянт — можа быць. У прынцыпе, можна знайсьці розныя варыянты. Ня толькі ж вяртаць людзям гатоўкай пасьля індэксацыі. Можна і іншым кампэнсаваць: нечым накшталт камунальных паслугаў, ці, прыкладам, аплатай праязных на транспарце, ці яшчэ нечым”.
У Беларусі да гэтага пытаньня вернуцца перад парлямэнцкімі выбарамі


Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што ў Беларусі на праблему вяртаньня ўкладаў выйдуць перад прэзыдэнцкімі выбарамі:

“Каб вырашыць гэтае пытаньне, патрэбныя палітычная воля і важная палітычная падзея. Юлія Цімашэнка робіць сваю прэзыдэнцкую кампанію. Расея таксама робіць захады ў гэтым кірунку, бо там хутка пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Я думаю, што ў Беларусі да гэтага пытаньня вернуцца часткова перад парлямэнцкімі выбарамі і, безумоўна, перад прэзыдэнцкімі. Бо акрамя вось гэтай папулісцкай тэмы цяжка будзе нешта паказаць людзям як прыклад дасягненьняў у сацыяльнай сфэры”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG