Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка ўхваліў праваслаўную радыёстанцыю


У менскім Доме міласэрнасьці адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы.


Бакі прыйшлі да высновы, што мінулы год стаў адным з самых плённых пэрыядаў узаемадзеяньня ў розных галінах, а цяпер дзяржава і царква павінны аб’яднаць намаганьні для вырашэньня духоўных і сацыяльных праблемаў.

На пачатку прамовы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзяржава стварыла ўсе ўмовы для нармальнай працы ў Беларусі канфэсіяў, якія дзейнічаюць у рамках закону і прыносяць карысьць грамадзтву. Для такіх “правільных” з пункту гледжаньня ўлады канфэсіяў створаны найлепшыя ўмовы: рэлігійныя аб’яднаньні вызваленыя ад падаткаў на зямлю і на нерухомасьць. Яны паводле льготных цэнаў плацяць за спажыты газ, а праваслаўная царква — яшчэ і за цяпло і электрычнасьць. Гэтым ніяк ня могуць пахваліцца перадусім пратэстанцкія цэрквы, зь якіх у лепшым выпадку бяруць плату як з камэрцыйных установаў. А ў горшым — проста ліквідуюць.

“Часта чую ад людзей, што за апошнія 10 гадоў у Менску пад ніводную пратэстанцкую царкву зямлі не давалі, – гаворыць пастар менскай царквы хрысьціянаў веры эвангельскай “Ян Прадцеча” Антоні Бокун. – А цяпер, пасьля прыняцьця Жыльлёвага кодэксу ды іншых нарматыўных дакумэнтаў, плата за зямлю з рэлігійных грамадаў стала непадымнай. Я ведаю, што некаторыя грамады ўвогуле адмовіліся ад лішняй зямлі, пакінуўшы толькі зямлю, на якой стаіць сам будынак. То бок толькі пэрымэтар будынку, і ўсё. Бо плата за зямлю выстаўлялася як для камэрцыйных арганізацыяў”.

За ходам сустрэчы Лукашэнкі з найвышэйшым праваслаўным духавенствам сачылі і палітыкі. Напярэдадні намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта з просьбай хадайнічаць пра зьмякчэньне прысуду былому намесьніку рэдактара газэты “Згода” Аляксандру Зьдзьвіжкову.

18 студзеня Менскі гарадзкі суд прызнаў журналіста вінаватым у “распальваньні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці” і асудзіў да 3 гадоў зьняволеньня. Падставай стала перадрукоўка ў “Згодзе” карыкатураў на мусульманскага прарока Мухамада. “З улікам, што нават мусульманскія сьвятары нэгатыўна выказаліся адносна жорсткага прысуду, голас праваслаўнай царквы можа быць надзвычай важны”, — мяркуе Алесь Міхалевіч:

“Ну, я спадзяюся. Я сапраўды спадзяюся, што Філарэт — магчыма, нефармальна, неафіцыйна, але ўздыме гэтае пытаньне. Вельмі хочацца спадзявацца, што тэрмін Алесю Зьдзьвіжкову будзе скарочаны. Пакуль што цяжка штосьці камэнтаваць, мяркуючы па тых паведамленьнях, што зьяўляюцца. Але што да саміх гэтых сустрэчаў, то кіраўнікі царквы і дзяржавы досыць часта між сабой сустракаюцца, бо праваслаўе па-ранейшаму застаецца першай і асноўнай рэлігіяй”.

Адносна лёсу журналіста Зьдзьвіжкова падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь Філарэтам нічога так і не прагучала. Затое кіраўнік краіны ўхваліў ініцыятыву царквы — стварыць у Беларусі праваслаўную радыёстанцыю. Лукашэнка таксама паабяцаў, што дзяржава будзе дапамагаць царкве па ўсіх пытаньнях — ад падрыхтоўкі кадраў да ўмацаваньня матэрыяльнай базы.
Любы будынак пры нармальным комплексе рэстаўрацыйных работ можна выратаваць


Неўзабаве на тэрыторыі Верхняга гораду пачне дзейнічаць Духоўная акадэмія. Будаўнічыя работы тут ідуць шпарка, і, як кажуць адмыслоўцы, гістарычная частка гораду пры гэтым папросту руйнуецца. Паводле старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, пад экскаватарную рэстаўрацыю трапляюць самыя старыя будынкі, якія захаваліся ў сталіцы:

“Сапраўды, там мураваныя будынкі пачалі ставіцца пры канцы XVI стагодзьдзя. І яны дайшлі да нашага часу, праўда, шматлікія будынкі зь перабудовамі пазьнейшымі, наслаеньнямі. Але ж аснова канца XVI — XVIІ стагодзьдзяў застаецца. Гэта прасочваецца і ў спосабах муроўкі, і ў іншых адметнасьцях — усё гэта можна прасачыць”.

Карэспандэнт: “То бок нельга сказаць, што яны ў зусім аварыйным стане і ўжо рассыпаюцца?”

“Любы будынак пры нармальным комплексе рэстаўрацыйных работаў можна выратаваць. І ў дадзеным выпадку яны зносяцца ня проста так, а пад гэта падводзяцца пэўныя экспэртныя заключэньні. Але ж усім вядома: экспэртнае заключэньне якое трэба, такое могуць і напісаць. Бо ўсе службы павязаныя паміж сабой: што экспэртыза, што гарвыканкам, што царква — усё гэта, як гаворыцца, адзіны мэханізм”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG