Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 23-га студзеня.


Міліцыя з ужываньнем сілы разагнала прадпрымальніцкую акцыю 21 студзеня, учора адбыліся суды над яе ўдзельнікамі. Чаму ўлады па-рознаму рэагавалі на пратэсты 10 студзеня і 21 студзеня? Як ацаніць камэнтар Аляксандра Лукашэнкі на гэтыя падзеі? Якія пэрспэктывы мае пратэстны рух прадпрымальнікаў?

Удзельнікі: актывіст прадпрымальніцкага руху Леў Марголін з Барысава і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі зь Менску.

Чаму ўлады ўжылі сілу?

Валер Карбалевіч: “Падчас акцыі 10 студзеня міліцыя паводзіла сябе даволі асьцярожна. Яна не чапала маніфэстантаў, спакойна дазволіла перакрыць рух на галоўным праспэкце сталіцы. А вось 21 студзеня акцыю фактычна разагналі спэцназам. Прычым кіраваў гэтай сілавой апэрацыяй сам міністар унутраных справаў Навумаў. У чым прычыны такога рознага падыходу да прадпрымальніцкага пратэсту?”

Леў Марголін: “Напэўна, пасьля першай акцыі 10 студзеня ў кіраўніцтве дзяржавы павінна была адбыцца нейкая нарада, на

якой разглядаліся пытаньні стаўленьня да прадпрымальніцкага пратэсту. Напэўна, існавалі два гледзішчы. Адны, мусіць, прапаноўвалі саступкі, а другія патрабавалі ўжыць сілу. Перамагло другое гледзішча. Магчыма, атрымаў вымову і Навумаў. Таму, каб выправіцца, ён і кіраваў разгонам акцыі”.

Аляксандр Класкоўскі: “Відавочна, 10 студзеня быў пэўны момант разгубленасьці ўладаў. Бо ўпершыню заявіла пра сябе новая пратэстная група.

Напрыклад, восеньскія акцыі апазыцыі праходзілі паводле прадказальнага сцэнару. А цяпер на вуліцу выйшлі людзі апалітычныя, якім наступілі на балючы мазоль іх эканамічных інтарэсаў.

У акцыі ўдзельнічалі і прадстаўнікі апазыцыі. Лідэры партыяў, апазыцыйная моладзь даволі тэхналягічна пераводзілі эканамічныя лёзунгі ў палітычнае рэчышча. Атрымалася грымучая сумесь. Таму тая маніфэстацыя была небясьпечнай і непрадказальнай для ўладаў.

Думаю, сапраўды постфактум быў “разбор палётаў”. Пэўна, было вырашана, што калі пайсьці на саступкі, то гэта нанясе большую шкоду ўладзе, народ адчуе яе слабасьць. Сёньня саступяць адным — заўтра выйдуць з патрабаваньнямі іншыя групы. І таму было вырашана ўжыць сілавы сцэнар. А пра свой імідж уладзе непакоіцца няма сэнсу, бо ён і так дрэнны”.

Карбалевіч: “Мне падаецца, што да сілавога сцэнару ўлады падштурхнуў яшчэ адзін чыньнік. Яны ўбачылі, што маштаб пратэсту прадпрымальнікаў не нарастае, таму можна не баяцца і сьмела ўжываць сілу”

Суды над удзельнікамі акцыі

Карбалевіч: ”Учора адбыліся суды над 22 затрыманымі падчас акцыі. Прычым у адрозьненьне ад 10 студзеня, пераважная іх бальшыня — прадпрымальнікі. Палова зь іх атрымалі штрафы. А вось пасьля падзеяў 10 студзеня ўсе арыштаваныя атрымлівалі па 15—20 сутак. Чым вы патлумачыце такую розьніцу ў тактыцы рэпрэсіяў?”

Марголін: “Паколькі 21 студзеня былі арыштаваныя менавіта прадпрымальнікі, то і пакараньне зрабілі мякчэйшае. Бо пазатрымлівалі не арганізатараў, а шараговых удзельнікаў акцыяў. І ўлады ня хочуць ствараць сабе новых сьвядомых апанэнтаў.

Улады ведаюць арганізатараў акцыі 21 студзеня. Але ці затрымаюць іх? Лукашэнка ж сказаў, што прадпрымальнікаў там не было, яны разышліся, бо ўбачылі, што іх падстаўляюць”.

Класкоўскі: “Перад 21 студзеня ўлады ставілі задачу нэўтралізаваць лідэраў прадпрымальнікаў і моладзевых актывістаў. Таму суды давалі ім па 15—20 сутак. І гэта дало пэўны плён, падчас акцыі не адчувалася належнай арганізацыі.

А цяпер, калі нават даць арыштаваным па 15—20 сутак, усё роўна да наступнай абвешчанай акцыі 18 лютага яны выйдуць з-за кратаў. Да таго ж вялікія штрафы – гэта таксама моцны бізун. Нарэшце, калі арышты выклікаюць пэўную рэакцыю на Захадзе, то міжнародны рэзананс ад штрафаў значна меншы”.

Камэнтар Лукашэнкі

Карбалевіч: “Учора ж нарэшце выказаўся наконт пратэсту прадпрымальнікаў і Аляксандар Лукашэнка. Пасьля 10 студзеня ён маўчаў наконт гэтага, а цяпер загаварыў. Чым вы гэта патлумачыце? І як можна пракамэнтаваць ягоную заяву?”

Марголін: “Гэта ўжо была другая гучная акцыя прадпрымальнікаў. Таму Лукашэнка ня мог ужо адмаўчацца, бо гэта магло быць расцэнена як слабасьць.

Ён агучыў тую ж вэрсію, якую ўлады прапанавалі пасьля 10 студзеня: гэта была акцыя не прадпрымальнікаў, а апазыцыі. Але гэтая вэрсія ня дасьць эфэкту. Бо на акцыі было шмат людзей, пра гэта многа паведамлялі мэдыі”.

Класкоўскі: “Найперш трэба адзначыць, што Лукашэнка, пры ўсёй ягонай эмацыйнасьці, умее, калі трэба, вытрымліваць паўзу. Падчас крызысных момантаў, калі шалі вагаюцца і невядома, куды яны хіснуцца, ён маўчыць. Так было падчас газавых войнаў з Расеяй, падчас леташняй акцыі на Дзень Волі.

А 21 студзеня стала зразумела, што хваля пратэсту пакрысе ідзе на спад, рэпрэсіўныя захады даюць плён. Да таго ж на момант заявы Лукашэнкі да гэтага пытаньня была ўжо падрыхтаваная піяраўская глеба. Дзяржаўная прапаганда сьцьвярджала, што гэта апазыцыя распальвае вогнішча.

Разам з тым я б адзначыў, што заява Лукашэнкі выглядае стрыманай і шматслойнай. Там быў мэсыдж тым прадпрымальнікам, якія насьцярожана ставяцца да палітызацыі пратэсту. Маўляў, малайцы, што вы на гэта не павяліся і рэзка адмежаваліся.

Там быў і мэсыдж да насельніцтва: маўляў, нам жа патрэбныя замежныя інвэстыцыі, а такія забурэньні псуюць малюнак нашай стабільнасьці, і таму гэта недарэчы”.

Якія пэрспэктывы мае пратэстны рух прадпрымальнікаў?

Карбалевіч: “Але прадпрымальнікі працягваюць змагацца. Абвешчаны страйк, а новы мітынг на Кастрычніцкай плошчы прызначаны на 18 лютага. Ці не падаецца вам, што гэта ўжо ар’ергардныя баі? Да 18 лютага большасьць прадпрымальнікаў ужо вызначыцца, што ім рабіць: ці пераходзіць у статус юрыдычнай асобы, ці рэгістраваць сваіх найманых работнікаў у якасьці прадпрымальнікаў, ці спыніць сваю дзейнасьць. Якія пэрспэктывы мае пратэстны рух прадпрымальнікаў?”

Марголін: “Рашэньне правесьці наступную акцыю 18 лютага выклікана дзьвюма прычынамі. Па-першае, калі лідэры будуць арыштаваныя пасьля 21 студзеня, то нават калі ім дадуць па 20 сутак, да 18 лютага яны вызваляцца.

Па-другое, тыя прадпрымальнікі, якія перайшлі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, да 20 лютага павінны здаць справаздачу ў падатковую інспэкцыю. І тады шмат хто зразумее, што пасьпяшаўся гэта зрабіць. Таму акцыя 18 лютага можа быць зьмястоўнай”.

Класкоўскі: “Калі паслухаць заявы лідэраў прадпрымальніцкага руху і апазыцыі, то там пераважае бадзёрая танальнасьць. Думаю, што гэта залішне аптымістычныя заявы.

Бо маса прыватных прадпрымальнікаў апалітычная і канфармісцкая. Частка іх насьцярожана ставіцца да спробы палітызаваць гэты рух. У іх шмат ілюзіяў, што з уладамі можна дамовіцца “па панятках”.

Гэтыя людзі прызвычаіліся думаць прагматычна. Жыцьцё іх прывучыла прыстасоўвацца да сытуацыі. Яны прызвычаіліся выжываць у самых неспрыяльных эканамічных умовах. І цяпер яны імкнуцца адаптавацца да новых правілаў. Ім ёсьць што траціць, акрамя ўласных ланцугоў, калі перафразаваць клясыка. І яны цяпер думаюць, як знайсьці новыя, магчыма, шэрыя схемы.

Таму тактыка ўладаў — узяць прадпрымальнікаў на змор — можа даць эфэкт. Але лятэнтная незадаволенасьць у гэтым асяродзьдзі застанецца. І ў пэрспэктыве гэта можа быць небясьпечна для ўлады”.

Марголін: Большасьць прадпрымальнікаў выкарыстоўвае шэрыя схемы: найманыя работнікі працягваюць працаваць, але нелегальна. І тут усё будзе залежаць ад таго, як да гэтага будуць ставіцца ўлады”.

Карбалевіч: “Такім чынам, улады ўзялі курс на сілавыя дзеяньні ў дачыненьні да прадпрымальніцкага руху. Гледзячы па ўсім, ніякіх іншых спосабаў размовы зь незадаволенымі грамадзянамі ў цяперашняй кіроўнай каманды няма”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG