Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі пратэсту прыватных прадпрымальнікаў даюць падставу паразважаць пра зьяўленьне ў Беларусі значнага сацыяльнага слою, які пачынае усю больш уплываць на грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне.


У разьвітых краінах яго называюць сярэдняй клясай. С. Нікалюк і В. Чарноў надрукавалі вялікі і грунтоўны артыкул на гэтую тэму на сайце “Наше мнение”. Яны нагадваюць крытырыі вызначэньня сярэдняй клясы, прынятыя ў сацыялёгіі (узровень даходаў, сацыяльны статус і інш.). Увогуле, сярэдняя кляса зьяўляецца тады, калі людзі вырашылі праблему выжываньня і пачалі клапаціцца пра якасьць свайго жыцьця.

Можна доўга спрачацца пра тое, ці зьявілася ў Беларусі сярэдняя кляса, наколькі яна масавая. Але мала хто будзе аспрэчваць тое, што гэты працэс разьвіваецца даволі хутка. У краіне з спазьненьнем, але высокімі тэмпамі фармуецца спажывецкае грамадзтва. Пра спажывецкі бум сьведчаць хуткі рост цэнаў на жытло. На 23% за мінулы год павялічылася колькасьць імпартаваных аўтамабіляў. Але найбольш уражвае рост спажывецкіх крэдытаў. Асьцярожныя і беражлівыя беларусы пачалі амаль як амэрыканцы жыць за кошт пазыкаў, брать грошы ў банках для будаўніцтва кватэр, куплі дарагіх тавараў.

Паводле высноваў сацыёлягаў, сацыяльныя зьмены вядуць за сабой зьмены ўяўленьняў аб сьвеце. Крах дыктатур у шмат якіх краінах у другой палове ХХ стагодзьдзя быў выкліканы найперш тым, што зьявілася шмат людзей, у якіх з ростам даходаў зьявіліся патрэбнасьць у дэмакратыі. М. Залескі у дакладзе для кіеўскай канфэрэнцыі “К новаму бачаньню Беларусі” ў верасьні 2007 году пісаў: “Той, хто займеў грошай больш чым на хлеб, чым далей, тым болей адчувае смак свабоды. А той, у каго грошай многа, мусіць задумацца пра бясьпеку сваіх інвэстыцыяў. Гэтак людзі адкрываюць сьвет права”.

Гэтае правіла дзейнічае ва ўсім сьвеце, ня толькі у краінах эўра-атлантычнай цывілізацыі, але і ў мусульманскай Турцыі, азіяцкіх дзяржавах: Японіі, Тайвані, Паўднёвай Карэі і інш.

А вось у Беларусі – адзін з шматлікіх парадоксаў - гэтая заканамернасьць пакуль не выявілася. Нават наадварот, пераход да спажывецкага грамадзтва выклікаў рост даверу да палітыкі цяперашняга рэжыму. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, як раз у момант, калі краіна і яе грамадзяне, дзякуючы таннай расейскай нафце, атрымалі найбольшы даход, рэйтынг Лукашэнкі вырас да 63%. Такога высокага ўзроўню падтрымкі ён ня меў за ўсю гісторыю свайго кіраваньня. Дасьледчыкі НІСЭПД даводзілі, што за дзейнага прэзыдэнта прагаласавала значная частка сярэдніх слаёў насельніцтва, прадпрымальнікаў. Менавіта за кошт іх і вырас рэйтынг Лукашэнкі.

Возьмем тых жа прыватных прадпрымальнікаў, якія зьяўляюцца самымі галоўнымі кандыдатамі ў сярэднюю клясу. Іх у краіне сёньня звыш 200 тысяч чалавек. Тых прадпрымальнікаў, якіх закранула забарона мець наёмных работнікаў, налічваецца 64 тыс. Але на Кастрычніцкую плошчу выйшла ня больш 3 тысяч чалавек.

Прычым, у дадзеным выпадку галоўным матывам пратэсту было нават не патрабаваньне свабоды, а карысныя матэрыяльныя інтарэсы.

Зразумела, што можна прывесьці шмат тлумачэньняў гэтаму фэнамену. Што сярэдняя кляса ў Беларусі яшчэ не склалася, а тое што мы маем, можна кваліфакаваць як протакляса. Што людзі, якія ўпершыню дарваліся да прыстойнага жыцьця, баяцца усё страціць. Што бізнэс у Беларусі (за выключэньнем прыватных прадпрымальнікаў) можа існаваць толькі “пад дахам” дзяржаўных структур. І іншае. Але насьцярожвае тэндэнцыя. Пакуль што спажывецкі бум умацоўвае пазыцыі Лукашэнкі.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG