Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За расейскі крэдыт – у пажыцьцёвую кабалу?


Сёньня беларуская афіцыйная дэлегацыя выпраўляецца ў Маскву, дзе возьме ўдзел у 20-м паседжаньні кіраўнікоў урадаў краінаў Міждзяржаўнага Савету Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС).


Мяркуецца, што Расея, Казахстан і Беларусь завершаць палітычныя перамовы аб стварэньні Мытнага саюзу, хоць падпісаньне выніковага дакумэнту і не плянуецца. Між тым, беларускі бок ня столькі разьлічвае на мытныя ў пэрспэктыве выгоды, колькі мае намер дамовіцца па куды больш прынцыповаму пытаньню – на атрыманьне чарговага расейскага крэдыту
.

Напярэдадні першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў што пытаньне аб выдаткаваньні Беларусі новага расейскага крэдыту будзе ўзьнятае падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў ЭўрАзЭС 25 студзеня. Ён удакладніў, што Беларусь надзвычай зацікаўленая ў атрыманьні крэдыту, сума якога папярэдне акрэсьленая ў 2 мільярды даляраў. Чыноўнік патлумачыў: з гледзішча кошту энэргарэсурсаў на ўсясьветным рынку і тэрмінаў вяртаньня сродкаў лепшага варыянту знайсьці немагчыма.
Нагадаем, што пры канцы 2007 году Беларусь ужо атрымала расейскі крэдыт у суме 1,5 мільярда даляраў, на 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай і пад 0,75% гадавых (папярэдні расейскі крэдыт, атрыманы ў 2005 годзе, складаў 150 мільёнаў даляраў – то бок, у 10 разоў меншы, чым леташні). Падчас падпісаньня адпаведнага пагадненьня ў Маскве віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксей Кудрын агучыў магчымасьць выдаць Беларусі яшчэ адзін крэдыт, ужо ў памеры 2 мільярды даляраў. Як спадзяецца спадар Харкавец, калі ўмовы крэдытаваньня асабліва ня зьменяцца, то будзе проста цудоўна.
Экспэрт у беларуска-расейскіх дачыненьнях Андрэй Суздальцаў лічыць, што цяпер Беларусь залежыць ад Расеі ня толькі палітычна, але па фінансавых абавязках. Адзін толькі папярэдні крэдыт складае больш за 4% валавага ўнутранага прадукту краіны:
“Крэдыт дадуць, але тут праблема некалькіх парадкаў. Найперш трэба ўлічваць, што ў расейскім урадзе ёсьць выразнае меркаваньне: заганяць Беларусь у сацыяльна-эканамічны крызыс няма ніякага сэнсу. Таму што “ўвагнаць” яе туды можна, а выводзіць адтуль давядзецца яшчэ большымі грашыма. А пакідаць на транзытных шляхах у Эўропу такую эканоміку, якая, па-сутнасьці, “раскладваецца”, нямэтазгодна. Таму, канечне, крэдытам дапамагчы ня супраць. Але, бачыце, дапамога ад пачатку ўвязвалася з тым, што Беларусь павінна была прызнаць свайго роду “эскалатар” падыходу да ўсясьветных коштаў, што, у прынцыпе, Беларусь вельмі не задавальняла. І ўзьнік вось такі элемэнт гандлю: то бок, вы прызнаеце пагадненьне студзеня 2007 году – дадзім крэдыт. А не прызнаеце – не дадзім нічога”.
Паводле Суздальцава, у дадзеным выпадку ніхто асабліва не прайграў: Расея прывязала да сябе Беларусь фінансавымі абавязкамі, а Лукашэнка пазбавіўся галаўнога болю – чым плаціць за імпартаваныя энэргарэсурсы?
Паведамлялася, што 1,5 мільярда даляраў крэдыту скіраваныя на фінансаваньне дэфіцыту беларускага бюджэту, які на 2008 год вызначаны ў эквіваленце 1,2 мільярда даляраў. А вось адрасная скіраванасьць 2 мільярдаў даляраў пакуль не ўдакладняецца. У эканаміста Леаніда Злотнікава цікаўлюся: ці магчыма, што і новы крэдыт пойдзе пераважна на кампэнсацыю выдаткаў за спажытыя энэргарэсурсы?
“Не. Але цяжка адказаць, на што яны пойдуць. Бо 1,5 мільярда даляраў сапраўды ідуць на пакрыцьцё гэтых затратаў. Да іх яшчэ паўмільярда – і хапае. Больш выдаткаў дадатковых, якія зьвязаныя з падвышэньнем коштаў на энэрганосьбіты, больш грошай і не патрэбна. Трэба ўлічваць, што яшчэ будзе 600 мільёнаў даляраў другая транша “Газпрому” за акцыі “Белтрансгазу”. То бок, 1,5 мільярда, якія ёсьць, і тыя 600 мільёнаў, яны і пакрываюць дадатковыя выдаткі на энэрганосьбіты. Гэтага было б дастаткова. Праблемы Беларусі ня ў тым, што існуюць фінансавыя пытаньні. Ня толькі і ня столькі ў тым, што Беларусь зараз набывае энэрганосьбіты па больш высокіх коштах. Наша эканоміка сама па сабе неэфэктыўная. А на пакрыцьцё неэфэктыўнай эканомікі заўсёды патрабуюцца большыя грошы”.
Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць Беларусі складае 2,2 мільярды даляраў. У законе “Аб бюджэце на 2008 год” ліміт павялічаны да 6 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG