Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія рынкі пасьля акцыі 21 студзеня <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Частка гандлёвых пунктаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах у Менску сёньня не працавала. Прадпрымальнікі чакаюць зьменаў заканадаўства і гатовыя далей змагацца за свае правы.


На рынку “Ждановічы” не працуе частка пунктаў, дзе раней гандлявалі селядцамі, каўбасамі, кандытарскімі вырабамі. Пустуе большая частка радоў пад адкрытым небам для продажу гародніны і садавіны.



Начальнік аддзелу грамадзкіх сувязяў гандлёвага цэнтру “Ждановічы” Леанід Чваркоў патлумачыў:

“Невялікая частка не працуе з адной простай прычыны — у сувязі з пераафармленьнем індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Гэта часовая зьява. Як толькі яны аформяцца, адразу прыступяць да працы”.

Тэлефаную адной з гандлярак рыбай, Сьвятлане, чыё месца пустуе. Яна сказала, што падала дакумэнты на пераафармленьне яшчэ ў сьнежні, але яны дагэтуль не гатовыя. І цяпер яна ня можа працаваць ні як індывідуальны прадпрымальнік, ні як “ЧУП”.

“Я цяпер ня маю найманых асобаў, дзяўчаткі бяз працы засталіся. Для мяне гэта таксама вельмі важна, прадаўцы засталіся бяз працы. Я страціла арэнду прылаўкаў, на якіх не магу працаваць. Я не магла не аплаціць гэтыя прылаўкі, бо мяне пазбавілі б месца. А калі я аплаціла прылавак, але не працую на ім, значыць, я страціла гэтыя грошы”.



У гандлёвым цэнтры “Мир моды” і на будаўнічым рынку частка шапікаў таксама зачыненая. На дзьвярах вісяць абвесткі — “у зьвязку з пераафармленьнем дакумэнтаў”, “у зьвязку з адпачынкам”. Частка шапікаў здаецца ў арэнду ці наогул прадаецца. Гандляры абмяркоўваюць акцыю пратэсту 21 студзеня і кажуць, што гатовыя далей змагацца за свае правы:

Гандляр: “Душыць людзей, кідаць у аўтазакі... Я асабіста стаяў за 20 мэтраў ад міністра Навумава. І бачыў, калі людзі да яго зьвярталіся і казалі “спадар міністар, як вам ня сорамна”, ён паказваў пальцамі, і міліцыянты хапалі за каўнер і ў аўтазак цягнулі. Вось такая ў нас краіна. Поўны фашызм”.

Гандлярка: ”Калі ўсе падымуцца, ня толькі прадпрымальнікі, тады нешта будзе”.

Гандляр: ”Дзе апазыцыя, дзе Мілінкевіч? Нас душаць цяпер, іх будуць душыць потым, так і перадушаць усіх па адным. Нельга сядзець дома.
Людзі проста ня ведаюць, што адбываецца ў краіне”.



Тыповыя аб’явы ў гандлёвым цэнтры “Мир моды”


Частка шапікаў, аднак, працуе. Чаму?

Гандляр: “У каго ёсьць родныя, тыя працуюць. А вы пабачце, колькі зачынена, на той “Мир моды” схадзіце”.

Гандляр: “Жыць жа трэба, карміцца трэба, выжываць. 37-ы год ідзе”.

Гандляр: “Таталітарная краіна. Тэлебачаньне якое ў нас: што паказваюць і што творыцца?!”

Гандляр: “Сямейныя сувязі ўсюды, сваіх сынкоў усюды цягнуць, ставяць”.

Карэспандэнт: “Ці пойдуць прадпрымальнікі ў “ЧУПы”?

Гандляр: “ЧУПаў” ніякіх ня будзе. Гэта ж нерэальна. Індывідуальны прадпрымальнік як кляса вымра”.

Гандляр: “Усе хочуць распрадацца. Уладзе трэба, каб народ сядзеў на заводах, на галодным пайку, каб не стаяў на плошчы, каб быў кіраваны натоўп, быдла”.

У менскім гандлёвым цэнтры “Паркінг” такая ж сытуацыя. Частка шапікаў не працуе. Гутару з гандляром, у якога “татальны распродаж”.

Гандляр: “Няма сэнсу працаваць, таму ў нас татальны распродаж, таму мы зачыняемся. Многа падаткаў, арэнды і мала пакупнікоў. У “ЧУП” мы ня будзем пераходзіць. Гэта надзвычай нявыгадна”.

Карэспандэнт: “Я бачу, частка шапікаў не працуе?”

Гандляр: “Людзі зьехалі, няма каму працаваць. Альбо няма каму працаваць, бо няма гандляроў, альбо ўжо нявыгадна. І яшчэ больш будзе зачынена з часам. Зачыняюцца, зь лютага шмат хто зьяжджае”.
XS
SM
MD
LG