Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі больш за паўсотні палітвязьняў


У турму на вуліцы Акрэсьціна, пачынаючы ад 9 студзеня, трапіла больш за паўсотні апазыцыянэраў.


Адных затрымалі прэвэнтыўна, іншых – падчас разгону акцыяў прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня. За ўдзел у дэманстрацыі 21 студзеня амаль палову затрыманых пакаралі штрафамі, 8 чалавек арыштавалі. Агульная сума штрафаў склала 13 мільёнаў рублёў.

У турму на вуліцы Акрэсьціна сваякі і сябры арыштаваных перадаюць туалетныя прыналежнасьці, цёплыя рэчы і газэты. Супрацоўнікі турмы адмаўляюцца прымаць для апазыцыянэраў харчовыя перадачы. Яны спасылаюцца на новы Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях.

Гэтым кодэксам, сярод іншага, прадугледжаны шпацыр для вязьняў і бялізна, але адміністрацыя турмы па-ранейшаму адмаўляе арыштаваным у шпацыры на сьвежым паветры. Што тычыцца бялізны, то людзі сьпяць на дошках у тым, у чым іх затрымалі. Адміністрацыя адмовілася прымаць для вязьняў нават “спальнікі”.

Сярод затрыманых — лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, а таксама Франак Вячорка, Людміла Атакулава, Кася Краснова, Макім Вінярскі ды іншыя. Калі раней за краты траплялі ў асноўным актывісты моладзевага дэмакратычнага руху, то гэтым разам большасьць арыштаваных — прадпрымальнікі зь Менску ды іншых гарадоў.

Уладзімера Няпомняшчага, прадпрымальніка з Гомелю, арыштавалі на 15 сутак. Ён сам былы капітан міліцыі. Убачыўшы на плошчы міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, паспрабаваў да яго зьвярнуцца. Яго схапіў сам сп.Навумаў і перадаў сваім падначаленым са словамі: “Узяць яго!”.

Некалькі чалавек трымаюць галадоўку на знак пратэсту супраць прысудаў. Сярод іх адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў.

Вячаслава Сіўчыка затрымалі прэвэнтыўна 9 студзеня і арыштавалі на 10 сутак. Ён ужо адбыў пакараньне і апавёў “Свабодзе”, у якіх умовах трымаюць апазыцыянэраў.

Там, мусіць, выконваюць дырэктыву па эканоміі энэргіі, таму ў камэрах вельмі холадна.
“Там, мусіць, выконваюць дырэктыву па эканоміі энэргіі, таму ў камэрах вельмі холадна. Ходзіць нейкі вірус, які назвалі “акрэсьцінскі”. У маёй камэры, гэта 21-я камэра, усе былі хворыя. Гэта нешта кшталту грыпу – чалавек першыя двое сутак хварэе досыць моцна. Разам са мной у камэры быў Алесь Сьцепаненка, якому 17 студзеня споўнілася 20 гадоў. Мы, як маглі, гэта адсьвяткавалі. Дзень народзінаў быў і ў 18-гадовага Рамана Багдановіча”.

Адвакатка Вера Страмкоўская неаднойчы наведвала сваіх падабаронных у турме на вуліцы Акрэсьціна. Яна абураная дзеяньнямі адміністрацыі. Сп-ня Страмкоўская паведаміла, што ўсе скаргі на прысуды супрацоўнікі турмы накіравалі ў гарадзкі суд, замест таго каб, паводле заканадаўства, накіраваць іх у той суд, дзе абвяшчаліся прысуды. У выніку тэрміны для абскарджаньня прапушчаныя і разгляд скаргаў пачнецца 25 студзеня, у той самы дзень, калі большая частка асуджаных выйдзе на волю.

“Спаткалася з Тацянай Цішкевіч і таксама з Шумчанкам. Цішкевіч кашляе. Ёсьць прыкметы таго, што яна мае нейкае лёгачнае захворваньне. Я вырашала пытаньне, размаўляла з дырэкцыяй наконт таго, каб яе перавялі ў іншую камэру. Раней яе перавялі ў цяплейшую камэру, але там паляць”.

Многія з арыштаваных — студэнты вышэйшых навучальных установаў. Іх бацькі непакояцца, што рэктараты прымуць рашэньне адлічыць усіх з вучобы за пропускі экзамэнаў.
XS
SM
MD
LG