Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спадзяецца на яшчэ адзін расейскі крэдыт


Беларусь зацікаўленая ў прыцягненьні чарговага расейскага крэдыту на два мільярды даляраў.


Пра гэта заявіў першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Мяркуецца, што пытаньне аб выдзяленьні новага крэдыту прэм’еры Беларусі і Расеі абмяркуюць 25 студзеня ў Маскве ў рамках паседжаньня кіраўнікоў урадаў краінаў ЭўрАзЭС.

Першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец адзначае, што расейскі дзяржкрэдыт на 1,5 мільярда даляраў, атрыманы ў сьнежні 2007 г., быў дадзены на вельмі выгадных умовах. Спадар Харкавец спадзяецца, што гэтыя ўмовы захаваюцца і ў дачыненьні да новага крэдыту.

“З пункту гледжаньня кошту рэсурсаў таньней цяпер немагчыма знайсьці, і што да тэрмінаў, расейскі дзяржкрэдыт таксама найбольш выгадны і эфэктыўны”, цытуе Андрэя Харкаўца расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новый Регион”.

Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук лічыць, што беларускае міністэрства фінансаў становіцца асноўным лабістам інтарэсаў расейскага буйнога капіталу.

Калі будзе такі крэдыт, то ня будзе стымулаў для рэфармаваньня беларускай эканомікі.
“Замест таго каб наводзіць парадак у сваіх фінансах, яны ідуць лёгкім шляхам павелічэньня запазычанасьці. Калі будзе такі крэдыт, то Беларусь ня зможа паменшыць залежнасьць ад энэрганосьбітаў і ня будзе ніякіх стымулаў для рэфармаваньня беларускай эканомікі. Калі даюць “анаболік”, то ён прыносіць кароткатэрміновыя дывідэнды, можна нават даходы насельніцтва павялічыць — тады навошта нешта рэфармаваць?

Пазыцыя Расеі заключаецца ў тым, каб тут нічога не рабілі, і потым нашы найлепшыя актывы можна будзе забраць за мінімальную цану. А беларускі ўрад, замест таго каб думаць стратэгічна, думае ў межах пяцігодкі і вызначанага пляну. Але менавіта выкананьне гэтага пляну пры дапамозе зьнешніх крэдытаў і зьяўляецца той пасткай, у якую мы ўсе разам патрапім”, — лічыць Яраслаў Раманчук.

Летась у сьнежні міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што паводле ўмоваў новы крэдыт для Беларусі будзе адрозьнівацца ад крэдыту на 1,5 мільярда даляраў. “Адна з формаў, якая ўжо распрацоўваецца, гэта пазыка на нашым рынку”, — сказаў Кудрын. Аднак пазьней крыніца ў расейскім урадзе паведаміла, што афіцыйна Беларусь не зьвярталася да Расеі па новы крэдыт.

Эканаміст Аляксандар Патупа зьвяртае ўвагу на тое, што Расея крэдытуе Беларусь з пэўнымі ўмовамі.

Адна з умоваў — як Беларусь ставіцца да расейскіх інвэстараў.
“Адна з умоваў – як Беларусь ставіцца да расейскіх інвэстараў. На сёньня значная частка расейскіх інвэстараў прыходзіць у Беларусь, і ім ствараюцца пэўныя ўмовы. Тады і расейскі крэдыт даецца.

Пытаньне пра расейскі крэдыт – гэта пытаньне, у якім кірунку ён пойдзе. Калі гэта будзе проста кампэнсатар выдаткаў на энэрганосьбіты, то гэта называецца – праядаць крэдыт. Раз так, другі, і мы будзем мець вельмі вялікі доўг. А для таго, каб усур’ёз стымуляваць інвэстыцыйны працэс, трэба мець іншую эканамічную мадэль...” — мяркуе Аляксандар Патупа.

Палітоляг Андрэй Фёдараў перакананы, што тут ёсьць ня толькі эканамічныя, але і палітычныя чыньнікі.

Ёсьць меркаваньні, што расейцы даюць яго так, ведаючы, што ніхто вяртаць ня будзе.
“Мне падаецца, што значную ролю адыгрывае імкненьне Ўкраіны ў НАТО, якое цяпер дэманструецца вельмі актыўна. І Масква зусім ня хоча страчваць апошняга свайго хаўрусьніка на заходнім напрамку, таму яна будзе рабіць усё, каб нас не адпусьціць.

Усё залежыць ад таго, на што ён будзе скарыстаны. Калі ён будзе праедзены, у нас значна павялічыцца зьнешні доўг. Гэта ў тым выпадку, калі гэта сапраўды крэдыт, які трэба будзе вяртаць. Бо ёсьць меркаваньні, што расейцы даюць яго так, ведаючы, што ніхто яго вяртаць ня будзе”, — прагназуе Андрэй Фёдараў.

Летась Расея дала Беларусі 1,5 мільярда даляраў дзяржаўнага крэдыту на наступных умовах: 15 гадоў з адтэрміноўкай на 5 гадоў, працэнты паводле стаўкі 0,75% гадавых. 1,5 мільярда даляраў расейскага крэдыту мяркуецца скіраваць на фінансаваньне дэфіцыту беларускага бюджэту, які на 2008 год вызначаны ў памеры 1,9% валавога ўнутранага прадукту, альбо 1,2 мільярда даляраў. Адрасная скіраванасьць тэарэтычных 2 мільярдаў даляраў пакуль што ўдакладняецца. Прагназуецца, што для Беларусі выплаты па магчымым крэдыце ў 3,5 мільярда даляраў складуць блізу 7% гадавых выдаткаў.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG