Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Магілёўшчыне труцяцца сурагатным алькаголем з Расеі


400 чалавек на Магілёўшчыне памерлі ў 2007 годзе, атруціўшыся сурагатным алькаголем.


У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры кажуць, што найбольш труцяцца такім алькаголем людзі ў памежных з Расеяй раёнах Магілёўшчыны. Днямі абласная управа міліцыі праз улёткі зьвярнулася да жыхароў вобласьці па дапамогу ў выяўленьні месцаў, дзе незаконна гандлююць алькаголем.

Ва ўлётках, расклееных каля харчовых крамаў ды рэстарацыяў, міліцыянты просяць грамадзян паведамляць пра людзей, якія гандлююць алькагольнымі напоямі або ўвозяць іх, і пра месцы такога гандлю на тэлефон “гарачай лініі”.

У абласной управе міліцыі паведамілі “Свабодзе”, што “гарачая лінія” працуе ўжо два гады. Паведамленьняў за гэты час было шмат, і бальшыня зь іх пацьвердзілася:

Тут і гандаль сьпіртам, які з Расеі прывозяць, тут і гарэлка расейская.
“Тут і гандаль сьпіртам, які з Расеі прывозяць, тут і гарэлка расейская. У нас тут самагон, гандаль віном, нашай гарэлкай і ўсё такое. Адны займаюцца гэтым, каб разьлічыцца за працу ў сельскай мясцовасьці. Наймаюць работнікаў, каб зямлю ўзараць, або яшчэ нешта, і разьлічваюцца зь імі самагонкаю. А другія — дзеля нажывы”, — зазначыў дзяжурны міліцыянт управы.

Паводле дзяжурнага, два гады таму, калі лінія толькі зьявілася, незаконныя месцы продажу алькаголю выяўлялі пераважна ў Магілёве, цяпер іх шмат і ў раёнах.

А што пра незаконны гандаль алькаголем думаюць магілёўцы? Вось некаторыя меркаваньні:

“У нас дужа шмат выпускаецца розных напояў, ад якіх людзі потым пакутуюць, мерзнуць і гэтак далей. Ведаеце, у нас шмат чаго прадаюць, і людзі ведаюць, што карыстацца гэтым нельга. Грошы, толькі грошы. Калі чалавек ведае загадзя, што гэта дрэннае, і набывае, я гэтага зразумець не магу”, — выказаўся спадар, які кажа, што ніколі не набываў незаконнага алькаголю.

Спадарыня пачала адказваць на пытаньне пра алькаголь гэтак: “Шмат выпадкаў, вось па тэлевізары паказваюць, што ў бальніцы людзі ляжаць з жоўтымі вачыма. Прыбытак, нажыва, напэўна”.

Карэспандэнт: “А міліцыі ці дапамаглі б?”

Спадарыня “Не, канечне, каб мяне потым злавілі”.

Другая спадарыня лічыць гэтак: “Я такога не ўжываю. Я думаю, што праблема актуальная, бо па тэлевізары паказваюць, у навінах. Грошы, іншай матывацыі я ня бачу”.

Карэспандэнт: “А міліцыі ці дапамаглі б?”

Спадарыня: “Калі б гэта закранула маю сям’ю або маіх знаёмых — можа, так. Пакуль мяне гэта ня тычыцца, дык не”.

У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры кажуць, што летась ад ужываньня няякаснага алькаголю памерлі 400 чалавек. Праблема гэтая найбольш актуальная для раёнаў, якія мяжуюць з Расеяй.

Атручэньні ідуць праз ужываньне вадкасьцяў, якія ўтрымліваюць сьпірт і якія пастаўляюцца з Расеі, у тым ліку й незаконна.
“Атручэньні ідуць праз ужываньне вадкасьцяў, якія ўтрымліваюць сьпірт і якія пастаўляюцца з Расеі, у тым ліку й незаконна. Як правіла, атручэньні адбываюцца, калі людзі набываюць з рук невядома што, калі невядома, якая гарэлка і дзе яна ўпакаваная”, — зазначыў намесьнік галоўнага доктара наркалягічнага дыспансэру Аляксандар Лугавы.

У 2007 годзе ў аддзяленьне таксыкалёгіі магілёўскай гарадзкой бальніцы хуткай дапамогі з дыягназам “атручэньне сурагатным алькаголем” паступіла 702 чалавекі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на Магілёўшчыне на дыспансэрным уліку наркалягічных службаў знаходзяцца 23 тысячы чалавек. У параўнаньні з 2002 годам хворых на алькагалізм стала амаль у паўтара раза болей.

Спажываньне абсалютнага алькаголю ў параўнаньні з 1995 годам павялічылася зь сямі літраў на чалавека да амаль дзевяці з паловай літраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG