Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дом літаратара: Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Ганна Кісьліцына


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 19 студзеня).

ЛІТПРАЦЭС

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “АЛЯКСАНДАР ІРВАНЕЦ – ПАЎНАМОЦНЫ ПРАДСТАЎНІК БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ВА ЎКРАІНЕ”

Выдавец Зьміцер Колас выдаў кнігу выбраных твораў аднаго з самых папулярных сучасных украінскіх пісьменьнікаў Аляксандра Ірванца “Роўна/Ровно”. Аўтар, на жаль, ня змог прыехаць у Менск на яе прэзэнтацыю, якая адбылася 16 студзеня. Таму ў «Доме літаратара» кнігу прадстаўляе яе перакладчык Уладзімер Арлоў.

Радыё Свабода: “Спадар Уладзімер, чым вас так прывабілі творы Аляксандра Ірванца, што вы адклалі напісаньне ўласных і ўзяліся перакладаць свайго ўкраінскага калегу?”

Уладзімер Арлоў: “Гэты пісьменьнік вельмі блізкі мне па сьветабачаньні, сьветаразуменьні і сьветаўяўленьні. Бадай што няма іншага літаратара, зь якім у мяне так шмат супадала б у поглядах на сьвет, ва ўспамінах пра дзяцінства, юнацтва. Я мяркую, што якраз вось гэтая блізкасьць сьветаўспрыманьня сталася для мяне галоўным у рашэньні перакласьці менавіта творы Аляксандра Ірванца”.

РС: “Першае знаёмства са зьместам гэтай кнігі наводзіць на думку, што творчасьць Аляксандра Ірванца пэўным чынам нагадвае творчасьць вядомага пісьменьніка-антыўтапіста Джорджа Оруэла. Пра што піша Аляксандар Ірванец? Ці сапраўды ягоныя творы фантастычныя, ці гэта нешта іншае, што вас прывабіла?”

Арлоў: “Пэўныя аналёгіі з творчасьцю Оруэла можна знайсьці. Як і Оруэл, Ірванец стварыў свой раман “Рівнэ/Ровно” таксама ў жанры антыўтопіі. У гэтым рамане Ўкраіна падзеленая на Заходнюю і Ўсходнюю. Тое самае сталася і з Роўнам, родным горадам галоўнага героя пісьменьніка Шлоймы Іцервана і, дарэчы, родным горадам самога аўтара. У рамане Шлойма атрымлівае дазвол на аднадзённы візыт у аддзелены мурам усходні сэктар. І там славутага літаратара чакаюць ня толькі напалоханыя сваякі, але і калегі зь мясцовага аддзяленьня правільнага і чэснага саюзу пісьменьнікаў СРУ. (Гэтая абрэвіятура расшыфроўваецца як Сацыялістычная рэспубліка Ўкраіна.) А кампанію гэтым пісьменьнікам складаюць аматары прыгожага пісьменства ў цывільным. І неспадзявана ў візытанта зьяўляецца шанец аб’яднаць падзелены мурам горад.

У кнігу таксама ўвайшлі п’есы Ірванца, якія ставіліся, акрамя радзімы аўтара, ў некалькіх эўрапейскіх краінах. Адна з гэтых п’есаў “Электрычка на Вялікдзень” прыцягнула ўвагу вядомага беларускага тэатральнага рэжысэра, але яму растлумачылі, што ён ня здолее ажыцьцявіць пастаноўку гэтай п’есы”.

РС: “Гэткім чынам атрымліваецца, што Ірванец дзесяць гадоў таму напісаў ня толькі пра падзеленую на савецкую і ўласна ўкраінскую сваю краіну, але і пра сучасную Беларусь з правільным і няправільным пісьменьніцкімі саюзамі. А прыведзены вамі прыклад пра спробу паставіць у Беларусі ягоную п’есу паказвае, што адказныя таварышы непакояцца: гледачы ў залі могуць падумаць не пра тую Беларусь, пра якую дбаюць улады...”

Арлоў: “Так, нейкім чынам украінскі пісьменьнік прадбачыў і нашу беларускую будучыню, а цяпер ужо рэчаіснасьць з таксама правільным і няправільным саюзамі пісьменьнікаў, з разьяднанасьцю краіны на дзьве, якія існуюць на адной і той самай тэрыторыі і ў адным і тым самым часе, але ў кожнай зь іх свая мова, свая сымболіка, свая гісторыя і свае мары пра будучыню. Нават калі казаць пра нашу сталіцу, то яна таксама разьяднаная: хтосьці жыве ў Мінску, а хтосьці ў Менску, пра што сьпявае ў сваёй папулярнай песьні Лявон Вольскі”.

РС: “Вось і яшчэ адна аналёгія – “Рівнэ/Ровно” і “Менск/Минск”. А нядаўна вы ўдзельнічалі ў Кіеве ў фэсьце пад сымбалічным назовам “Вялікае Княства Паэзіі”...

Арлоў: “Гэты фэст, ідэя якога належыць былому амбасадару Літоўскай рэспублікі ў Беларусі, а цяпер міністру замежных спраў Літвы Пятрасу Вайцякунасу, зьбірае на свае выступы літаратараў, якія рэпрэзэнтуюць народы былога Вялікага Княства Літоўскага. І мы ўзаемна перакладаем адзін аднаго...”

РС: “Сам Ірванец таксама актыўна займаецца перакладамі беларускай літаратуры на ўкраінскую мову...”

Арлоў: “Так, Аляксандар Ірванец – ня толькі выбітны празаік, паэт і драматург, але і надзвычай актыўны і таленавіты перакладчык. Менавіта Ірванец перакладае цяпер зь беларускай ва Ўкраіне найбольш. Ён перакладаў на ўкраінскую беларускіх паэтаў, перакладаў прозу Вінцэся Мудрова і Адама Глёбуса. Плёнам яго перакладчыцкай дзейнасьці ўжо сталіся дзьве кнігі – гэта зборнік прозы Васіля Быкава “Пахаджане” і зборнік маёй прозы “Рэквіем для бэнзапілы”. Як гаварылася на прэзэнтацыі выбраных твораў Аляксандра Ірванца, ён цяпер зьяўляецца паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры ва Ўкраіне. Тамсама прагучала прапанова пра яго прыём у ганаровыя сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. А пасьля выступу на прэзэнтацыі кіраўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва каралеўства Швэцыі Стэфана Эрыксана, які таксама займаецца перакладамі зь беларускай мовы, нават прагучала думка, што, магчыма, Аляксандар Ірванец у пэрспэктыве зможа стаць і амбасадарам Украіны ў Беларусі”.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ: “У НАС ЗАШМАТ ФАТАЛІЗМУ Й ЗАМАЛА ВОЛІ”


Апошнім часам Уладзімер Някляеў часьцей друкуе сваю прозу. Прыкладам, толькі часопіс “Дзеяслоў” цягам мінулага году тройчы аддаваў свае старонкі пад ягоныя біяграфічныя нарысы і апавяданьні. Але на рабочым стале пісьменьніка – і кніга паэзіі пад назвай “Кон”, праца над якою амаль завершаная. У творчую лябараторыю паэта з дазволу гаспадара зазірнуў <b>Міхась Скобла</b>.

Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, першае пытаньне, накліканае назвай будучай кнігі. Вы верыце ў наканаванасьць пэўных падзеяў, якія прадухіліць немагчыма?”

Уладзімер Някляеў: “Усё ў гэтым жыцьці, акрамя сьмерці, магчыма прадухіліць, таму я не такі ўжо прававерны фаталіст. Воля чалавечая здольная рабіць карэкцыю розных праяваў жыцьця. І ў тым, што мы сёньня ніяк ня можам скарэктаваць наша беларускае жыцьцё, мне бачыцца зашмат фаталізму і замала волі. І гэта мяне засмучае”.

Скобла: “У вашых вершах апошніх гадоў вельмі часта прысутнічае слова Бог. Ці патрэбен творцу ў дыялёгах з Богам пасярэднік – сьвятар, царква ці яшчэ нехта?”

Някляеў: “Не, не патрэбен. Калі мець на ўвазе вядомыя словы Ніцшэ (“Бог памёр”), Бог пачаў паміраць якраз тады, калі ўзьніклі храмы, якія сталі называцца Божымі, і служкі, якія часам бралі на сябе Божыя функцыі. Бог у тыя храмы не ўвайшоў, а з тых пячораў, дзе ён нарадзіўся і якія, па сутнасьці, ёсьць нашы душы, Ён пачаў зьнікаць. Так што ў мяне заўсёды былі складаныя адносіны зь інстытутамі веры, прычым незалежна ад іх канфэсіі, ці гэта каталіцызм, ці гэта праваслаўе. І яны на сёньняшні дзень такімі й застаюцца. Але Бог як субстанцыя, якая ўключае ў сябе ўсё – і жыцьцё, і сьмерць – абсалютна неабходны для сьветаадчуваньня чалавека. Для мяне ніколі не існавала пытаньня, ёсьць Бог ці няма. Нават у часы ваяўнічага атэізму. Бо я гадаваўся ў дзеда, які быў проста сьвятым чалавекам і вернікам бездакорным. Ён верыў у Бога ў маім разуменьні – ва ўсясьветнае Дабро і Справядлівасьць”.

Скобла: “Іосіф Бродзкі, як мне падалося, з зайздрасьцю пісаў: “Добра было Баху, ён у сваіх імшах зьвяртаўся напрасткі да Бога. А паэт мусіць гаварыць пра створанае Богам: лес, раку, чалавека, ды яшчэ звычайнымі словамі, якімі яго жонка на вячэру кліча”. У вэрбальным выказваньні адчутага ці адчуваеце вы перашкоды?”

Някляеў: “Безумоўна. Магчыма, музыка для некага, для таго ж Бродзкага, і ёсьць Бог. Ва ўсякім разе, ягонае фанэтычнае гучаньне ў гэтым сьвеце. Сапраўды, быць музыкам – магчыма, больш зайздросная доля, музыка можа непасрэдна размаўляць з Богам. Але менавіта ў спробе тых пераадоленьняў, калі ты ўступаеш у дыялёг з Усявышнім, у тым ліку пераадоленьняў моўных, інтанацыйных, ёсьць свая перавага. Таму што ты працуеш, спрабуеш працаваць у дзьвюх плынях: у той плыні, якая Боская, высокая, і ў той, якая ніжэйшая. І ты намагаесься зрабіць так, каб плыні гэтыя зьліліся ў адну і пацяклі адной нябеснай плыньню. Гэта заўсёды цікава”.

Скобла: “Вы ніколі не цураліся публічных выступаў. Наколькі вам патрэбен кантакт з чытачом не праз кнігу, не праз тэкст, а непасрэдна – вочы ў вочы?”

Някляеў: “Шчыра кажучы, той патрэбы, якая была некалі, сёньня я не адчуваю. Але ня толькі ў непасрэдным кантакце, але і ў кантакце праз кнігу. Вось сёньня ў мяне ляжаць гатовыя да друку кніга паэзіі “Кон”, кніга прозы, кніга паэтычнай драматургіі й кніга эсэ. Яны цалкам гатовыя да выданьня. Але мне чамусьці ня хочацца бегаць па выдаўцах ці ў пошуках фундатараў. Няма такой хэнці, як раней, зь першымі кнігамі. Ну ляжаць рукапісы, і хай сабе ляжаць. Яны, як вядома, не гараць. Час ад часу я да іх вяртаюся, нешта папраўлю, дапішу ці выкрасьлю”.

Скобла: “Ваш афіцыйны сайт не абнаўляецца з 2005 году. Чаму вы яго так занядбалі?”

Някляеў: “Калі я быў яшчэ ў Фінляндыі, да мяне зьвярнуліся хлопцы: “Давайце мы вам сайт зробім, а то вас нідзе не чуваць і не відаць. Трэба прарывацца ў інтэрнэт-прастору, і ўсё будзе добра”. І мы зрабілі сайт. Дзякуй хлопцам, але цяпер мне гэтым сайтам трэба самому займацца. А гэта кавалак работы. І што на той сайт даваць? Тое, што ўжо ёсьць? Дык гэта чыста тэхнічная праца. На гэта ў мяне й жаданьня нямашака, ды й з гадамі я ўсё больш адчуваю, як сыходзіць час, і мне хочацца займацца выключна тым, што магу зрабіць толькі я. А кнігу – прыйдзе час, нехта выдасьць, нехта й сайт зробіць”.

Скобла: “Што вы сёньня пішаце сваё і што апошнім часам прачыталі – чужое?”

Някляеў: “Апошнім часам я пішу пераважна прозу. Нядаўна напісаў аповесьць пад назвай “Уся Эўропа”, фрагмэнт зь яе публікаваўся ў літаратурным дадатку да газэты “Новы час”. А цалкам аповесьць, спадзяюся, будзе друкавацца ў часопісе “Дзеяслоў”. А з чужога... Вось днямі была прэзэнтацыя кнігі ўкраінскага пісьменьніка Аляксандра Ірванца “Роўна/Ровно”, перакладзеная Арловым. Яе я й чытаў, што праўда, яшчэ ў інтэрнэце”.

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ. З БУДУЧАЙ КНІГІ “КОН”

БОГ

Божа зь цернем на ілбе,
Мой Ісусе!
Ты мне сьнісься, а табе
Я ці сьнюся?

Я ўсю ноч сягоньня піў,
Меў каханку.
Ці мяне Ты не прысьніў
Хоць на ранку?

Правяду сваіх гасьцей
На дарогу.
Мне б хацелася часьцей
Сьніцца Богу.

СКАРГА

Вользе

Там, дзе я з табой начую,
Зорны плешча акіян.
Хочаш ведаць, што я чую,
Абдымаючы твой стан?..

Чую зь неба
Скрозь пустога
Скразяную
Скаргу Бога:

“Ці ўсяго
На сьвеце
Многа,
Ці замала
Усяго –
Дык жа ў Бога
Анічога,
Апроч неба,
Скрозь пустога,
Апрача
Яго самога
Аднаго”.

ШТО?

Генадзю Бураўкіну

Забярэзіла ад Варкуты
І на поўдзень далей… Гук пусты,
Гук паветраны ў небе хіснуўся,
Рэха хрумснула:
“Ты не вярнуўся”.

Зь небыцьця не бывае – назад.
Заімглёны ў вакне далягляд,
Замутнёная поўніцца шклянка,
Зап’янелая паліць каханка.

Выпадковае ўсё выпадкова:
І каханка, і шклянка…
Ні слова
Ні пра лёс, ні пра жарсьць, ні пра сьмерць
Не магу зразумець.

Адзінотны над тундраю птах…
Што вядзе мяне? Выбраны шлях,
Ці сьцяжына вядзе бакавая?
Ці пра тое, чаго не бывае,
Сны ў начных цягніках?..

* * *

Я помню Тарту… І Натальлю Татур
На лецішчы ў Самойлава, і тату-
іроўку на плячы Тацьцяны Бек
Флямастарам, як крыж:

В
ХХ
Е
К

І з панадворку нейкі чалавек
Спытаў, ці тут жыве паэт Самойлаў?
Ён жніўнем пах і сьвежаю саломай –
Ужо дажалі жыта латышы…

“Хто-небудзь, – я ўзмаліўся, – напішы
Пра тое, як саломай пахла лета,
Як чалавек, спытаўшы пра паэта,
Адказу не чакаючы, пайшоў…”

Але ні ў кога потым не знайшоў,
Як ні шукаў, я ні радка пра гэта…

* * *

Ці ў сьне, ці ў небе – там,
Дзе быць мяне ня можа,
Ёсьць мой высозны храм
І мой у храме Божа.

А тут, дзе я, дзе шлях,
Дзе камяні ды сосны –
Мой сьнег, мой дождж, мой жах,
Мой сон пра храм высозны.

ЦАЦА

Ах, цаца якая зьнікае!
Абрыдлая праўда людзкая,
Нясьцерпнага сьвету мана –
Яна!
Яна, што ўвайшла нечакана,
Як фінка пад рэбры. Зарана
Кальчуга мной кінута ў кут!
Ня тут,
Ня тут мне расхрыстана-голым,
П’ючы зь недаспаным манголам,
Да ранку яму спавядацца:
“Была ў мяне цаца…”

Манголу на споведзь пляваць.
Ён звык сярод стэпу зьнікаць.
Глядзіць скрозь мяне, як у стэп,
І фінкай накройвае хлеб.

БРНО

На Мінарыцкай вуліцы, што ў Брно,
Ня быў даўно. А, можа, і ніколі
Ня быў я там, куды па ўласнай волі
Ня рушыў бы. У Брно канцэрн Рэно
Гандлюе, як і скрозь. З Катрын з канцэрну
Хадзіў я ў замак Шпілбэрк на канцэрты
Мараўскай музыкі. Але аднойчы плаўна
Мы абышлі касьцёл Пятра і Паўла
І разьвіталіся. Ну вось і ўсё, відаць,
Што ў Брно было, калі паўспамінаць.

* * *

Усё адно: сьмяротны ты,
ці неўміручы –
Ты зорны вецер пустаты,
ты дым лятучы.

Сабе самому ўсьлед – адзін –
зірнеш са сьпіны,
І ветрам з дымам – успамін
пра ўсе ўспаміны.

На гэтым сьвеце і на тым,
на ўсякім сьвеце,
Усё, што ёсьць – лятучы дым
ды зорны вецер.

СМАРГОНСКІ КРАЙ

Смаргонскі край!.. Сьвятой зямлі куток!..
Я над табой, як журавель над пожняй,
Над полем, дзе дарог маіх выток,
Глыток паветра першы і апошні.

Усё, што стала, пачалося тут,
І скончыцца ўсё тут, дзе пачалося…
А ты жыві, мой родны, крэўны люд!
Красуй на полі, новае калосьсе!

Хай праплывае пад маім крылом
Усё, што я любіў на Беларусі,
І да чаго нябесным жураўлём
Зь нябыту я, як з выраю, вярнуся.

ЗАПАВЕТ

Па-над Юравай гарой,
Па-над Магеравым полем,
Па-над крэўнай стараной
Зь неба мой разьвейце попел.

Па-над Крэвам, дзе сьвятыя
Для мяне пагоркі ўсе...

Ціха лягу я на тыя,
Куды вецер занясе.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА

“ПАН САДОЎНІК, ТЫ ПАСЕЯЎ ЗЕРНЕ НА СЬЦЮДЗЁНЫ КАМЕНЬ”

Людміла Рублеўская. Шыпшына для пані: паэзія, эсэ. Мастацкая літаратура, 2007


Кніга вершаў і эсэ Людмілы Рублеўскай “Шыпшына для пані” зьявілася ў сэрыі “Беларуская літаратура ХХІ стагодзьдзя”. Сэрыі, якая ня столькі прадстаўляе літаратуру трэцяга тысячагодзьдзя, колькі падсумоўвае вынікі не такога і доўгага, у параўнаньні зь іншымі, шляху нацыянальнай літаратуры. Будзем шчырымі – сёньняшняя актуальная – ня ў сэнсе запатрабаванасьці, а ў сэнсе суаднесенасьці з сучасным ладам жыцьця – літаратура крыху іншая. Іранічная, да сарказму. Перасыпаная нечаканымі, але даволі далёкімі мэтафарамі. І такімі ж далёкімі, малазасвоенымі цытатамі.

Паэзія Рублеўскай зусім другая. Пазнавальная ў інтанацыях, тэмах, рэмінісцэнцыях. Але прапушчаная праз цярністы сад ўласнай душы – не эпігонская, а хутчэй дыялягічная, двухгалосная. Так клясычнае “Я не для вас, паны, о не…” кладзецца ў падмурак верша, які дае адказ – каму і навошта пісалася гэтая кніга.

Не для вас пішу. Не для сябе.
Вось цяпер, пры гэтай лямпе цьмянай,
З водбліскам гардыні на ілбе,
З беднай зоркай у вакне туманным,
З кім вяду бясконцы дыялёг?
Перад кім мая начная споведзь?
Не наважуся прамовіць: “Бог”,
І ніколі праўду не прамовіць.
Ціша разьліваецца – ці гук?
І няма самоты ў час вызнаньня,
І аловак выпадае з рук,
Быццам важыць болей за чаканьне.
Дык пры чым да гэтай прагі жыць,
Да пакутаў гэтых і любові,
Той, хто смутным вокам прабяжыць
Зноў па кратах чатырохрадкоўяў?

Адказ нечаканы… Кніга пісалася не чытачам, а самой Паэзіі. Пакліканая ёй аўтарка бярэ на сябе сьмеласьць у гэтым прызнацца. Сьмеласьць – бо канстатацыя ўласнага выраку, якім ёсьць паэтычны талент, успрымаецца ў наш дэмакратычны час (гэта я пра ідэалы, а не пра грамадзкі лад), як нешта нясьціплае. Прынамсі, не сумяшчальнае зь сёньняшнім літаратурным “фарматам”, які навязвае паэту вобраз шарагоўца, бязьлікага рэтрансьлятара будзённасьці, які кантамінуе аскепкі культурнай і сапраўднай рэчаіснасьці з хуткасьцю аўтамата. І тут усё зразумела – нацыянальная літаратура стамілася ад патасу, як ад стандарту савецкай эпохі. Аднак разам з патасам зь літаратуры – я не кажу пра графаманаў! – зьніклі і некаторыя тэмы, без якіх Паэзія ператвараецца ў вэрсыфікатарства.

Хто ёсьць паэт, якое яму адведзена месца, што застаецца пасьля яго ў гэтым сьвеце? – пытаньні, вядомыя нам па клясычнай літаратуры, і абсалютна нечаканыя цяпер, у сёньняшняй літаратурнай сытуацыі, якая вымагае паэтаў-эрудытаў, паэтаў-“усязнаек”, узброеных чужымі адказамі. І тут сьвядомае вяртаньне Рублеўскай на папярэдні ўзровень стварае эфэкт нечаканасьці, які дадае кнізе вартасьці. Што ёсьць паэзія – крыж ці крылы? – пытаньне, пастаўленае аўтаркай, цікавае само па сабе, а яшчэ і ад таго, што займае яно чалавека, апантанага ня толькі ўласным паэтычным лёсам, але і чужым досьведам. Караткевіч і Каратынскі, Апанас Філіповіч і Дунін-Марцінкевіч, Багдановіч і Зоська Верас, Палуян і Норвід… Сьпіс людзей, якіх абірае сабе ў суразмоўцы Рублеўская, ня цалкам, але збольшага супадае са сьпісам Анатоля Сыса – нездарма яго імя ўзьнікае ў эсэ “Сад агню”, як сымбаль творчага гарэньня. І гэтаму ёсьць тлумачэньне – абодва паэты паходжаньнем з 80-х, з другога беларускага адраджэньня.

Мы ведалі, што да вясны далёка,
Што цяжка жыць на гэтае зямлі,
Дзе камянёў – на кожнага прарока.
Мы ведалі… І ўсё-ткі тут жылі,
Тутэйшыя, рамантыкі, паэты,
Між верасовых пустак і балот,
Дзе паляваньне дзікае па сьледзе
Усё імчыць і трушчыць тонкі лёд.
Мы ведалі, што нашая шыпшына –
Ня цьвет чырвоны, а крывавы сьлед
І з пушчы нават сьцежкаю зьвярынай
Ня выйдзе больш ніякі інсургент.
Чароўнай Пані зьехала карэта.
Ды толькі шлях пакінуты ў траве.
Мы гэткія ж – рамантыкі, паэты,
Тутэйшыя.
І Беларусь жыве.

Гэты верш зьвяртае на сябе ўвагу ня толькі культурай цытацыі, культурай дыялёгу, характэрнай для беларускай літаратуры 80-х, колькі спэцыфічным нацыянальным аптымізмам, скіраваным не ў будучыню, а ў мінулае. Аднак жыцьцесьцьвярджальнае “Жыве Беларусь!” – хутчэй выключэньне ў дадзенай кнізе. Кнізе, чытаючы якую, я не-не ды згадвала цьвятаеўскае: “Моим стихам, как драгоценным винам, настанет свой черёд”. Не з-за падабенства вобразаў і тэмаў, агульных для гэтых жанчын-паэтаў, а якраз з-за несупадзеньня іх творчай візіі.

Мы шукаем адзін аднаго, быццам птушкі ў віхуры.
Мы, як птушкі, зьбіваемся ў зграйкі – сагрэцца і выжыць.
Ды, каб выстаяў дом,
Нашы сэрцы паклалі ў падмурак,
І запоўнены стогнамі ў сьценах каменныя нішы.
Над высокімі вежамі рвуцца на часткі аблокі,
Мы ня мелі прытулку, які падарылі камусьці.
І даворвае час па-за нашымі снамі валокі.
І пасеецца зерне,
І нас у калосьсях ня будзе.

Размова, якую вядзе Рублеўская тэт-а-тэт з Пані Паэзіяй у сваім новым зборніку, у цэлым пазбаўленая гульні. І хоць сама кніга выбудаваная досыць канструктыўна, са строгім чаргаваньнем паэзіі і прозы, а творы густа прыпраўленыя старасьвецкім рамантызмам, у ёй няма і знаку штучнасьці, кніжнасьці. Яна для тых, хто ўсё яшчэ аддае перавагу высокай літаратуры. Як бы патасна гэта ні гучала.


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG