Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 студзеня 2008 году


Прыватныя прадпрымальнікі ў розных рэгіёнах Беларусі працягваюць пратэставаць супраць прэзыдэнцкага ўказу, у выніку якога яны вымушаныя значна скараціць колькасьць найманых работнікаў і згарнуць свой бізнэс.

Водгукі на акцыі пратэсту прыватных гандляроў — у многіх лістах на Свабоду.

Вось што піша на гэтую тэму ў сваім электронным лісьце на Свабоду Аляксандар Аношка зь Менску:

“Калі апазыцыйную моладзь хапалі і зьбівалі на вуліцах, калі ўлада разганяла апазыцыйныя шэсьці, гандляры толькі пасьміхаліся. Ці дапамагалі яны тады апазыцыі, ці прыходзілі на акцыі? Не, у іх не было часу, яны зараблялі грошы на сваіх рынках. Іх палітыка не датычыла. Цяпер вось надышла іх чарга. Ці заступіўся хто за іх? На плошчу выйшлі некалькі соцень чалавек, — ну, можа, тысяча. Просты народ гандлярам ня надта спачувае. І апазыцыянэры ім напомнілі старыя грахі. Так што гэта — своеасаблівая расплата за тое, што ня ўмеюць глядзець далей, чым іхныя шапікі...”,

— гэтак лічыць Аляксандар Аношка зь Менску.

Наўрад ці вашыя сьцьверджаньні справядлівыя, спадар Аношка. Нагадаю, што сярод дзясяткаў затрыманых і арыштаваных удзельнікаў акцыяў, якія адбываюць цяпер пакараньне ў турме на вуліцы Акрэсьціна, вельмі многія — грамадзкія актывісты, сябры апазыцыйных партыяў, якія выйшлі на плошчу, каб падтрымаць прадпрымальнікаў. І сярод прамоўцаў, якія выступалі на мітынгах, таксама было нямала палітыкаў.

Наступны кароткі ліст ад Алы Масквіной з Салігорску — таксама на тэму прадпрымальніцкіх пратэстаў. Слухачка піша:

Людзі ўжо адчулі, што ўлада ўдарыла ня толькі па прадпрымальніках, але і па іх асабіста. Бо тых крамаў, дзе можна купіць танныя харчы ды іншыя тавары, становіцца ўсё менш”.

Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну ў сваім лісьце на Свабоду паведамляе пра цяжкасьці, зь якімі даводзіцца сутыкацца тым, хто наважваецца ўступіць у канфлікт з уладай. Слухач піша:

“Як толькі яны выявяць, што крочыш не ў нагу, што ты ня свой — тут жа залічваюць цябе ў ворагі. А для вызначэньня ступені чужароднасьці прыкметаў шмат. Напрыклад, размаўляеш па-беларуску — значыць, “бээнэфавец”. А ўжо калі адважыўся ўзьняць голас супраць перагібаў “вертыкальшчыка”, стаўленіка вярхоўнай улады — лічы, прапаў. Прынамсі, так закруцяць гайкі, што і дыхнуць ня зможаш”.

Далей у сваім лісьце Іван Цімафейчык падрабязна пераказвае даўгую (больш як дзесяцігадовую) гісторыю барацьбы за годныя ўмовы жыцьця. Настаўніцкі дом, у якім жыве слухач, улады дзеля эканоміі вырашылі перавесьці з цэнтральнага ацяпленьня на пячное. Кацельню зачынілі, а ў кватэру прывезьлі мэталічную “буржуйку”, якую да таго ж і не ўладкавалі як сьлед. А тут яшчэ настаўнік, ведучы ўпартую барацьбу з чыноўнікамі, выявіў адну цікавую гісторыю. Новы старшыня райвыканкаму, маючы выдатную кватэру ў суседнім райцэнтры, адкуль яго перавялі, у Зэльве ўзяўся будаваць сабе новы шыкоўны асабняк. Іван Цімафейчык паспрабаваў з гэтым змагацца (яшчэ адна цытата зь ліста):

“Я быў у яго на прыёме і прасіў гэтага не рабіць. Казаў, што ў Зэльве — вялікая патрэба ў кватэрах. Даваць іх трэба абяздоленым: такіх у нашым раёне нямала. Але да маіх словаў не прыслухаліся. Тады у незалежнай “Газэце Слонімскай” я надрукаваў пра ўсё гэта два свае артыкулы, адзін называўся “Вэртыкаль” жыруе, а народ маўчыць і галасуе”, а другі — “…А каму дуля з макам”. Артыкулы — пра будаўніцтва так званых “старшынёўскіх” асабнякоў, на якія грошай заўсёды хапае — адрозна ад такіх дамоў, як наш. Так я трапіў у няміласьць. І пасыпаліся на мяне беды — адна мудрэй за другую. Мае травы з прысядзібнага ўчастка ды рэдзька масьлічная аказаліся нікому не патрэбнымі — нават бясплатна. Пачалі гучаць розныя адгаворкі, абы ня даць мне магчымасьці пасадзіць і апрацаваць бульбу. Прыйдзецца ад вырошчваньня яе адмовіцца цалкам. А пакараньне штрафамі набыло сыстэмны характар — і гэта мяне, законапаслухмянага грамадзяніна...”

У лісьце на Свабоду Іван Цімафейчык распавёў і пра многія іншыя свае праблемы, якія, ён лічыць, сталі непасрэдным наступствам канфліктаў з уладай. А да свайго ліста слухач прыклаў артыкулы, пра якія ў ім згадана.

Магчыма, ня ўсе шматлікія асабістыя праблемы, пералічаныя Вамі, спадар Цімафейчык, непасрэдна зьвязаныя з гэтымі публікацыямі. Тым больш што адзін з артыкулаў — даўні, датаваны 2001 годам. Але, сапраўды, ва ўмовах Беларусі многія грамадзяне, якія наважваюцца аспрэчваць рашэньні чыноўнікаў, на ўласнай шыі адчуваюць жорсткую далонь улады. Асабліва гэта характэрна для сельскай мясцовасьці, рэгіёнаў, дзе мясцовыя начальнікі цесна зьвязаныя адзін з адным, і, так бы мовіць, “чуйна” рэагуюць на ўзаемныя просьбы. Апэляваць да суду ў такіх сытуацыях часта бывае марна: судзьдзі ў Беларусі цалкам залежаць ад уладнай “вэртыкалі”.

Лёс калгаснай вёскі хвалюе нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

“1 студзеня паслухаў перадачу “Экспэртыза Свабоды”. Цікавая праграма, і высновы слушныя. Асабліва адметная заўвага пра будучыню калгасаў. Асабіста мне здаецца, што наш валадар проста ня ведае, куды іх падзець, да чаго далучыць. Вось у нас крыху падняўся Хаціслаўскі калгас — дык да яго хочуць далучыць Маларыцкі, а да Лукаўскага калгасу — Макраны. Маўляў, лукаўскі “Чырвоны партызан” пацягне... А ён сам толькі-толькі стаў на ногі. У Макранах жа побач з сялом — мытня. Усе, хто толькі можа, шукаюць працы там — вартаўніком, грузчыкам, апэратарам газавай устаноўкі… Пагаджаюцца на любую працу, абы толькі не ісьці ў калгас. І прэзыдэнцкія домікі, пабудаваныя ў калгасе, не дапамагаюць”, --

напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

За апошнія дзесяцігодзьдзі ратаваць занядбаныя калгасы шляхам далучэньня іх да пасьпяховых спрабавалі шматразова. Маштабныя кампаніі ўзбуйненьня калгасаў праводзілі, пачынаючы з 60-х гадоў, зь ініцыятывы тагачаснага лідэра Мікіты Хрушчова. Сытуацыю ў сельскай гаспадарцы гэта тады ня выратавала: усё скончылася няспынным харчовым крызысам, пастаяннымі “каўбаснымі” чэргамі і сумна памятнай брэжнеўскай Харчовай праграмай, якую ў Савецкім Саюзе так і ня выканалі. У сёньняшняй Беларусі зноў спрабуюць выкарыстаць стары мэтад. Да выратаваньня калгасаў у прымусовым парадку далучаюць нават пасьпяховыя прыватныя прадпрыемствы.

На пачатку 90-х гадоў мільёны беларусаў пацярпелі ад імклівай інфляцыі. У яе выніку грашовыя ўклады, якія савецкія грамадзяне захоўвалі ў Ашчадным банку, за кароткі час абясцэніліся. Навіна пра тое, што на мінулым тыдні ўкраінскі ўрад пачаў выплату кампэнсацыяў сваім грамадзянам, выклікала шырокі розгалас сярод беларусаў. Вось што піша з гэтай нагоды Эдвард Зяневіч зь Ліды:

“На ашчаднай кніжцы я меў немалыя па тым часе грошы — хапіла б на машыну. А што атрымаў ад гэтых ашуканцаў? Чэкавую кніжку, па якой за грошы, якія зьбіраў шмат гадоў, змог купіць толькі кола да ровара.

Настаў час, калі нашаму прэзыдэнту пара выканаць свае абяцаньні, якія мы чулі ад яго перад выбарамі. Ці ўсё гэта толькі абяцанкі-цацанкі, а дурню радасьць? Няма грошай? Дык няхай атрымае кампэнсацыю ад Расеі — як правапераемніцы СССР.

Яшчэ, памятаю, наша сям’я за камуністамі, меўшы трох дзяцей, вырашыла застрахаваць іх, каб, як стануць дарослымі, атрымалі ладную страхоўку. А што ў выніку? Нічога не атрымалі ні дзеці, ні мы.

Цяпер вось яшчэ і льготы ў нас адабралі. І што за няшчасны лёс у нашага пакаленьня! Дзяцінства выпала на галодныя пасьляваенныя гады. Потым нас нахабна ашукалі камуністы, забраўшы ўсё, што мы зарабілі за многія гады. І што нас, пэнсіянэраў, чакае цяпер?”


— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Эдвард Зяневіч зь Ліды.

Спадзяваньні на тое, што абясцэненыя ўклады беларусам верне Расея, наўрад ці абгрунтаваныя, спадар Зяневіч. Пасьля распаду СССР Расейская Фэдэрацыя, як правапераемніца, узяла на сябе ўсе вонкавыя абавязкі Саюзу, а ў якасьці кампэнсацыі за гэта — усю замежную маёмасьць і актывы СССР. Маёмасьць Ашчаднага банку Савецкага Саюзу з тэрыторыі Беларусі ніхто не вывозіў. Пытаньне пра тое, ці зьяўляецца цяперашні Ашчадны банк Расеі правапераемнікам савецкага Ашчаднага банку, сёньня ніхто ня ставіць. Прынамсі, урады дзяржаваў Балтыі і Ўкраіны выплочваюць кампэнсацыі сваім грамадзянам з уласных бюджэтаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG