Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ухваленая інвэстыцыйная праграма-2008


Днямі Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў «Дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на 2008 год».


З улікам сродкаў так званага «рэзэрвовага прэзыдэнцкага фонду» сёлета мяркуецца накіраваць 1 трыльён 490 мільярдаў рублёў на гуманітарныя праекты і будаўніцтва паўтысячы аб'ектаў, палова зь якіх будзе здадзеная ў эксплюатацыю ў гэтым годзе. Якія напрамкі прызнаныя стратэгічнымі і атрымалі найбольшае фінансаваньне?
Законам «Аб бюджэце на 2008 год» зь дзяржаўных сродкаў на інвэстыцыйную праграму выдаткоўваецца 1 трыльён 380 мільярдаў рублёў. Астатняя сума разьмяркуецца з прэзыдэнцкага фонду. Сродкі пойдуць на праекты, якія маюць статус дзяржаўнай важнасьці. Вось некаторыя: 5 мільярдаў рублёў накіруюцца на праграму інфарматызацыі «Электронная Беларусь»; каля 7 мільярдаў рублёў пойдуць на пераадоленьне наступстваў катастрофы на ЧАЭС (да 2010 года). 24 мільярды -- на праграму «Дзеці Беларусі»; 35 мільярдаў -- на ўзмацненьне барацьбы са злачыннасьцю і ўдасканаленьне крымінальна-папраўчай сыстэмы; 58 мільярдаў – на праграму «Захаваньне і выкарыстаньне асушаных земляў».

«Дзеці Беларусі» у пяць разоў таньнейшыя за «Мінск-Арэну»

У 2008-м капітальныя ўкладаньні таксама мяркуецца накіраваць на абарону населеных пунктаў ад паводкаў на Палесьсі, на ўмацаваньне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый аховы здароўя; на разьвіцьцё памежнай інфраструктуры пунктаў пропуску, на рэалізацыю праграмы экалягічнага аздараўленьня возера Нарач і г. д.
Старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы зьвяртае ўвагу, што 2008-ы абвешчаны ў Беларусі Годам здароўя. Аднак укладаньні ў сыстэму аховы здароўя, на канкрэтныя праграмы, як “Дзеці Беларусі”, “тухнуць” у параўнаньні з фінансаваньнем галоўнай стратэгічнай будоўлі – шматпрофільнага комплексу «Мінск-Арэна». З “рэзэрвовага фонду” Лукашэнкі туды будзе накіравана 110,2 мільярда рублёў. Як перакананы Грушавы, будоўлі кшталту Нацыянальнай бібліятэкі ці гіганцкай хакейнай арэны вядуць да перакосу ў фінансаваньні і патрабуюць пошуку новых матэрыяльных рэсурсаў. І калі праз скасаваньне сацыяльных ільгот дзяржава атрымала прыбытак, то, да прыкладу, дзеці рэальна страцілі ў матэрыяльнай падтрымцы. Прычым, на думку экспэрта, куды больш, чым 20 мільярдаў, якія выдаткоўваюцца пад праграму:

“Прапагандысцкі ўсё робіцца для дзяцей, а рэальна дзяцей усё менш і менш, яны павальна ўсе хворыя. Факт, што непасрэдна Лукашэнка сваім указам скасаваў усё, што тычыцца забесьпячэньня харчаваньня дзяцей ў школах. Ці падтрымку сем’яў, дзе ёсьць хворыя дзеці, гэта ж таксама скасавана. Сёньня ўжо нельга бясплатна атрымаць мэдыкамэнты, лекі для дзяцей. А гэта таксама было прадугледжана праграмай “Дзеці Беларусі”. Усё гэта робіцца і пра гэта трэба гаварыць, калі мы кажам пра прэзыдэнцкую праграму “Дзеці Беларусі”.

Ня толькі пра тыя 20 мільярдаў, якія ўключаныя ў бюджэт і яшчэ невядома, як будуць разьмяркоўвацца. Грошы ў беларускіх дзяцей адабралі. Бо праз скасаваньне сацыяльных ільготаў (пра дарослых не кажу, можа і трэба было некаторым іх скасаваць), але што да дзяцей, то далі 20 мільярдаў, а мільярдаў 40 забралі! А колькі грошай разьлічваюць укласьці ў будаўніцтва АЭС?! Яшчэ адна цікавая рэч. Спэцыялісты ўжо ведаюць: гэта будуць не мільярды рублёў, а мільярды даляраў. І дзеці Беларусі будуць разьлічвацца за тыя мільярды даляраў. Вось вам і праграма “Дзеці Беларусі”.
З пачаткам будаўніцтва АЭС, як кажа Генадзь Грушавы, беларусаў увогуле пасадзяць на “сухі паёк”, а інвэстыцыйныя праграмы давядзецца ўрэзаць.

Сродкі рэзэрвовага фонду прэзыдэнта – на стратэгічныя праекты

У адпаведнасьці з указам, прадугледжана 16 мільярдаў рублёў для забесьпячэньня службовым жыльлём супрацоўнікаў органаў МУС, КДБ, фінансавых расьсьледаваньняў. Са сродкаў бюджэту на будаўніцтва жыльля льготным катэгорыям накіруецца амаль 40 мільярдаў рублёў.

Разам сума ўдвая меншая за выдаткі на «Мінск-Арэну». Між тым, у Беларусь не прыяжджаюць зоркі, якія могуць сабраць 15 тысяч гледачоў, а цікавасьць да хакейных матчаў вымяраецца хіба сотнямі заўзятараў на трыбунах. Дый перакос ў будаўніцтве лядовых комплексаў не пацьвярджаецца рэальнымі посьпехамі спартоўцаў, а займаецца хакеем усё меншая колькасьць беларусаў. Гаворыць спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла:

“Мне расказалі пра сытуацыю ў школе “Юнацтва”, дзе займаецца знаёмы. Зразумела, што напачатку году шмат дзяцей прыходзіць у сэкцыі, але потым яны паступова адсейваюцца. І вось пасьля 2-3 гадоў заняткаў трэнэр зрабіў перапіс юных спартоўцаў, дзяцей і, зразумела, запытваў: хто ў каго бацькі? І аказалася, што засталіся толькі дзеці бізнэсоўцаў, людзей з кашалькамі. Тых, хто можа падтрымліваць дзяцей на плыву. Бо хто яшчэ зможа столькі грошай плаціць, каб займацца хакеем? Бо форму, амуніцыю, выезды – усё забясьпечваюць бацькі. Таму, напэўна, і няма ў нас такога высакакляснага хакею – бо застаюцца не таленавітыя, а тыя, у чыіх бацькоў ёсьць грошы”.

Учора Аляксандар Лукашэнка інспэктаваў цэнтар беларускай сталіцы. Чыноўнікі казалі пра два дзясяткі інвэстыцыйных праектаў з удзелам замежнага капіталу, перадусім, арабскага паходжаньня.

У Менску заплянаваны шэраг “зорных” гатэляў, дзелавых і забаўляльных цэнтраў, паркінгаў, аквапарку. А вось рэстаўраваць гістарычныя комплексы – да прыкладу, замкі ў Нясьвіжы і Міры, ахвочых не знайшлося. Таму па-ранейшаму мяркуецца аднаўляць іх сьціплымі сродкамі зь дзяржбюджэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG