Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраны новы кіраўнік падкамітэту ПАРЭ ў справах Беларусі


Яна замяніла на гэтай пасадзе эстонскага парлямэнтара Андрэса Хэркеля. Тэрмін ягонага мандату, які быў выдадзены на тры гады, скончыўся.
Учора ўвечары завяршылася абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі на паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Спэцыяльны дакладчык па Беларусі італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні заявіў, што альтэрнатывы дыялёгу няма. Прадстаўнікі беларускіх уладаў у Страсбуры казалі, што палітвязьняў у Беларусі няма, а прадстаўнікі палітычнай заявілі, што сытуацыя ў краіне з правамі чалавека пагаршаецца.
Экспэрты, якія азнаёміліся са справаздачай Андрэа Рыгоні, адзначаюць: параўнальна з дакладамі сваіх папярэднікаў – Хрыстаса Пургурыдэса і Андрэса Хэркеля яна выглядае значна мякчэйшай і больш стрыманай. Новы дакладчык у беларускіх справах прапануе і надалей весьці дыялёг зь Беларусьсю. Хаця і прызнае, што гэта нялёгкая справа.
Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць такі падыход пазытыўным і спадзяецца, што статус спэцыяльна запрошанага, які Беларусь пазбавілі яшчэ ў студзені 1997 году, будзе ёй вернуты:
“Хацелася б адзначыць пэўныя элемэнты канструктыўнасьці і некаторай аб’ектыўнасьці ў дакладзе спадара Рыгоні. І гэта сьведчыць пра тое, што удзел беларускай дэлегацыі ў рабоце Парлямэнцкай асамблеі неабходны. Каб непасрэдна даносіць да эўрапейскіх парлямэнтароў сытуацыю ў Беларусі”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што да дыялёгу эўрапейскіх структураў з беларускімі ўладамі трэба ставіцца вельмі асьцярожна:
“Канечне, я згодны з тым, што трэба працягваць дыялёг. Але трэба клапаціцца і пра тое, каб гэта не перарасло ў патураньні ўладам. Калі дыялёг будзе працягвацца, а ў Беларусі будуць саджаць людзей у турмы, дык гэта, на мой погляд, будзе толькі на руку беларускім уладам”.
А Вінцук Вячорка, які непасрэдна ўдзельнічаў ва ўчорашняй дыскусіі ў Страсбуры зьвяртае ўвагу на тое, як разумеюць дыялёг прадстаўнікі беларускіх уладаў і як гэта прагучала ў выступе Натальлі Андрэйчык, якая выкладала на паседжаньні афіцыйны погляд:
“Ім хочацца дыялёгу з Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы, з Радай Эўропы. Але ні ў якім разе не з уласным народам і не з дэмакратычнымі сіламі. Адзінае слова, якое гучала ў спадарыні Андрэйчык, гэта – хуліганы на вуліцы. Прызнацца, вельмі шкада, што такая танальнасьць зноў пачынае панаваць.
Я сказаў, што былі некаторыя спадзевы (можа, ня столькі ў самой Беларусі, колькі за яе межамі) летась – увесну і ўвосень, што магчыма нейкае прасоўваньне па шляху зьмякчэньня палітычных варункаў. Але сёньня, пасьля студзеньскіх і сьнежаньскіх падзеяў, не выпадае гаварыць, пра зьмякчэньне стаўленьня да Беларусі”.
У рамках дыскусіі ніякіх выніковых дакумэнтаў не прымалася. Спадар Рыгоні сказаў, што ў хуткім часе ён зьбіраецца зноў прыехаць у Беларусь.
XS
SM
MD
LG