Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэстаўрацыя ў Верхнім горадзе: “праект” РПЦ?


Сёньня Аляксандар Лукашэнка знаёміўся з пэрспэктывай разьвіцьця гістарычнага цэнтру Менска.


Кіраўнік краіны выслухаў справаздачы адказных за горадабудаўнічую палітыку пра заплянаванае ўзьвядзеньне дзелавых цэнтраў, высотных гатэляў, аквапаркаў, парковак і забаўляльных комплексаў.

У цэнтры Менску працягваецца гэтак званае “упарадкаваньне тэрыторыі” -- пабудовам, датаваным XVI-XVІIІ стагодзьдзямі, надаюць “сучаснае аблічча”. Апошнія прыклады капітальнага рамонту – мураваныя будынкі на рагу вуліцаў Кірыла і Мятоды і Гандлёвай.

Гісторыкі і архітэктары ўсё меней спадзяюцца на ўзаемапаразуменьне з гарадзкімі ўладамі, а таксама на дапамогу Экзархату Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), ва ўласнасьці якога знаходзяцца многія аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны.

На Бога спадзявайся, але прыкладай намаганьні

Экскаватары дабраліся да дамоў, якія складаюць “залаты фонд” Верхняга гораду. Паводле экспэртаў, некаторыя зь іх месьцяцца на скляпеньнях яшчэ XVI стагодзьдзя. Днямі старадаўнія сьцены напалову зруйнавалі.




Гаворыць старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

“Верхні горад пачаў забудоўвацца ў мураваным выглядзе зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя. Канечне, калі практычна ўзяць увесь комплекс сучасны, там дамінуюць дамы канца XVII-XIX стагодзьдзяў. Але ж гэта – шматлікія перабудаваньні старых мураваных будынкаў, якія яшчэ пры канцы XVI стагодзьдзя там ставіліся. Таксама вельмі шмат на падмурках XVІI-XVIІ стагодзьдзяў там пабудовы стаяць. Так што цалкам абгрунтавана гаварыць, што сапраўды там нішчыцца спадчына. Менавіта першыя мураваныя будынкі – нават не культавыя. Што самае прыкрае – нішчыцца комплекс горадабудаўніцтва. Помнік горадабудаўніцтва – гэта жылая і грамадзкая забудова. І менавіта вось таго пэрыяду”.



Некаторыя будынкі на вуліцы Кірыла і Мятоды, дзе некалі месьціўся жаночы бэрнардынскі кляштар, цяпер пад юрысдыкцыяй менскага Эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускага экзархату. У спадара Астаповіча запытваю: а ці былі спробы наладзіць кантакты з Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філярэтам? Ці можна паўплываць на такую рэстаўрацыю праз кіраўніцтва Беларускага Экзархату РПЦ?

“Я ўвогуле ня бачу сэнсу да яго зьвяртацца. І магу растлумачыць чаму. Да прыкладу, вуліца Гандлёвая, 27: 2-павярховы дамок, што амаль на беразе Сьвіслачы побач з мостам. І вось паглядзіце, што там зараз робіцца? Гэтаксама, з усімі парушэньнямі там гэта робіць Руская праваслаўная царква. Пра што можна гаварыць, калі царква ў асобе заказчыка сама ёсьць парушальнікам і сама, каб пабудаваць там свой вялікі комплекс, шукае пэўных лябістаў, людзей, якія дапамагаюць навукова-мэтадычна ўсе гэтыя парушэньні абгрунтоўваць і працягваць вось гэты гвалтоўны праект? Паразуменьня там знойдзена ня будзе. Тым больш, што “спадар Вахромеев” вельмі далёкі ад разуменьня праблем беларускай гісторыка-культурнай спадчыны. Яшчэ ў 1994 годзе я пачуў ягонае выказваньне пра нашу архітэктурную спадчыну ў прыватнай размове. Я адразу зрабіў выснову пра яго адносіны ўвогуле да Беларусі, да беларускай культуры”.



Старым забудовам нададуць новы вобраз

У адпаведнасьці з пэрспэктыўным плянаваньнем, ад Катэдральнага сабору да вуліцы Гандлёвай у адноўленых і наноў збудаваных будынках разьмесьціцца Духоўная акадэмія, куды пераедуць службы духоўнай сэмінарыі з Жыровіцкага кляштару.

Прэсавы сакратар Патрыяршага Экзарха Андрэй Петрашкевіч перакананы, што будаўнічыя працы ніяк ня зьменяць аблічча гэтага куточка Верхняга горада:

“Гэта этап, які ўжо даўно пройдзены і вырашаны. І гэтае пытаньне наўрад ці падлягае абмеркаваньню. Працэс шматразова ўзгоднены і пытаньне само па сабе проста неактуальнае, таму што вывучэньне, узгадненьне, археалягічныя працы праводзіліся з такой ступеньню дакладнасьці, што прыдрацца да чагосьці немагчыма. З цудоўным уяўленьнем, усьведамленьнем таго, што могуць быць розныя падобныя перасьцярогі. То бок, ступень дакладнасьці была надзвычай высокая”.

Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі кажа, што адноўленыя будынкі на вуліцы Гандлёвай і на прылеглай тэрыторыі будуць “максымальна набліжаныя да арыгіналу”:

“А разьбіраецца тое, што прыўнесенае ў будынак за доўгія гады яго існаваньня, калі ніхто не кантраляваў, ніхто не глядзеў, што там прыбудоўвалі, надбудоўвалі, разбудоўвалі. Ну, вы ж уяўляеце, што адбывалася ў нас ў гарадох? Калі вось гэтыя працэсы аховы спадчыны трактаваліся можа крыху інакш. А можа і зусім ніяк не трактаваліся. Там і пасьля вайны, напэўна, была зроблена нешта ў гэтых будынках. Ён проста будзе прыведзены ў той стан,у гістарычны вобраз, які найбольш адпавядае яго стылю. Іншымі словамі, у нейкіх элемэнтах, формах гэтага пэрыяду ён будзе адноўлены”.

Лёгіка ў забудоўнікаў не прасочваецца

Архітэктар Уладзімер Папруга кажа, што не давярае словам чыноўнікаў. Ён тлумачыць, што пакінуў пасаду Галоўнага дзяржаўнага інспэктара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму на знак пратэсту супраць масавых парушэньняў з боку кіраўніцтва. На думку Папругі, з падачы менавіта чыноўнікаў гістарычная спадчына страціла ўсялякую каштоўнасьць, а “руйнуюць і будуюць” у цэнтры Менска без грунтоўных археалягічных дасьледаваньняў і адпаведнага экспэртнага заключэньня. Прыкладам, на згаданай ужо вуліцы Гандлёвай пракладаюць калектар пад новыя будынкі. Унікальны культурны пласт і рэшткі старажытных збудаваньняў перамешваюцца з брудам і вывозяцца на сьметнік. Пры тым, нагадвае спадар Папруга, будоўля знаходзіцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра сталіцы — Верхні горад узяты пад ахову дзяржавы цалкам. Як аказалася, толькі на паперы:

“Цудаў не бывае. То бок, калі не выкананыя ўмовы нарматыўна-прававой базы ў дачыненьні да гісторыка-культурных аб’ектаў, то якія б не былі геніяльныя забудоўшчыкі, удзельнік конкурсу, цуда ўсё роўна не адбудзецца. Гэта абсалютна нармалёвая руціна. Калі мы не сказалі “А”, мы ня зможам сказаць “Б”, “В”, “Г” і г.д. Я ужо не кажу, каб дайсьці да “Я”. А працэс аднаўленьня гісторыка-культурнай спадчыны, у дадзеным выпадку – Менску – ён папросту настолькі складаны і настолькі шматплянавы, што ў гэтым працэсе чакаць пазытыўных вынікаў, не прайшоўшы ўсю альфабэту, ад “А” да “Z”, проста немажліва”.



Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа, што нараканьні на пасіўнасьць людзей – маўляў, зноў дзесьці зьнішчылі з маўклівай згоды грамадзтва -- у дадзеным выпадку не да канца аб’ектыўныя. З грамадзкасьцю ў такіх пытаньнях даўно ня раяцца:

“Зьнішчаюцца старыя дамы, унесеныя ў ахоўны сьпіс. У гэтым сэнсе практыка абурае: не ставіцца да ведама грамадзкасьць. Ніхто нават з архітэктурнай грамадзкасьці ня ведае, што там будзе. Мы ня ведаем іхных далейшых праектаў і плянаў па зносе. Грамадзтва ў гэтым сэнсе абсалютна безабароннае. Як можна дакараць грамадзтва, што яно не спыніла і не супрацьстаяла вандалізму, калі мы нават ня ведаем, не ўяўляем іх лёгік? Мы ня ведаем, што будзе заўтра? Што будзе заўтра зьнішчана ў нашым горадзе?”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG