Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пургурыдэс: для Беларусі ня можа быць іншых стандартаў


Сёньня ў Страсбуры адбылося паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.


Спэцыяльны дакладчык гэтага камітэту па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні прадставіў свой папярэдні даклад пра становішча ў краіне. Рыхтуючы яго, спадар Рыгоні ў кастрычніку 2007 году асабіста наведваў Менск.


Паседжаньне было адкрытым для любога дэпутата Парлямэнцкай асамблеі, які цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Такіх набралася каля 50 чалавек.

У сваім выступе спадар Рыгоні казаў пра тое, што дыялёг зь Беларусьсю патрэбны, што бакі павінны вызначаць тыя моманты, якія могуць спрыяць дыялёгу. І яго трэба працягваць, нягледзячы на ўсе складанасьці.

Афіцыйная беларуская дэлегацыя ў складзе сябраў Нацыянальнага сходу Натальлі Андрэйчык і Аляксандра Архіпава настойвала на тым, што ў краіне няма палітычных вязьняў. А тыя людзі, якія знаходзяцца за кратамі і якіх апазыцыя называе палітзьняволенымі, насамрэч — звычайныя парушальнікі закону.

Віктар Карняенка, які разам зь Вінцуком Вячоркам прадстаўляе ў Страсбуры палітычную апазыцыю, кажа:

“На жаль, часу было вельмі мала. І апазыцыю абмежавалі адным выступам. Было сказана пра тэндэнцыі, якія праглядаюцца з часу візыту спадара Рыгоні ў Беларусь – тады мы казалі, што існуюць нейкія моманты, якія абнадзейваюць. Ня зрухі, а толькі моманты. Цяпер жа ўсё зьмянілася наадварот, у горшы бок. На гэта мы перадусім і зьвярнулі ўвагу”.

Віктар Карняенка сказаў, што ў дэбатах выступалі сябры ПАРЭ з шэрагу краінаў. У прыватнасьці, старшыня расейскага думскага камітэту ў міжнародных справах спадар Касачоў казаў пра тое, што Беларусі трэба вярнуць яе статус спэцыяльнага запрошанага ў Асамблею. Гэта, на яго думку, дапаможа Беларусі хутчэй выйсьці на шлях дэмакратыі. А ізаляцыя гэтаму перашкаджае.

Самым эмацыйным і дакладным, паводле спадара Карняенкі, быў выступ Хрыстаса Пургурыдэса:

“Ён сказаў, што, на жаль, руху наперад у Беларусі няма, што гэта самая жорсткая дыктатура ў Эўропе. І што ня можа быць для Беларусі ніякіх іншых стандартаў, як тыя, што існуюць ва ўсёй Эўропе”.

Палітоляг, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях Аляксандар Лагвінец так камэнтуе апошнія навіны са Страсбуру:

“Мне падаецца, што ёсьць пэўнае кола людзей у Эўропе, якія лічаць, што, паколькі беларускія дэмакратычныя сілы не такія ўжо моцныя, дык лепш за ўсё спрабаваць дамаўляцца з беларускімі ўладамі: шукаць нейкія паразуменьні і наладжваць эканамічныя масты.

У тым, што гэтая стратэгія можа быць пасьпяховай у працэсе дэмакратызацыі Беларусі, я вельмі моцна сумняюся. Але такі падыход існуе”.

Напярэдадні ў Страсбуры абралі новага кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ім стаў прадстаўнік сацыялістаў Гішпаніі Луіс Марыа дэ Пюіг. Ён зьмяніў Рэнэ ван дэр Ліндэна зь Нідэрляндаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG