Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Чыгір: “Выйшлі тыя, хто разумее, што іх чакае”


Госьць “Начной Свабоды” – былы дэпутат Бабруйскага гарадзкога савету, грамадзкі актывіст Алесь Чыгір.


Знаткевіч: Алесь, вы былі сярод удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Тое, што прыблізна 500 чалавек выйшлі 21 студзеня на цэнтральную плошчу гораду – для Бабруйску наколькі гэта сур'ёзны пратэст?

Чыгір: Пратэст дастаткова сур'ёзны, калі ўлічыць, што ў Бабруйску зарэгістравана каля 5 тыс.прыватных уласьнікаў, г.зв. індывідуальных прадпрымальнікаў. А ўвогуле на іх і разам зь імі працуе каля 10 тыс. чалавек. Выйшла 500 – гэта толькі дваццатая частка ад усіх прадпрымальнікаў. Але такая колькасьць людзей у Бабруйску выйшла на цэнтральную плошчу гораду ўпершыню.

Знаткевіч: Яшчэ звычайна ўлады кажуць пра тое, што большасьць удзельнікаў гэтых акцый пратэсту – гэта не прадпрымальнікі, а беспрацоўная моладзь, якой проста няма куды траціць энэргію. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?

Чыгір: У Бабруйску якраз выйшлі на цэнтральную плошчу – плошчу Леніна – менавіта прадпрымальнікі і тыя людзі, якія на іх працуюць. Былі, безумоўна, і журналісты і прадстаўнікі палітычных партыяў. Але гэтых апошніх было мала. На 99 працэнтаў гэта былі прадпрымальнікі.

Знаткевіч: У Бабруйску прадпрымальнікі даслалі ініцыятыўную групу на перамовы з чыноўнікамі выканкаму. Ці былі з боку чыноўнікаў нейкія абяцаньні?

Чыгір: Безумоўна адразу было бачна, што чыноўнікі нейкім чынам проста спрабуюць згасіць гэтую хвалю пратэсту. Спачатку яны пачалі ўгаворваць людзей – давайце сядзем, паразмаўляем. Калі людзі пачалі абурацца гэтымі выказваньнямі, адзначаючы, што ўжо неаднойчы сядалі, неаднойчы размаўлялі – іх проста пачалі запалохваць. Ну а калі ўжо запалохаць не атрымалася – дык запрасілі “парламенцёраў” у выканкам. Гэтыя людзі ў выканкаму склалі паперу з сваімі патрабаваньнямі, а пасьля людзі на вуліцы падпісалі гэтую паперу. Такім чынам гэтая хваля пратэсту была дастаткова ўдала зьбітая прадстаўнікамі мясцовай вэртыкалі.

Знаткевіч: У Менску людзі дамовіліся выйсьці на наступную акцыю пратэсту 18 лютага. Ці ёсьць падобныя пляны ў Бабруйску?

Чыгір: У Бабруйску высоўваліся толькі эканамічныя патрабаваньні, пра нейкія даты на будучыню наогул гаворкі не было. У мяне такое адчуваньне, што бабруйскія прадпрымальнікі яшчэ не гатовыя да масавых пратэстаў. Але пакрыху абурэньне ў іх асяродку насьпявае.

Знаткевіч: Дадам яшчэ, што ў Менску ўдзельнікі мітынгу ня толькі патрабавалі адмены прэзыдэнцкага ўказу №760, які забараняе наймаць на працу несваякоў, гучалі яшчэ і палітычныя заклікі – найперш вызваліць арыштаваных пасьля мінулай акцыі пратэсту 10 студзеня, таксама гучалі заклікі да адстаўкі міністра міністра эканомікі і Аляксандра Лукашэнкі. А вось у Бабруйску палітычных лёзунгаў і патрабаваньняў не было зусім. Але вы сказалі, што там былі нейкія палітыкі. Ці выступалі яны на гэтым мітынгу?

Чыгір: На гэтым мітынгу, зразумела, ніхто не выступаў, бо мітынг быў несанкцыянаваны. Палітыкі добра разумеюць, што за выступленьне на такім імправізаваным мітынгу можна атрымаць суткі арышту або штраф. Тым больш, што прадпрымальнікі ў Бабруйску вельмі нэрвова ставяцца да таго, калі палітыкі пачынаюць умешвацца ў іх справы. Я сам неаднойчы чуў, што “мы маглі дамовіцца з уладамі, але ўмяшаліся апазыцыйныя палітыкі, і цяпер мы з уладай ня можам дамовіцца ўвогуле”. Таму я лічу, што прадпрымальнікі павінны вырашаць у дадзеным выпадку свае пытаньні самастойна.

Знаткевіч: У Менску на мітынгу прадпрымальнікаў выступалі сярод іншага намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, адзін з сацыял-дэмакратычных лідэраў Мікола Статкевіч – яны выступалі з палітычнымі прамовамі. А тыя людзі, якія выходзілі ў Бабруйску – яны пакуль не гатовыя супрацоўнічаць з апазыцыйнымі палітыкамі і нават лічаць шкодным такое супрацоўніцтва?

Чыгір: Я не магу гаварыць за ўсіх прадпрымальнікаў. Але трэба зразумець, што бабруйскія прадпрымальнікі – дастаткова неаднародныя людзі. Выйшлі якраз тыя людзі, якія добра разумеюць – што іх чакае ў зусім недалёкім часе. Бабруйск – гэта самы буйны раённы цэнтар у Беларусі. Увогуле, ва ўсёй эканоміцы гораду задзейнічана 72 тыс. чалавек. Пры тым, што працаздольнае насельніцтва гораду складае 149 тыс. чалавек. 73 тысячы ўвогуле нідзе не працуюць, нідзе ня лічацца. Яны або працуюць у Расеі, або ў шэрым бізнэсе. І вось нашы бабруйскія прадпрымальнікі, якія выйшлі, яны добра разумеюць свае пэрспэктывы – вельмі хутка ім давядзецца або сыходзіць у нейкі шэры бізнэс, ад якога вельмі блізка да крыміналу і да турмы, або проста трэба ехаць на заробкі ў Расею, ва Ўкраіну. А гэта – разбураныя сем'і, сапсаваныя лёсы. І вось гэтыя людзі якраз і выйшлі. Але тыя прадпрымальнікі, якія маюць добрыя стасункі з уладай або працуюць на кагосьці з чыноўнікаў або супрацоўнікаў сілавых структураў – маюць “крышу” – тыя безумоўна ня выйшлі. Яны ва ўсіх сваіх бедах безумоўна вінавацяць дэмакратычныя сілы, Злучаныя Штаты Амэрыкі – каго заўгодна, але ня гэты рэжым. І вось тое, што выйшла гэтых 500 чалавек – для Бабруйску гэта паказьнік. Але гэтыя 500 чалавек яшчэ ня здольныя выказваць нейкія палітычныя патрабаваньні. Гэтыя людзі элемэнтарна ня зьвязваюць сваё становішча з тымі палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў нашай краіне. Я лічу, што людзі дойдуць і зразумеюць – нашы людзі дастаткова разумныя, яны будуць здольныя зразумець, у чым корань гэтага зла.

Знаткевіч: Алесь, давайце паслухаем, як жыхары Магілёва адказалі на пытаньне “Колькі людзей павінна ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, каб улады пайшлі на саступкі прадпрымальнікам?”



Знаткевіч: Як вы пракамэнтуеце гэтыя выказваньні?

Чыгір: Мне падаецца, што пытаньне было не зусім карэктнае. Ня варта пытацца пра колькасьць людзей, якая павінна выйсьці на вуліцу. Зразумела, што іх павінна быць ня пяць, ня восем тысячаў. Пытаньне ў тым, што гэтыя людзі павінны быць арганізаваныя і добра арганізаваныя, каб выставіць свае патрабаваньні. Пытаньне ня ў колькасьці, а ў арганізаванасьці гэтых людзей.

Знаткевіч: Вы сказалі, што на бабруйскім мітынгу палітыкі не выступалі, бо разумеюць, што калі яны выступяць на несанкцыянаваным мітынгу, дык атрымаюць суткі або штраф. Але тыя людзі ў Менску выступалі таксама на несанкцыянаваным мітынгу. Ці сьведчыць гэта пра тое, што прынамсі ў Бабруйску сувязь паміж палітыкамі і грамадзтвам, прадпрымальнікамі – горшая, чым у Менску?

Чыгір: Тут хутчэй пытаньне ня ў гэтым. Пытаньне ў тым, што Менск – больш палітызаваны горад. Усё ж гэта сталіца Беларусі. Прадпрымальнікі там ужо даўно зразумелі корань іх праблемаў. Што іх праблемы знаходзяцца ў палітычнай сфэры. І таму безумоўна камунікацыя паміж палітыкамі і прадпрымальнікамі значна лепшая, чым у Бабруйску. Бабруйск – гэта правінцыя, як бы там ні было. Камунікацыя паміж палітыкамі і прадпрымальнікамі тут існуе, але гэта не такая моцная сувязь, як у Менску.

Знаткевіч: Калі вярнуцца да іншай тэмы, з-за якой былі дастаткова сур'ёзныя пратэсты – адмены льготаў – на вашую думку, ці маглі б у тым самым Бабруйску студэнты, пэнсіянэры, тыя, хто пратэставаў супраць адмены льготаў, пратэставаць разам з прадпрымальнікамі? Ці гэта абсалютна розныя групы насельніцтва, якія ўсьведамляюць свае зусім розныя інтарэсы і ў іх няма нічога супольнага?

Чыгір: Тут пытаньне такое: чым займаўся рэжым Лукашэнкі ўсе гэтыя 13 гадоў? А тым, што разьядноўваў людзей. Ён фактычна нацкоўваў адных людзей на другіх. Ён супрацьстаўляў сацыяльныя групы: прадпрымальнікаў – пэнсіянэрам і гэтак далей. Таму людзі разьяднаныя і да нейкіх агульных пратэстаў яны безумоўна не гатовыя. І гэта не таму, што людзі такія, а таму, што рэжым у гэтым накірунку дастаткова эфэктыўна працаваў. Рэжым энэргію людзей, якіх пазбавілі льготаў, накіроўвае супраць прадпрымальнікаў: “мы вас пазбавілі льготаў, бо вось гэтыя прадпрымальнікі ня плацяць падаткі, а ў краіне цяпер цяжка”. Рэжым тут праводзіць дастаткова хітрую палітыку. Нездарма ж пабудаваная ідэалягічная вэртыкаль, якая якраз павінна займацца тым, каб разьядноўваць людзей. Не аб'ядноўваць, а разьядноўваць.

Знаткевіч: Алесь давайце паслухаем тэлефанаваньне нашага слухача...



Знаткевіч: Ці добра гэты званок ілюструе тое, пра што вы толькі што казалі?

Чыгір: Гэтае тэлефанаваньне ілюструе якраз тое, што гэты чалавек выступіў супраць улады. Гэты чалавек фактычна паказаў недзеяздольнасьць сёньняшняй улады. Адна з асноўных функцыяў улады – фіскальная функцыя, збор падаткаў. Гэты чалавек прадэманстраваў, што ўлада не спраўляецца з гэтай найгалоўнейшай функцыяй. Вось у чым уся прычына. Таму тут праблема не ў прадпрымальніках, а ва ўладзе. У сёньняшняй уладзе ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG