Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На ўсясьветных фондавых рынках працягваецца імклівае падзеньне курсу акцый. Сёньня абрынуліся курсы на азіяцкіх фондавых рынках – у Японіі, у Паўдзённай Карэі, у Ганконгу і ў Індыі.


Крызыс рынку нерухомасьці ў ЗША пагражае перарасьці ў спад амэрыканскай эканомікі, што будзе мець істотныя наступствы для ўсясьветнай эканомікі.

Тыдзень пачаўся з абвалу фондавых рынкаў у Азіі. У Індыі біржавы індэкс абрынуўся на 10% на працягу некалькіх хвілінаў, шанхайская біржа зачынілася з падзеньнем курсаў на 7%, у Сэуле таргі былі спыненыя з прычыны падзеньня курсаў акцый больш чым на 6%, у Ганконгу падзеньне перавысіла 8%. Паводле экспэртаў, прычына падзеньня – чаканьні, выкліканыя крызысам на рынку нерухомасьці ў Злучаных Штатах.

Фрэнсіс Лун, фінансавы аналітык з Ганконгу, лічыць:

“Асноўная прычына ў тым, што фінансавыя рынкі страцілі веру ў амэрыканскую эканоміку, яны чакаюць спаду ў эканоміцы ЗША, чакаюць, што крызыс на рынку нерухомасьці распаўсюдзіцца на ўсе іншыя фінансавыя інстытуты і гэта спараджае панічныя продажы”.

У мінулую пятніцу прэзыдэнт ЗША Джордж Буш абнародаваў плян аздараўленьня эканомікі, які прадугледжваў зьніжэньне падаткаў на 150 мільярдаў даляраў, каб падвысіць пакупніцкую здольнасьць насельніцтва. Буш параўнаў гэтыя меры зь лекам:.

“Уводзячы набор захадаў, якія будуць спрыяць эканамічнаму росту, мы робім своеасаблівую ін'екцыю, каб падтрымаць здаровую эканоміку, каб прадухіліць уплыў праблемаў на рынку нерухомасьці на іншыя сэктары нашай эканомікі”.

Але рэакцыяй на захады, абвешчаныя амэрыканскім урадам, стаў драматычны абвал фондавых рынкаў. Паводле экспэртаў, рынкі не паверылі, што пакет тэрміновых захадаў прэзыдэнта Буша прадухіліць спад.

Пакуль падзеньне курсаў акцый у меншай ступені закранула Эўропу. Аднак, напрыклад, старшыня камітэту міністраў фінансаў краін Эўразьвязу, кіраўнік ураду Люксэмбургу Жан-Клёд Юнкер кажа, што крызыс можа адбіцца і на Эўропе:

“Калі пагроза спаду ці рэзкага запавольваньня росту амэрыканскай эканомікі стане рэальнай, гэта ня можа не адбіцца на тэмпах росту ў краінах зоны эўра”.

Цяпер фінансісты сьвету ў чаканьні глядзяць на Уол-Стрыт. Пакуль не вядома, як адрэагуе амэрыканскі фондавы рынак, учора Уол-Стрыт адпачываў, сьвяткуючы Дзень Марціна Лютэра Кінга. Сёньня таргі у Нью-Ёрку аднаўляюцца.

Якія наступствы фінансавы крызыс можа мець для Беларусі? Паколькі беларускі фінансавы рынак ня надта разьвіты і краіна ня надта прадстаўленая на ўсясьветных фінансавых рынках, то наўпроставага ўплыву ня будзе. У суседняй Расеі, дзе фондавы рынак больш разьвіты, таксама назіраецца рэзкае падзеньне курсаў акцый.

Аднак ня выключана, што ў амэрыканскай эканоміцы сапраўды можа адбыцца спад, больш таго, падзеньне фондавых рынкаў можа яго і выклікаць, як гэта было ў 1929 годзе, калі крах на Уол-Стрыце выклікаў адну з самых буйных дэпрэсіяў у гісторыі ЗША. Істотны спад у амэрыканскай эканоміцы можа па ланцужку выклікаць падобныя зьявы ва ўсім сьвеце, у прыватнасьці, у краінах Эўразьвязу, пра што сказаў спадар Юнкер, і ў Расеі.

Беларуская эканоміка – адкрытая, яна экспартуе значную колькасьць свайго валавога ўнутранага прадукту. Крызыс у яе галоўных гандлёвых партнэраў – Эўразьвязу і Расеі, прывядзе да драматычнага падзеньня попыту на беларускі імпарт, а таксама да скарачэньня іх экспарту ў Беларусь. А гэта ўжо будзе мець для беларускай эканомікі наўпроставыя і вельмі сур'ёзныя наступствы.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG