Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выдатніка Жалезьнічэнку спрабуюць адлічыць з унівэрсытэту


Сёньня прэзыдыюм студэнцкага прафкаму Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны чарговы раз выказаўся за немэтазгоднасьць знаходжаньня ва ўнівэрсытэце моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі.


Паводле вынікаў таемнага галасаваньня, з 12 сяброў прэзыдыюму сямёра пагадзіліся з магчымасьцю адлічэньня студэнта-выдатніка Жалезьнічэнкі з трэцяга курсу матэматычнага факультэту. Цяпер ягоны лёс залежыць ад рэктара ўнівэрсытэту Аляксандра Рагачова.

Зьмітра аднавілі ва ўнівэрсытэце 18 студзеня г.г. на падставе рашэньня суду Цэнтральнага раёну Гомеля. Студэнту ўдалося даказаць, што адлічаны ён быў з унівэрсытэту са шматлікімі парушэньнямі.

Гэтым разам падставай для таго, каб пачаць працэдуру чарговага адлічэньня, стаў мінулагодні выпадак, калі грамадзкага актывіста абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы й непадпарадкаваньні міліцыі, пакараўшы ў выніку 8 суткамі арышту й штрафам.

“Старшыня студэнцкага прафсаюзу Надзея Колтышава зноўку парушае дзейнае заканадаўства. Даваць ці не даваць згоду на адлічэньне студэнтаў павінен прафсаюзны камітэт, а не яго прэзыдыюм”, — кажа спадар Жалезьнічэнка.

Калі да канца дня рэктар унівэрсытэту падпіша загад на чарговае адлічэньне Зьмітра з унівэрсытэту, то, магчыма, ужо заўтра раніцай яго забяруць у войска. Позву на 23 студзеня ваенкамат уручыў моладзеваму актывісту яшчэ на мінулым тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG