Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах Беларусі прадпрымальнікі абмяркоўваюць ініцыятыву аб правядзеньні новых акцыяў пратэсту.


Пра гэта сьведчаць выказваньні лідэраў грамадзкіх арганізацыяў і рухаў, зь якімі гаварыла "Свабода".
У Салігорску на сувязі сябра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандар Цацура. Нагадаю, што напярэдадні ён браў удзел у менскай акцыі. Менавіта спадар Цацура прапанаваў прысутным зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы 18 лютага.
“Тыя, хто быў, зьбіраюцца зноў ехаць. Будзем кожны месяц зьбірацца ў Менску, пакуль не даб’емся свайго. Нікога з нас, вядома, не зламалі, хаця некаторых міліцыянты білі дручкамі. Лічу, што цяпер адно з галоўных пытаньняў у падрыхтоўцы акцыяў пратэсту — гэта агітацыйная праца і інфармацыя, інфармацыя, інфармацыя...”
У Берасьці па-ранейшаму на рынках палова працоўных месцаў пустуе. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў рэгіянальны лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі:
“Прадпрымальнікі кажуць, што хутка ім забароняць прадаваць цыгарэты і піва. Нельга гандляваць абуткам, забароняць каву і гарбату. Сапраўды, трэба інфармаваць людзей. Расказваць ім, што ўказ № 760 сапраўды самы крывавы — у Менску на акцыі ўжо пралілася кроў студэнткі Танюшы Цішкевіч”.
Цяпер — пра сытуацыю ў Барысаве. Там за кратамі ў міліцыі застаецца лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Алег Лыско. Змушаны хавацца ад перасьледу лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. Інфармуе грамадзкі актывіст Міхаіл Васільеў:
“Я мяркую, што 18 лютага акцыя будзе больш шматлюдная. Праблемы яшчэ назапасяцца, у людзей дадасца злосьці. Размаўляў сёньня на рынках. Таксама нашы гандляры скардзяцца, просяць, каб іх сабралі, пагутарылі. Вынікае, што трэба нам усім дзейнічаць. Кожны — у сваёй мясцовасьці. Тады будзе толк”.
Падсумаваць вынікі рэпартажу з Горадні і нашай радыёпераклічкі прашупрадпрымальніка і былога палітвязьня Валера Леванеўскага.
“Прадпрымальнікі паказалі, што яны здольныя абараняць свае правы і інтарэсы. Больш за тое, палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні ўзялі актыўны ўдзел у гэтых акцыях. І самае галоўнае — упершыню цягам аднаго месяца адбыліся некалькі акцыяў, перадусім у цэнтры Менску. І пакуль гэта — толькі пачатак”.
XS
SM
MD
LG