Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Рыгоні прадстаўляе свае ацэнкі Беларусі


Сёньня ў Страсбуры пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы.


Эўрапейскія дэпутаты разгледзяць папярэдні варыянт дакладу пра становішча ў Беларусі. Дакумэнт падрыхтаваў італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні – спэцыяльны дакладчык у справах Беларусі. Ён прыяжджаў у Менск летась у кастрычніку.
Ад Беларусі ў Страсбур запрасілі дзьве дэлегацыі. Афіцыйныя ўлады прадстаўляюць сябры Нацыянальнага сходу Натальля Андрэйчык і Аляксандар Архіпаў, апазыцыю – Вінцук Вячорка і Віктар Карняенка. Абедзьвюм дэлегацыям дадуць магчымасьць выкласьці свае погляды сябрам Паліткамітэту.
На пытаньне “Радыё “Свабода”, пра што ён зьбіраецца казаць эўрапейскім парлямэнтарам, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адказвае:
“Я пачну зь інфармацыі пра масавыя пасадкі моладзі. І пра тое, што цяпер на Акрэсьціна знаходзяцца лідэры прадпрымальнікаў, палітычных партыяў. І таксама моладзь – самая розная.
І што гэта ёсьць дастаткова ясны і недвухсэнсоўны сыгнал афіцыйных уладаў тым у Радзе Эўропы, хто слухаў іхныя байкі”.
Такое ж пытаньне я задаў і старшыні камісіі ў справах заканадаўства і судова-прававых пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Аляксандру Архіпаву. Аднак ён спаслаўся на тое, што яшчэ не знаёмы з дакладам спадара Рыгоні:
“Шчыра кажучы, я яшчэ ня ведаю, што там будзе, як і навошта. А калі ня ведаеш, дык навошта тады казаць. Варажба – гэта ж самая няўдзячная рэч”.
Палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць сёньняшняе паседжаньне ў Страсбуры выразнай прыкметай таго, што ў Эўропе дагэтуль існуе цікавасьць да Беларусі:
“Робяцца самыя розныя спробы хоць неяк урэгуляваць беларускае пытаньне. Зразумела, што і ўлада жадае тут весьці сваю гульню, паколькі яна хоча легітымізаваць свой так званы заканадаўчы орган міжнароднай супольнасьцю.
Калі казаць пра зьмест дакладу спадара Рыгоні, дык той зьмест, зь якім я азнаёміўся, можна назваць даволі стрыманым. Канечне, у ім указваецца на пэўныя парушэньні правоў чалавека, хаця нават з дэклярацыяў спадара Рыгоні бачна, што ён хоча займець сабе, як і шмат хто зь іншых папярэдніх перамоўшчыкаў, ляўры чалавека, які знайшоў вырашэньне беларускага пытаньня. Хаця яно не такое ўжо і простае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG